Архіважна: гісторыя Віцебшчыны ў асобах. Жанчына – маці, абаронца, працаўніца
- Details
- Створана 16.10.2024 15:54
14 кастрычніка ў бібліятэцы ў рамках Тыдня бацькоўскай любові прайшла тэматычная гасцёўня «Архіважна: гісторыя Віцебшчыны ў асобах. Жанчына – маці, абаронца, працаўніца».
Арганізатары мерапрыемства – Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза супрацоўнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, Віцебская абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын».
Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуліся старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Вольга Іванова, дырэктар Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Аляксандр Кароль, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза супрацоўнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Няфёдава. Песню-віншаванне ўсім мамам падарыла ўдзельніца ўзорнай студыі эстраднай песні сярэдняй школы № 4 г. Віцебска Яўгенія Васёха.
Удзельнікі сустрэчы ўзгадвалі слаўныя імёны жанчын-абаронцаў Айчыны, жанчын-працаўніц, жанчын-маці. Пра ўзнагароды маці-гераінь, што захоўваюцца ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, расказала галоўны захавальнік фондаў Вольга Давідоўская.
Гераічны і трагічны лёс Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка паўстаў у аповедзе загадчыка аддзела ІПС і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Алены Бондаравай. Гісторыяй заснавання абласной прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка падзялілася ветэран жаночага руху Зоя Крот. Вядучая гасцёўні, намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч з цеплынёй прадставіла жанчын-лаўрэатаў гэтай пачэснай прэміі, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, шматдзетных маці Аляксандру Салаўёву і Алену Жабянцяеву.
Загадчык агульнай чытальнай залы бібліятэкі Таццяна Патоцкая расказала пра жанчын-бібліятэкараў Віцебшчыны – гераінь віртуальнага праекта «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны». Выступленне загадчыка аддзела краязнаўства Ларысы Рагачовай было прысвечана ганароваму грамадзяніну горада Віцебска Марыі Чуманіхінай.
З выставамі, падрыхтаванымі супрацоўнікамі Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова, Віцебскай абласной бібліятэкі, прысутных пазнаёміла вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Святлана Мясаедава.