• Уладзімір Асокін
  • Icon 01
  • Icon 01
  • Icon 01
  • 22
  • 21
  • 17
  • 23
  • 14
  • 24
  • 15
  • 19
  • 20
  • 25
  • 26
pero-2Syncariova Ya

 

Сынцарова Людміла Пятроўна (1949–2010). Скончыла філалагічны факультэт Магілёўскага педінстытута, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, бібліятэкарам Высокаўскай сельскай бібліятэкі Аршанскай РЦБС, была кіраўніком літаратурнага аб'яднання мясцовых паэтаў "Натхненне".

 


БАЦЬКОЎСКАЯ ХАТА

Вось і ўсё. Не ўстаць, не падняцца

I не сцішыць ля ганку хады,

Апусцела бацькоўская хата,

А была ж такой люднай заўжды.

Там багацця няма, толькі кніжкі –

Іх, як золата, мы бераглі,

Тут любілі ўсіх, нават мышкі

3 катом Мурзікам у дружбе жылі,

Не разбудзіць ужо на світанні

Пах матуліных смачных бліноў

I не трэба чакаць з палявання

Бацьку з сумкай лісіц і зайцоў.

Цеплыней мяне хата атуліць,

Усміхнуцца мне лямпачкі - вочкі,

На старэнькай сукенцы матулінай

Усе цвітуць васілёчкі.

 


Не заві. Не прасі. Не вярнуся.

Нават выкраслю з сэрдца той дзень,

Калі неслі на крылах нам гусі

Красавіцкага сонца прамень.

Не чакай. Не прыду. Не напомню,

Што калісці каліна цвіла,

Усміхаўся нам месячык поўняй,

А за рэчкай альтанка была.

Не пішы. Не звані. Не патрэбна

Больш машыну тваю сустракаць,

I па першаму снегу - срэбру

Да цябе на спатканне ўцякаць.

Не збылося. Напэўна, так трэба,

Каб над намі смяяўся наш лёс,

Ды ніжэй апусцілася неба,

Калі ты мне ключы прынёс.

 


ПАПЯЛУШКА

Адзавіся, мой прынц, адгукніся,

Ты ўжо, пэўна, стаў каралём!

А чаравік мой згубіўся ў жыце,

Калі бегла я ўслед за канём.

Ты па вёсцы праехаў пад вечар,

Усміхнуўся адной толькі мне.

Ды схапіў мяне нехта за плечы,

Не пусціў на каня да цябе.

Я ўслед табе доўга глядзела,

Аж пакуль не ўзышоў маладзік!

I была б я даўно каралевай,

Каб знайшоўся тады чаравік.

 


ВЕРАС ЦВІЦЕ

А ў лесе зноў верас цвіце,

Значыць – восень зусім недалёка,

Хітра – хітра з травы падмігне

Прывід – кветка – вароніна вока.

 

Ах, як хораша верас цвіце!

I ўсё бэзавым стала навокал,

Нават мокры туман, што паўзе,

Як пачвара, над сонным балотам.

 

Светла, утульна, бо верас цвіце,

Пахнуць сцежкі грыбамі апошнімі,

Вецер лісце старанна мяце

I жартуе з высокімі соснамі.

 

Не, не бэз – сціплы верас цвіце,

Не баіцца зімы і марозу,

Павучок той арэлі спляце

I гушкаецца дзень на бярозе.

 

Ну, й няхай сабе верас цвіце,

Ды цямнее не ў дзесяць, а ў восем,

I дрыжыць чарацінка ў рацэ,

Значыць – восень ужо.

Значыць восень...