«Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнэсу»: новы сезон
- Details
- Створана 29.10.2024 15:27
Сустрэчы ў рамках праекта «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнэсу» працягваюцца ў абласной бібліятэцы. Новы сезон праекта адкрыла 24 кастрычніка мастацтвазнаўца Алена Рак, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Віцебскага жаночага духоўнага вучылішча.
Таццяна Патоцкая, загадчык агульнай чытальнай залы бібліятэкі, прапанавала старшакласнікам сярэдняй школы № 11 імя М. М. Бахціна паўдзельнічаць у інтэрактыўнай віктарыне, пытанні якой раскрылі цікавыя факты з жыцця госці. Алена Валер'еўна жыва каментавала асноўныя этапы свайго жыццёвага шляху, адзначыўшы, што не яна сама выбірала сваю будучую прафесію, прафесія выбрала яе і шмат у чым абумовіла будучае жыццё.
Яна нарадзілася ў сям'і ваеннага, атрымала ў дзяцінстве мастацкую і музычную адукацыю, гэта неверагодным чынам спатрэбілася ў будучым жыцці. Доўгі час яна пражыла ў горадзе Старая Руса Наўгародскай вобласці. Уменне маляваць перарасло ў захапленне іканапісам, а пазней і ў выкладанне. А музычная адукацыя дала магчымасць папрацаваць гукарэжысёрам дакументальных фільмаў. З яе ўдзелам была створана серыя фільмаў пра гісторыю горада Старая Руса і людзей, якія пакінулі ў ёй свой след. З асаблівым трапятаннем Алена Валер'еўна расказала пра сваё стаўленне да Фёдара Дастаеўскага, дом-музей якога знаходзіцца там жа. Факты з жыцця пісьменніка яна выкарыстоўвае як прыклады ў сваёй цяперашняй выкладчыцкай дзейнасці ў Віцебскай жаночага духоўнага вучылішча.
Не менш цікавы этап жыцця госці, які звязаны з Віцебскам. Школьнікі даведаліся, як Алена Валер'еўна стала захавальніцай калекцыі ікон Мастацкага музея. Дзякуючы навуковай дзейнасці ў музеі, у гісторыю нашага горада былі вернуты некалькі невядомых раней імёнаў. Сярод іх – таленавіты мастак і педагог Фёдар Фогт, які працаваў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1928–1939). Дзякуючы Фогту тут было адкрыта паліграфічнае аддзяленне, якое стала адзінай кузняй кадраў у маладой рэспубліцы ў галіне мастацкага афармлення кнігі.
Сустрэча праляцела як адно імгненне. Займальны аповед Алены Рак, жывыя прыклады з жыцця і літаратурных твораў не пакінулі падлеткаў абыякавымі. Для маладых людзей сустрэчы праекта «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу» заўсёды наглядна дэманструюць высокую асобасную планку спікераў у прафесійнай дзейнасці, у зносінах, у пазнаванні сябе і свету вакол.