Віцебская абласная бібліятэка ў Пакроўскай канферэнцыі: духоўная асвета і краязнаўства
- Details
- Створана 05.11.2024 12:22
Пакроўская гісторыка-краязнаўчая навукова-практычная канферэнцыя, арганізаваная ў рамках рэгіянальнага этапа Міжнародных і Рэспубліканскіх Калядных адукацыйных чытанняў, прайшла ў Віцебску.
Мерапрыемства ініцыіравана аддзелам рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі, аддзелам адукацыі Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта і Віцебскім гарадскім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Супрацоўнікі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна актыўна ўдзельнічалі ў рабоце журы канферэнцыі.
Першы дзень 30 кастрычніка быў прысвечаны тэме «Праваслаўнае краязнаўства на зямлі Віцебскай», дзе бібліятэкар Кацярына Панкевіч ацэньвала выступленні старшакласнікаў і студэнтаў Віцебскай духоўнай семінарыі ў рамках Віцебскай гарадской дзіцяча-юнацкай канферэнцыі.
Выступленні педагогаў і музейных супрацоўнікаў на тэму «Духоўна-маральнае развіццё і адукацыя як аснова выхавання грамадзяніна і патрыёта Беларусі» ў другі дзень 31 кастрычніка ў складзе журы ацэньвала загадчык агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая.
Канферэнцыя сабрала больш за 45 чалавек, якія ў сваіх дакладах праявілі цікавасць да гісторыі сваёй краіны і абмяркоўвалі актуальныя пытанні духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.
Таццяна Патоцкая прадставіла мультымедыйны праект «Святые покровители Витебщины», створаны ў рамках праграмы «Живое слово мудрости духовной». Гэты электронны рэсурс закліканы стымуляваць новыя краязнаўчыя даследаванні і паглыбіць веды моладзі аб праваслаўнай культуры, гісторыі і традыцыях рэгіёна. Даступнасць інфармацыі дапамагае даследчыкам раскрыць унікальныя аспекты гісторыі Віцебшчыны і ўмацоўвае сувязі паміж пакаленнямі, садзейнічаючы захаванню культурнай спадчыны.