Старт праекта «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу»
- Details
- Створана 20.03.2024 09:49
Старт новаму праекту «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу» быў дадзены 19 сакавіка ў бібліятэцы ў рамках выканання рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2024 годзе Года якасці.
Гэта цыкл сустрэч для старшакласнікаў сярэдніх школ Віцебска з паспяховымі прадпрымальнікамі, бізнесменамі і кіраўнікамі розных прадпрыемстваў і арганізацый горада.
Першая сустрэча ў фармаце адкрытага дыялогу была арганізавана для вучняў сярэдняй школы № 11 г. Віцебска імя М. М. Бахціна з прадстаўнікамі ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз». У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы, рэжыму і кадрах Уладзіслаў Кунцэвіч і юрысконсульт аддзела прававой і кадравай работы апарата кіравання Юлія Галяс.
Госці пазнаёмілі старшакласнікаў з працай прадпрыемства, распавялі пра свой шлях: з чаго яны пачыналі, як прыйшлі ў сферу і да сваёй пасады, што менавіта дапамагала ў кар'еры.
Уладзіслаў Кунцэвіч звярнуў увагу на высокі ўзровень якасці работы газавай гаспадаркі Віцебскай вобласці, якая вызначае бяспеку, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць.
Юлія Галяс, якая з'яўляецца членам Маладзёжнага Савета УП «Віцебскаблгаз», дала старшакласнікам важныя рэкамендацыі пра тое, што на прадпрыемстве цэняцца не толькі добрыя спецыялісты, але і творчыя людзі. Кіраўніцтва ўсебакова падтрымлівае крэатыўныя ініцыятывы работнікаў, якім адкрытыя самыя шырокія магчымасці і перспектывы асобаснага росту.
УП «Віцебскаблгаз» – гэта каманда аднадумцаў, якія выконваюць пастаўленыя вытворчыя задачы і мэтанакіравана рухаюцца да адзінай мэты. І стаць членам гэтай каманды ёсць магчымасць у кожнага старшакласніка, калі ён прыме рашэнне імкнуцца да прафесійных ведаў і гатовы пастаянна вучыцца новаму. Праца знойдзецца для кожнага зацікаўленага выпускніка не толькі профільных навучальных устаноў.
Віцебская абласная бібліятэка стала пляцоўкай для асабістых зносін падлеткаў з прафесіяналамі. Школьнікі задавалі пытанні пра мэтавае накіраванне ад прадпрыемства, прафесійныя і кар'ерныя магчымасці, пра варыянты працаўладкавання і памеры зарплаты.
Такія сустрэчы неабходныя вучням старэйшых класаў, каб вызначыцца са сваёй будучай прафесіяй, сфарміраваць усвядомленую матывацыю і вызначыць напрамак свайго прафесійнага развіцця. У перспектыве – новыя сустрэчы ў бібліятэцы!