Выставачны праект «Кнігі ў дар Прэзідэнту»
- Details
- Створана 06.11.2024 10:48
Прэзентацыя выставачнага праекта «Кнігі ў дар Прэзідэнту» з удзелам дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяны Адамян і галоўнага спецыяліста сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі адміністрацыі Чыгуначнага раёна г. Віцебска Кірыла Філіпцова адбылася 5 лістапада.
У экспазіцыі прадстаўлена 50 выданняў з асабістага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, перададзеных у дар Прэзідэнцкай бібліятэцы.
У вітрынах фае 3-га паверха размясціліся кнігі на тэмы сусветнай гісторыі і сучаснасці, мастацкай літаратуры і мастацтва, эканомікі і навукі, спорту і турызму, а таксама Вялікай айчыннай вайны і генацыду.
Глыбіні духоўнай спадчыны раскрываюць унікальна выдадзеныя зборнікі «Рускі музей: ад іконы да сучаснасці», «280 гадоў Санкт-Пецярбургскай епархіі, 1742–2022», «Летапіс Гомельскай епархіі», «Евангелле ў фарбах Палеха», «Шлях дзейнага служэння. Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан», «Гісторыя адраджэння Свята-Троіцкага Серафіма-Дзівееўскага жаночага манастыра», «Аляксандр Неўскі: воін, гасудар, святы».
Жамчужыны сусветнага мастацтва ад жывапісу да архітэктуры ілюструюць фотаальбомы «Паўлаўск. Мастацкія калекцыі», «Baroque, the soul of Brazil», «Рускі пейзажны жывапіс», «Пецяргоф, які памятае Пятра», «A story about Chinese», «Загарадныя імператарскія рэзідэнцыі: будні, святы, трагедыі».
У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў актуальна гучаць элітнае перавыданне знакамітай кнігі мемуараў (успамінаў і разважанняў) легендарнага маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава, фоталетапісу «Піскароўскі мемарыял», «In Memoriam. Паўлаўск», «Чыгуначнікі ў Вялікай Айчыннай вайне».
Каштоўнасць і ўнікальнасць многім выданням надаюць пакінутыя ў іх аўтографы і дароўныя надпісы. Большасць экспануемых экзэмпляраў выкананы ў адпаведнасці з перадавымі ўзорамі мастацкага, паліграфічнага і дызайнерскага афармлення кнігі. Праз іх можна прасачыць шырокі міжнародны кантэкст афіцыйнай і народнай дыпламатыі суверэннай незалежнай Беларусі.
Выстава адкрыта для чытачоў абласной бібліятэкі да 25 лістапада.