• Уладзімір Асокін
  • Icon 01
  • Icon 01
  • Icon 01
  • 22
  • 21
  • 17
  • 23
  • 14
  • 24
  • 15
  • 19
  • 20
  • 25
  • 26
pero-2Polozova L

 

Полазава Лідзія Васільеўна (1956–2016). У 1987 годзе скончыла Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці бібліятэкар-бібліёграф. Жыла і працавала ў г. Наваполацку. Узначальвала сектар мастацтваў Цэнтральнай бібліятэцы імя У. Маякоўскага ЦБС г. Наваполацка. З'яўлялася членам народнага літаратурна-музычнага калектыву "Крылы".

Вершы пісала на беларускай мове. Друкавалася ў газетах "Патрыёт", "Новая газета", зборніках "Святло Перамогі", "Вдохновение", альманаху "Крылья", "Зелёная лампа", у другім томе калектыўнага зборніка "Подыхам адзіным" альманаха "Гоман".

 


ДУША МАЯ

Душа мая – дзіўнае донца, 

Ад шчасця свеціцца сонцам.

У горы цямнее ночкі,

Чарсцвее, дранцвее моўчкі.

 

Палае, бушуе, сцюжыць,

Нямее, крычыць і тужыць.

Увысь узляцець імкнецца,

Крыўдай яна адзавецца.

 

Галосіць, смяецца, губіць.

У запале з пляча рубіць.

Задрэмле яна, здаецца,

То холадам абліецца.

 

Ільды растапіць бярэцца,

То ў пятках зноў апынецца.

Адкрытаю кнігай стане,

А то – баліць у растанні.

 

Душа мая – дзіўнае донца,

Ды любіць яна бясконца.

 


МАТУЛІНА ПЕСНЯ

"А ў лузе зеляненькім

 рвала ўдова лён драбненькі..." –

 

Мама спявае. 

Голас пяшчотна

Звоніць званочкам,

Плыве ручайком,

Думкі чаруе,

З сэрцайка рвецца,

Сумам агорніць,

Душу закране.

Песня ляціць і

Вітае прасторы,

Будзіць сасоннік,

Звініць у Старыне.

То заблукае,

То разліецца,

Маміна песня

Чакае мяне.

 


РОДНАЯ МОВА

Вы паслухайце родную мову:

Жаўруковаю песняй звініць...

Колькі фарбаў, адценняў у слове!

Як пявуча ліецца-гучыць!

 

Васількамі, рамонкамі шэпча

У квяцістых, раздольных лугах.

Гулкім рэхам гамоніць у зарэччы,

Салаўінаю трэллю ў гаях.

 

То шчымліва, журботна галосіць,

То вясёлкай над борам плыве.

Так у госці ласкава запросіць,

Так бяседу гасцінна вядзе!

 

Хай жа іскрыцца сонцам вясеннім,

Спелым коласам нівы шуміць!

У карагодзе кружыць вясельным

Веру, мова мая – будзе жыць!

 

Мілагучная і ласкавая!

Не згубілася ў цемры вякоў.

Мой святы пасаг, мая спадчына –

Мова родная, мова бацькоў!

 


ЗАЛАТАЯ САЛОМКА

Хлеб і салома – дары нашы божыя,

Вас шанаваў беларус тут здаўна.

Хатнім убранствам, дзівосамі гожымі

Цуда-саломка служыла спаўна.

 

Яна ўвабрала сонейка гранне,

Лёгкую, чыстую нітку зары,

Светлую зелень у час красавання,

Бляск залацістай асенняй пары.

 

Дух замірае ад той прыгажосці!

Сэрцы ў палоне, не адвесці вачэй!

Зачараваны заморскія госці!

Раз завітаўшы, прыходзяць яшчэ.

 

Чары-дзівосы роднага краю

Тоіць у сабе наша маці-зямля.

Творы майстроў Беларусь услаўляюць,

Па іх пазнаюць беларусаў здаля!

 


КАБ ПОМНІЛІ

Памяці майго бацькі

Васіля Іосіфавіча Кальверша

На досвітку, вясеннім, росным ранкам,

Па ніве, баючыся цішыні,

У лес ішлі за бацькам-партызанам

Малыя шчэ падлеткі – тры сыны.

 

Ад чорнай зграі і ліхой навалы

Схавацца дома так і не змаглі:

На зрашачонай аўтаматам столі,

Фашыст пакінуў першыя сляды.

 

Наказ няпросты ў цяжкую гадзіну

Сынам сурова бацька вынасіў:

– Ніякага каб плачу, стогну, болю...

Цярпіце, партызаны. Цяжка ўсім.

 

І заміралі сэрцы, і дрыжэлі,

Сціралі слёзы ціхенька з вачэй.

І куталіся ў цёплыя ватоўкі,

Ад вёскі адыходзячы хутчэй.

 

Брыгада Дубава. Рэйды-пераходы

І аперацый баявых шляхі,

Паліты шчодра потам і крывёю,

Дажджом свінцовым высланы сляды.

