Прэзентацыя кнігі Мікалая Півавара «Краязнаўчы атлас Віцебскага раёна»
- Details
- Створана 29.10.2024 10:58
У рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» 24 кастрычніка ў бібліятэцы прайшла падзея, якая прыцягнула ўвагу аматараў гісторыі і культуры, – прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук, дацэнта Мікалая Півавара «Краязнаўчы атлас Віцебскага раёна».
Гэтая маштабная праца стала вынікам трыццацігадовай працы аўтара, распачатага з першых краязнаўчых экскурсій па Віцебскім раёне.
Кніга ўключае ў сябе амаль 1000 унікальных фатаграфій і ілюстрацый, 15 дэталізаваных карт сельскіх саветаў, а таксама тэматычны паказальнік, які аблегчыць чытачам пошук неабходных матэрыялаў. Акрамя таго, у атласе прадстаўлены спіс перайменаваных населеных пунктаў раёна, што з'яўляецца важнай часткай захавання мясцовай гісторыі.
Падчас прэзентацыі Мікалай Півавар падзяліўся асаблівасцямі стварэння выдання, прывёў цікавыя апавяданні аб працэсе краязнаўчага пошуку і ўзгадаў пра свае папярэднія кнігі, прысвечаныя роду і Радзіме. «Краязнаўчы атлас Віцебскага раёна» стаў сапраўдным даведнікам, які ахоплівае краязнаўчыя рэсурсы, гісторыка-культурную спадчыну, матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, а таксама турыстычны патэнцыял рэгіёна.
Асаблівую ўвагу Мікалай Васільевіч удзяліў сваёй новай кнізе «Гэта трэба жывым: пошукавы рух у сістэме ваенна-мемарыяльнай работы ў Віцебскім раёне», якая таксама была прадстаўлена на мерапрыемстве і выйшла ў свет у 2024 годзе. Гэтая работа прапануе чытачам унікальны погляд на жыццё і дзейнасць пошукавых груп, якія садзейнічаюць захаванню памяці пра герояў, і падкрэслівае важнасць ваенна-мемарыяльнай работы ў сучасным грамадстве.
Прэзентацыя завяршылася ажыўленай дыскусіяй, падчас якой удзельнікі змаглі задаць пытанні аўтару і абмеркаваць значнасць краязнаўчых даследаванняў для будучых пакаленняў.