Бібліятэка і школа: грані супрацоўніцтва
- Details
- Створана 30.10.2024 14:14
Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна 29 кастрычніка стала пляцоўкай для правядзення метадычнага аб'яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства сярэдніх школ Кастрычніцкага раёна горада.
Ініцыятарамі мерапрыемства сталі педагогі сярэдняй школы № 11 імя М. М. Бахціна, якія невыпадкова выбралі месца для сустрэчы са сваімі калегамі. З навучальнай установай абласную бібліятэку звязваюць доўгія гады супрацоўніцтва.
У сваім выступленні настаўнік і класны кіраўнік Яна Баразна падкрэсліла асаблівую ролю бібліятэкі ў выхаваўчым працэсе навучэнцаў сярод іншых сацыяльных інстытутаў, з якімі ўзаемадзейнічае школа. У дакладзе быў прадстаўлены выхаваўчы патэнцыял бібліятэкі, які паспяхова рэалізуецца ў рамках мэтавай комплекснай праграмы «Жывое слова мудрасці духоўнай».
Праграма метадычнага аб'яднання ўключала і бібліятэчныя практыкі, якія правяла загадчык агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая. Госці ў інтэрактыўным фармаце пазнаёміліся з віртуальным праектам бібліятэкі «Віцебшчына ў вайне 1812 года». Мультымедыйны рэсурс створаны з мэтай папулярызацыі і пашырэння ведаў аб падзеях 1812 года ў розных катэгорый карыстальнікаў, выхавання павагі ў падрастаючага пакалення да памяці людзей, якія баранілі сваю Радзіму, і да гісторыі роднай зямлі на прыкладзе Віцебшчыны ў перыяд вайны з французамі. Увазе настаўнікаў была прадстаўлена крэатыўная форма працы бібліятэкі са школьнікамі. Асаблівую цікавасць у гасцей выклікаў квэстбук «Віцебск вачыма Напалеона». Факты ваеннай гісторыі, у тым ліку знаходжанне Напалеона ў Віцебску, дапамаглі супрацоўнікам бібліятэкі стварыць унікальны прадукт, які прыцягвае ўвагу да славутасцей нашага горада.
Настаўнікі сярэдніх школ Кастрычніцкага раёна Віцебска адзначылі, што вывучэнне гістарычных падзей, культуры і традыцый розных перыядаў з'яўляецца прадуктыўным і перспектыўным у сумеснай дзейнасці бібліятэкараў і педагогаў. Такое цеснае супрацоўніцтва, садружнасць, сатворчасць стане залогам якаснага адукацыйнага і выхаваўчага працэсу.