Працавала бібліёграфам бібліятэкі-філіяла № 1 імя Якуба Коласа Наваполацкай ЦБС.
КУПАЛІНКА
У светлы воблік Купалінка
Красу роднай прыроды ўвабрала:
Сонца моц і кволасць былінкі –
І беларускі стала ідэалам.
У легендах, паданнях яна –
Найцудоўнейшы вобраз у свеце,
У вяках Купалінкі імя
Нам Папараць-кветкаю свеціць.
"ВУВУЗЕЛА"*
Жарт
Зусім жонка ашалела,
Што дзецца ў хаце!
За ўсё мілей ёй вувузела
На чэмпіянаце.
Парсючок вішчыць галодны,
Мыкае кароўка...
А ёй толькі: "Забіў Форлан!
Ды яшчэ так лоўка!"
Так два тыдні адсядзела –
Смяяліся суседзі:
"Няўжо твая "Вувузела"
І ў Афрыку паедзе?"
Калі судзілі матч не так –
На ўсю моц "дудзела".
Сам упэўніўся, бядак,
Не Вольга – "Вувузела"!
...А як забілі апошні гол –
Абняла так смела! ...
Блаславіў я той футбол,
Мая ж ты "Вувузела"!
*Вувузела – дудка, з дапамогай якой заўзятары на чэмпіянаце свету па футболе ў ЮАР бесперапынна выражалі свае эмоцыі.
"СВЕЧАЧКА"
Апавяданне ў дыялогах
– Божа ж, мой божа! Ляжыць маладзенькая... Жыць бы ды жыць! Вайна скончылася.
– Стаяла, як свечачка.
А ўсё з перапуду.
– Столькі перанеслі, столькі смерцяў, а тут... сэрца не трывае, шкада вельмі.
– І не гавары. Хай яна спрахне гэта вайна!
– А Марыля ж крыжам ляжыць, не варушыцца. Нават, калі два сыны без вестак прапалі, а трэцяга забілі – трымалася. Як каменная стала. А трымалася.
– Матка, ведама ж. Жыць было трэба. Дачушак гадаваць. Во гэтую Верачку, Соню, а Волька ж зусім малая.
Вунь вытыркаецца з-за печы і лыбіцца. Дзіця горкае, што б разумела. Гэта ж яе ратавала, перапужалася Вера. Немцы з сабакамі, а яны захінуліся ў кустах у яміну. Вера Вольку сваім целам прыкрывала. Страляніна, брэх. Каб не налёт, сабакі парвалі б. Злыя дужа.
– Што немцы, што сабакі! Лютавалі ў блакаду.
– Канец адчувалі. Яна, Вера, далікатная вельмі была і прыгожая. Ёй бы ў палацы якім жыць, а не тут, у самым пекле.
– Ляжыць як анёлак, у вясельным. Усю вайну берагла, збіраліся да шлюбу. Цяпер – хрыстова нявеста. А была ж Васева. Як кахаліся!
– Цішэй вы ! На хаўтурах...
– Ён жа на спатканне бег, каб на хвілінку ўбачыць. На яе вачах, лічы, схапілі... А потым іх ў Будзькаўшчыне, ўвесь лагер, спалілі. Колькі смурод трымаўся... Як крыху вецер узнімецца, паленым цягне.
– Яна ад гэтага прытомнасць траціла.
– А можа, каб Марыля ў партызаны адпусціла, жывымі б засталіся.
– Як жа пусціш – сыноў страціла. Баялася за яе.
– А брэх сабачы, як пачуе, дрыжыць, Вольку хавае. Адыдзе, а потым зноў ... Так і стаяла.
– Я ж і кажу "Свечачка". Няхай ёй пухам зямелька будзе!
ДОЎГАЧАКАНАЯ ПАДЗЕЯ
Гумарэска
Вонкі застольны гул з кватэры Філімончыкаў вырываўся паступова. Напачатку ў адчыненую фортку даляталі асобныя, яшчэ досыць змястўныя выразы: "З васемнаццацігоддзем цябе, Васіль Захаравіч. З паўналеццем, дарагі!".
Праз якую гадзіну вокны былі расчынены насцеж і вяселле выкацілася на вуліцу. Гулялі з размахам.
Здзіўленыя жыхары нашага ціхага завулка збянтэжана пераглядваліся. А расчырванелыя госці, з Філімончыкам у цэнтры, распявалі на ўвесь голас: "Не сядзіцца дома ў 18 год...".
Суседзі губляліся ў здагадках: з якой нагоды гулянка і прычым тут 18-годдзе? Філімончыкам разам за сотню, бадай.
Жыло гэтае сямейства ціха, непрыкметна. Пасяліліся яны ў завулку гадоў дзесяць таму назад. Жылі так: ні яны да суседзяў, ні госці да іх. Нават бабуля Нюра, спецыяліст па замочных шчылінах, нічога не магла распавесці.
Філімоніха дзень пры дні тырчала ў кіёску на вуглу, а вось дзе працаваў яе муж – ніхто не дазнаўся. Крадком праціснуўся ён па завулку з нязменным "дыпламатам" раніцою, вяртаўся дадому прыцемкамі. Але не чувалася, каб з-за гэтых затрымак жонка вярэдзіла сваю нервовую сістэму.
"Інтэлігенты", – падсумавала бабуля Нюра. Больш імі ніхто не цікавіўся.
І раптам такая гулянка ў наш цвярозы час!
Між тым Філімончык, абхапіўшы як закаханы мажнага мужчыну, даводзіў гучна: "Не сумнявайся Пятровіч, з заўтрашняга дня па паўтары-дзве нормы даваць буду. Працаваць я магу. Абставіны не дазвалялі. Во, жонка можа падцвердзіць. Хадзі сюды, любая! Скажы, колькі я табе на індывідуальных заказах наслясарыў? Вось, бачыце! Удвая больш, чым па ведамасці выходзіла. А цяпер – на вытворчасці перадавіком стану!".
Згледзеўшы суседзяў Васіль Захаравіч раскрыліў рукі: "Заходзьце, даражэнькія! Такая радасная ў мяне падзея! Столькі год чакаў, а цяпер і пажыць можна...".
– Дык, а што..., ... якая прычына? – падалі галасы суседзі.
– Маім двайнятам па 18 сёння стукнула. Аліменты больш плаціць не трэба!
І радасны Васіль Захаравіч падхапіў пад руку жонку і паклікаў гасцей і суседзяў за сабою ў хату.