 

Ад смерці ратаваліся ў балотах,

Ніц падалі – не ўзняць і галавы.

Ды ізноў наперад хутка ўставалі –

Кальцо блакады разарваць змаглі.

 

І нават рэчка плакала крывёю,

Ад ран стагнала родная зямля.

Змяшаліся тут лёс людскі з бядою,

Народны гнеў, пакуты і вайна.

 

Пятнаццацігадовым быў мой бацька

Тут, у блакадным пекле, у бядзе.

І бачыў смерць дзіцячымі вачыма,

З усімі мёрз у ледзяной вадзе.

 

Пра партызан і той прарыў блакады,

Каб помнілі, не раз распавядаў.

Сабе ён не прысвоіў чужой славы,

А славіў тых, з кім побач ваяваў.

 

Ды толькі сны спакою не давалі:

Там крыкі, стогны, смерць і куляў свіст.

Ды толькі ноччу ногі данімалі,

Не ведаў, дзе падзець ад болю іх.

 

Нямала там было такіх падранкаў.

Хто ім лічыў гады на той вайне?

З дарослымі хадзілі на заданне,

Жыццём рызыкавалі нараўне.

 

На памяць сваім дзецям і ўнукам

Святы пакінуў бацька запавет:

– З народам разам у цяжкую гадзіну

Здабыў вам Перамогу і ваш дзед!

 


ПЕРШАЕ КАХАННЕ

Першае каханне

Дзіўнае якое!

З вечара да рання

Не знайду спакою.

 

Думкі-паланянкі

Мітусяцца роем:

– Каб не здагадаўся,

Не хадзіў героем.

 

Першае спатканне

Самае святое –

Сэрцаў хваляванне

Слухаем абое.

 

Першае прызнанне

Кволае такое,

Як вясны дыханне,

Слова трапяткое.

 

Першы пацалунак

Ой, які саромны!

Світанак незабыўны

І такі чароўны!

 

Захаваны ў сэрцы,

Недзе там, глыбока,

Толькі адгукаецца

З дальняга далёку.

 


ЗАКАХАНЫМ 

Шчыруе салоўка ў чаромхавым гаі.

Гімны на зорцы каханню складае!

Салоўка спявае, ды хлопцу не спіцца.

Ледзь вочы прыкрые, яна яму сніцца.

 

Каб чыстыя мары каханых збыліся,

Каб разам навекі яны засталіся,

Бытуе ў народзе такая прыкмета,

Верце, не верце, каханыя ў гэта:

 

Нагледзьце галінку, дзе сеў салавей,

Яе на спатканне нясіце смялей,

І дзеўчыне любай, нібы неўпрыкмет,

Дарыце салоўкі чароўны букет.

 

Ледзь дакранецца яна да галінкі –

Растаяць на сэрцы адразу ільдзінкі.

З прызнання твайго яна рассмяецца,

Ды сэрца насустрач каханню ірвецца!

 

Салоўка спявае, а я сну не маю,

Вяселле гуляю! Вяселле гуляю!

Бытуе ў народзе такая прыкмета,

Верце, не верце, каханыя ў гэта.

 


НЕРАЗУМЕННЕ

Восень душы. Прыкра.

Прагнеш цяпла звыкла.

Холадна. Іскра тухне.

Сэрца тваё глухне.

Лёгка цяпер здрадзіць –

Не проста пасля згладзіць.

Кажаш, табе верыць?

Толькі жыццё праверыць.

 


Каханнем поўнілась прастора – 

Гэта ўчора,

учора.

Сэрцы гарэлі, душы спявалі –

Мы так кахалі,

кахалі.

Не заўважала, што цэліш у спіну

У тую хвіліну,

хвіліну.

Маланка сляпіла вочы

Той ноччу,

ноччу.

Знянацку абарваліся струны,

Аглушаны рэхам пяруна,

пяруна.

Мелодыя затоена маўчыць...

Слязьмі-брыльянтамі

рассыпалась трывога. 

І больш нічога,

нічога...

 


СНЕГІРЫ

Пад белай кудзеляй схаваліся хвоі.

Лапкі ялінак дрэмляць у спакоі.

Ды дзіва – дзівоснае скуль узялося?!

Мячык чырвоны павіс, мне здалося.

 

На крохкай галінцы, марозам спавітай,

Вунь, зіхаціць мандарын сакавіты.

Ды ён не адзін! Там другі, бачу трэці!

Хто ж упрыгожыў крыштальнае вецце?

 

Мо гэта забавы царыцы-зары?

Шух... стайкай ўзняліся ўвысь снегіры!

 


ВЯСНА

Неба, неба, небасхіл

Хустка васільковая!

Пакацілася клубком

Сонейка вясновае!

 

Разматала промні-ніткі,

Паскідала на раллю,

Каляроваю вясёлкай

Упрыгожыла зямлю.

 

Заіскрылася, заззяла

Мяккім золатам яно

І з вясёлаю ўсмешкай

Зазірнула мне ў вакно.

