• Уладзімір Асокін
  • Icon 01
  • Icon 01
  • Icon 01
  • 22
  • 21
  • 17
  • 23
  • 14
  • 24
  • 15
  • 19
  • 20
  • 25
  • 26
pero-2Belskaya I

 

Ірына Бельская, паэтка. Нарадзілася ў 1989 годзе ў вёсцы Чарневічы Глыбоцкага раёна. Скончыла Чарневіцкую сярэднюю школу, факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя М. Танка. Працавала ў бібліятэцы імя Я. Коласа ЦБС г. Наваполацка. Піша вершы і размаўляе на беларускай мове. Лаўрэат паэтычных конкурсаў «Наша ніва», прысвечанага Дню зямлі 2005 г., конкурсу Віцебскага аддзялення СБП, прысвечанага 125-годдзю Я. Коласа і Я. Купалы. лаўрэат літаратурных прэмій «Залаты апостраф», прэміі часопіса «Дзеяслоў» за лепшы дэбют. Друкавалася ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць» і іншых перыядычных выданнях.

Вершы Ірыны філасофскага напрамку. Адначасова жаночыя, пра каханне. Сусвет кахання, апаэтызаваны мастацкім словам, з'ява незвычайная, тонкая, таямнічая. Ірыне ўдаецца перадаць гэты сусвет без фальшы, шчыра. Адрозніваецца паэзія Ірыны Бельскай свежымі метафарамі, нечаканымі параўнаннямі. А таксама сучаснай манерай увасаблення самых розных пачуццяў чалавека, духоўнай заглыбленасцю.

Ірына таленавітая не толькі ў паэзіі, яна добра спявае, чытае вершы. 

 


Мае небакрылы –

Крылы неба.

Ці крылы – неба.

А небакрылы –

Мае ці неба крылы?

 


АДКРЫЦЦЁ

Здаецца, такое было,

Я ўжо адчувала гэта:

Над сэрцам – святло й цяпло.

Пад сэрцам – квітнее лета.

Здаецца, гэта жыццё.

Здаецца – нібы дарога.

І вось яно, адкрыццё –

На сэрцы

                  няма

                             нічога.

 


Лекі п'юць мяне ўсё часцей –

Хутка лекі мяне ўсю вып'юць.

Я – для лекаў і для гасцей,

Я – уночы на поўню выю.

А як з неба знікае поўня –

Хочаш вер мне або не вер –

Прылятае анёл-ахоўнік.

І ўцякае мой дзікі звер.

І цяпла майму зверу мала.

Добра, што гэтай ноччу хоць

Я анёла ў рай паслала –

Як захочаш павыць – заходзь.

 


Лета скончылася хутка –

Цыгарэтай-самакруткай

Абгарэла, абагрэла,

Дагарэла і растала.

Сябра аднаго сустрэла,

Іншаму – сяброўкай стала.

Сябар знік – і той, і гэты...

Не палю я цыгарэты!

 


Восень тузае за спадніцу,

Бы дзіця тое, вінавата.

– Восень! Хутка ідзі дахаты:

Лепш з вячэраю не пазніцца.

Восень тупае з парасонам,

Лісце ўскідвае босай ножкай –

Неяк смешна і дзіўна трошкі

Назіраць адвячоркам сонным:

Я спяшаюся павячэраць.

Восень тузае за спадніцу.

Адпускаю сваю сініцу

Гэты момант пражыць яшчэ раз.

 


Праз хвіліну узважаць вечнасць

Шалі.

Хто накіне на стылыя плечы

Шалік?

Рукі люты холад цалуе.

Ды ногі

Безупынна канца пільнуюць.

Дарогі,

Дзе адмаўляюць упарта

Грошы.

Хоць бы сёння было за заўтра

Горшым.

Будзе шалік, і цёпла зімою

Стане.

Хто апошні станцуе са мною

Танец?

 


«Мілы дружа, чаму ты плачаш?»

«Я не плачу даўно – я выю», -

і ўпіўся зубамі ў шыю.

Ў вочы глянула – сын сабачы.

Я сустрэлася з ім тамсама,

абшчапіла яго за плечы.

Ў вочы глянула – чалавечы!

Што ні ёсць – чалавечы самы.

 


Я снег люблю яшчэ таму,

Што ён прывёў з сабой зіму.

Скажы, няўжо я вінавата

У тым, што снег халаднаваты?

Бо так бывае, не іначай.

І снег не можа стаць гарачым!

...Ды добры быў тады ўрок,

Калі мне сэрца снег апёк.

 


А ты гаворыш: «Выбірай

Нарэшце: я ці твае вершы».

І гэтак кажаш ты не першы,

І я адказваю: «Бывай».

Ты просіш: «Можа, да сустрэчы?

Я, можа, боль перацярплю?»

А я цябе хоць і люблю,

Ды больш за ўсе люблю я вершы.

Ты мусіш адказаць: «Даруй».

І вымушана я прабачыць.

Ды гэта ўсе-такі не значыць,

Што словы я назад бяру.

Ты кажаш: «Што ты больш умееш?

За кожны шматпакутны верш

Ты сэрца нейчае ірвеш...»

А я кажу: «Не зразумееш...»

Ты мне гаворыш: «Не глядзі

Сваімі светлымі вачыма!»

А я кажу: «Ты малайчына».

А потым дадаю: «Ідзі!»