Ларкова Ніна Лявонаўна нарадзілася 1 кастрычніка 1956 года ў вёсцы Межыёва Талачынскага раёна. У 1982 годзе закончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Працавала заатэхнікам у Лёзненскім і Віцебскім раёнах. У 1988 годзе прыйшла на працу ў Валасоўскую сельскую бібліятэку –філіял Віцебскай раённай ЦБС на пасаду бібліятэкара, затым пераведзена загадчыцай Сасноўскай сельскай бібліятэкі, у якой працуе ў цяперашні час. Цікава склаўся лёс гэтай сціплай жанчыны, якая ў поўнай меры праявіла свае творчыя здольнасці на ніве бібліятэчнай працы. Камунікабельнасць, ветлівасць, цікавасць і павага да сяльчан дапамаглі ёй раскрыць свае арганізатарскія здольнасці, падняць масавую работу на новы ўзровень. Вакол Ніны Лявонаўны склаўся касцяк актыўных чытачоў , якія падтрымліваюць кожнае добрае пачынанне з боку бібліятэкі: ці гэта валачобнае калядаванне, свята вуліцы, ці велапрабег па мясцінах былых баёў альбо паход па гістарычных мясцінах краю. У склад краязнаўчага клуба "Пошук" увайшлі дзеці з неблаганадзейных сем'яў і гэта мела станоўчы вынік у справе выхавання. Сама Ніна Лявонаўна маці траіх ужо дарослых дзяцей . А нядаўна стала бабуляй. Унук Матвейка стаў героем яе верша. Сярэдняя дачка Насця прадоўжыла справу маці, яна працуе бібліятэкарам у Віцебскай раённай бібліятэцы.
Ніна Лявонаўна, маючы неардынарную, паэтычную натуру, выказвае ў сваіх творах ўсю сваю любоў і пяшчоту да роднай прыроды, да роднага краю, сваёй маці, сваёй сям'і. Гэта дае ёй сілы і творчае натхненне.
ЛЕТНІ ВЕТРЫК
Гарэзлівы ветрык лёгкім парывам
Прайшоўся па дрэвах, па полі, па нівам.
Вальготны, гуллівы, ласкавы, шумлівы,
Узняўся ў неба і долу імкліва.
Аблашчыў стракатыя кветкі і зёлкі,
Зрабіў на імгненне з расінак вясёлку,
Жартуючы, пыл закруціў у віхуры,
Па гладзі азёрнай прайшоўся ажурам.
Патрос медуніцу з пчалой-працаўніцай,
Рассыпаўся смехам, упаў ля крыніцы.
Прылёг, затаіўся. Не бачна, не чутна.
Заціхла прырода, шэпат магутны.
І толькі крыштальнай вады перазвон,
Ды птушкі шчабечуць, спяваюць. А ён
Раптам узняўся шчаслівы, смяшлівы.
А ну даганіце, злавіце задзіру!
Ды дзе там дагоніш?! Пад ветразем белым
Імчыцца той ветрык і хутка, і смела.
Жартуе, спявае, танцуе ён зграбна:
Так хораша ветру, так весела, вабна!
Ветрык-вятрыска – прыроды дзіцяці,
Як сынку малодшы – любімчык у маці:
Пéстун няўрымслівы, жэўжык свавольны,
У розных праявах – нястомны і вольны.
НЕБА РАДЗІМЫ
Над маёю Радзімай
Блакіт неба глыбокі,
Як паглядам акінуць –
Небакрай сінявокі.
Нада мною высоты,
Ляцець вабяць, як птушку,
Абяцаюць палёты,
На аблоках пагушкаць.
Узлячу я ў прасторы,
Дзе свабода і вольнасць,
А вышэй толькі зоры...
Ах, якая бяздоннасць!
І напоўніцца сэрца
Трапяткім адчуваннем,
А душа адзавецца
Да Радзімы каханнем.
Я жыву ў Беларусі,
Тут маё ўсё да донца.
Гэтым я ганаруся
І ўдзячна бясконца.
Над маёю Радзімай
Сінь нябёс непаўторна.
Прыгажосцю адзінай,
Чысцінёй бездакорнай.
СЭНС ЖЫЦЦЯ
Шукаем сэнс жыцця.
Мазгоў паломана нямала.
Чаго жывём, за чым прыйшлі? –
Не раз пытанне паўставала.
Вучоныя, філосафы і так
Люд просты і не навуковы.
Трактуюць думку так і сяк
І робяць розныя высновы.
Вось толькі сціхне інтарэс,
Уляжацца цікаўнасць ціха,
Як зноў старонкі СМІ
Падымуць новую шуміху.
Сядзіць на прызбе дзед Ахрэм
На сонейку з вясны ў весну:
"І што іх носіць нейкі хрэн?
Жылі б сабе без тога сэнсу.
Раней, бывала, мы жылі,
Садзілі, сеялі, аралі,
Расцілі дзетак на Зямлі.
Жылі і сэнсу не шукалі.
Як нас бацькі, так мы дзяцей
Вучылі запаветам Бога...
Жыць для сябе і для людзей –
Вось вам і сэнс, мае нябогі!"
МАТВЕЙКА
Няўрымслівы хлопчык унучак Матвейка,
Маленькія ножкі бягуць і бягуць,
Як быццам маторчык, прапелерчык нейкі
Ніводнай хвілінкі сядзець не даюць.
Усюды па-свойму Матвей гаспадарыць:
"Ну, што за парадкі? Цыбуля не там.
А бульбу сюды. Бабуля паварыць
У місцы катовай: і коцю, і нам.
Мама Матвейкі змарылась, прысела,
Ад ранку пароблена тысяча спраў.
Дык, думаеш, многа яна пасядзела?!
З прыхожай данеслась жалобнае: "Мяў!!!"
Цікаўны, пытлівы. Усё трэба бачыць,
Усюды дабегчы, усё паглядзець,
Матуліны справы зрабіць, перайначыць,
Татулевы боты прымерыць, надзець.
Стаім ля пліты. Кажу: "Супакойся.
Сядзі, не круціся, малочны збяжыць".
А ўнучак-круцельчык смяецца: "Не бойся!
Паспеем крутнуцца і суп ухапіць".
Для дзеда і бабы такая праява –
Найлепшая радасць, на сэрца бальзам.
Глядзім на любімага ўнука ласкава:
Якая пацеха падорана нам!