 

Наваколле заспявала,

Зазвінела, загуло,

Зацвіло, закрасавала,

І зайграла – ажыло!

 


БУДЗЬЦЕ, ВОЧКІ, ЯК ПРАЛЕСКІ! 

– Будзьце, вочкі, як пралескі! –

Матуля казала,

І букецік першых кветак

Да іх прыкладала.

 

– Будзьце, вочкі, як пралескі!

Назіраць было цікава:

У гэтыя хвіліны

Ружавелі яе шчокі,

 

Бы ў тае дзяўчыны.

І праменьчык жыватворны

У вачах іскрыўся,

І вясенняю ўсмешкай

 

Твар яе свяціўся.

Што за сілу-чараўніцу

Сінявочка, маеш?!

Што за сілу-таямніцу

 

У сабе хаваеш?!

Сілай новай, неадольнай

Глыбы прабіваеш,

І зіркастая, жывая,

Сонейка вітаеш!

 

– Сіла ў водары вясновым.

Моц у зямельцы роднай.

Жыцця новага аснова,

Знак высакародны!

 

Будзьце, вочкі, як пралескі!

 


ДОЖДЖ

Дождж цыбаты і касы

Б'е па дрэвах, бы ў бубен.

Хоча змыць усю красу

З ясеня, бярозы, дуба.

 

То падхопіць коўш вады,

Пройдзецца па дрэве,

То гарохам сыпане

У вялікім гневе.

 

На падмогу прыляцеў

Шчэ шалёны вецер.

Калашмаціць і трасе

Усё на белым свеце.

 

Надакучыла – крычу, –

Наступай жа, просінь!

Толькі чую ў адказ

Гэта восень, восень,

Восень.

 


КЛЁН

За акном маім расце,

Гушкае аблокі,

Нібы хлопец малады,

Клён чырвонашчокі.

 


ВОСЕНЬ

Надакучыла восені

Паннай быць залатою,

Пажадала застацца

Дзеўчыной маладою.

 

Той калінкаю кволай,

Сумнай і закаханай,

Прыгажуняй рабінай,

У каралі прыбранай.

 

Палявою бярозкай,

Віхраста прычэсанай,

І той песняй журботнай,

У вырай панесенай.

 

Адкупілася восень

Дарагімі дарамі.

Развіталася з просінню

Праліўнымі дажджамі,

 

Туманамі грыбнымі,

Вятрамі галоснымі,

Кучаравымі хмарамі

Ды скрыпучымі кроснамі.

 

Да наступнага году!

Да багатага ўроду!

Да ўбораў мядзяных!

Да вяселляў жаданых!

 


БАРАВІК

Зазірні ты пад ялінку,

Вушлы, вопытны грыбнік.

Бач, які стаіць пузаты

Растаптанік – баравік!

Успацеў, як лез з-пад моху,

Лісцік прэлы – прэч далоў!

– Прыгажун! – грыбнік аж вохкнуў –

Лезь у кошык да сяброў!

 


ТЫ НАВАПОЛАЦКАМ ДАРАЖЫ!

З працай абвенчаны

Горад мой родны.

Авеяны славай

Яго рубяжы.

Дзвінскія хвалі

Ласкава спяваюць:

– Ты Наваполацкам даражы!

 

Славу бацькоў мы

Памножым з табою.

Светлыя мары – не міражы.

Справы – святыя,

Мы – маладыя.

– Ты Наваполацкам даражы!

 

Колькі шчаслівых

Пражыта тут лёсаў...

Наша каханне

І ты зберажы.

Колькі ўжо вёсен

Удалеч мы крочым...

– Ты Наваполацкам даражы!

 

Куды б ні паехаў,

Далёка ці блізка,

Якія б не зведаў

Жыцця віражы,

Ты пакланіся гораду нізка!

– Ты Наваполацкам даражы!

 


ЛЮДМІЛЕ КІСЯЛЁВАЙ, СЯБРОЎЦЫ ПА ПРАЦЫ

Вочы – вішні спелыя

Зоркамі іскрацца.

Можа Богам дадзена

Людзям падабацца?

Дабрынёй напоўнена,

Светлая душою,

Неяк дужа цёпленька

Побач быць з табою.

Шчасця табе, радасці,

Квецені вясновай.

Хай будзе каханне

У жыцці асновай!

 


ЗНАЙДЗІ МЯНЕ, МАМА!

У прытулку дзіця паглядае ў аконца

І пытанне адно задае ўсім бясконца:

– Калі прыйдуць за мной мае мама і тата?

Мяне кінулі тут. Чым жа я вінаваты?..

Шукаюць, чакаюць, крычаць вачаняты:

– Знайдзі мяне, мама, я не вінаваты!

 

Як патрэбна вада, каб прыжыліся кветкі,

Доўг бацькоў, каб цяплом саграваліся дзеткі.

Чуць павінны яны і ўначы, і ўранку,

Як матуля спявае ім калыханку:

– Баю- бай. Баю-бай. Люлі-люлі...

Ці пачулі вы гэта, матулі?!