Дзе Сафія плыве над зямлёю…
- Details
- Створана 25.02.2016 14:56
Дзе Сафія плыве над зямлёю...
Да 950-годдзя бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора
Самай буйной і значнай бібліятэкай Беларусі на працягу XI–XVI стагоддзяў з'яўлялася бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Звесткі аб ёй, якія дайшлі да нашага часу, вельмі бедныя. Яе ўзнікненне даследчыкі адносяць да ХІ ст. Некаторыя з іх лічаць, што бібліятэка была створана ў год заснавання сабора – 1066. Ёсць меркаванне, што пачатак гэтаму кнігазбору паклаў полацкі князьУсяслаў Чарадзей. Аднак збіраннем рукапісаў і кніг у Полацку займаўся яшчэ на мяжы Х–ХІ стагоддзяў князь Ізяслаў. Аснову бібліятэкі складалі кнігі, патрэбныя для вядзення царкоўнай службы. Сярод іх былі як набытыя і падараваныя сабору, так і кнігі, якія перапісвалі манахі для асабістых патрэб. У ХІІ стагоддзі папаўненню фонда бібліятэкі садзейнічала Еўфрасіння Полацкая, якая заснавала ў Сафійскім саборы скрыпторый.
Першыя згадкі пра бібліятэку сустракаюцца ў «Запісках аб Маскоўскай вайне» афіцыйнага польскага гісторыка Рэйнгольда Гейдэнштэйна – сакратара караля Стэфана Баторыя, і ў дакументах, звязаных з трагічнымі падзеямі ў гісторыі бібліятэкі – захопам польскімі войскамі Полацка, рабаваннем горада і бібліятэкі.
Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што якраз у гэтыя гады бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора была вывезена ў Маскву. Але якіх-небудзь звестак пра знаходжанне ў расійскіх бібліятэках, архівах або музеях рарытэтаў з полацкага кнігазбору пакуль што няма. Існуе меркаванне, што значная частка бібліятэкі магла быць проста спалена заваёўнікамі.
Аднак існуе яшчэ адна версія аб лёсе бібліятэкі, больш фактычна даказаная. З яе вынікае, што бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора пасля 1579 года, калі Стэфан Баторый адваяваў Полацк у Івана ІV Грознага, была вывезена на захад, у Польшчу. Да такой высновы прыводзяць «Запіскі аб Маскоўскай вайне» Рэйнгольда Гейдэнштэйна.
Апісваючы ўпартую аблогу і ўзяцце Баторыем Полацка ў жніўні 1579 года, Р. Гейдэнштэйн паведамляе, што салдаты польскага войска імкнуліся пранікнуць у Полацкую крэпасць для таго, каб захапіць каштоўнасці, што там захоўваліся. Аднак, калі пасля амаль месячнай абароны горада яго драўляныя сцены і вежы былі спаленыя і войска Баторыя ўступіла ў верхні замак, надзеі на вялікія багацці, золата і срэбра «зусім не былі здаволеныя». «У вачах адукаваных людзей, – піша далей гісторык, – амаль не меншую каштоўнасць, чым уся астатняя здабыча, мела знойдзеная там бібліятэка. Акрамя летапісаў, у ёй было шмат твораў грэчаскіх бацькоў царквы і сярод іх творы Дыянісія Арэапагіта аб нябеснай і царкоўнай іерархіі, усё на славянскай мове. Вялікая частка гэтых твораў, па сведчанні летапісаў, была перакладзеная з грэчаскай мовы Мяфодзіем і Канстанцінам».
Пасля захопу горада «ўсё знойдзенае ў замку аддадзена было ў здабычу салдатам». Разам з тым, Р. Гейдэнштэйн нічога не гаворыць пра знішчэнне сабора. Па меркаванні Я. Н. Шчапава, які правёў найбольш поўнае ў сучасным бібліятэказнаўстве і кнігазнаўстве даследаванне гісторыі бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора, словы Р. Гейдэнштэйна аб знойдзенай там бібліятэцы, што стала здабычай заваёўнікаў, аб яе складзе, хутчэй «прымушалі лічыць, што гэта бібліятэка была вывезена з Полацка...».
Грунтуючыся на рукапісах, што захаваліся з калекцыі бібліятэкі і вопісах іншых саборных і манастырскіх бібліятэк, Я. Н. Шчапаў распачаў спробу рэканструкцыі бібліятэкі. Па яго меркаванні, не чакаючы адмысловага даследавання, ужо цяпер можна выдзеліць шэсць асноўных груп кніг, што складалі фонд бібліятэкі:
1. Летапісы. Пскоўскі Першы летапіс не быў адзінай кнігай такога роду, разам з ім у фондзе бібліятэкі захоўваліся і іншыя летапісы. Гістарычныя крыніцы дазваляюць выказаць здагадку, што ў бібліятэцы сабора былі і зніклыя полацкія летапісы.
2. Біблейскія і новазапаветныя тэксты, іх кампіляцыі і гісторыя дзён стварэння. Несумненна, полацкімі з'яўляюцца «Палея Толковая» і «Шестоднев» Севярыяна Гевальскага, а таксама збор кніг Старога запавету і Псалтыр.
3. У Полацкай бібліятэцы захоўваліся таксама «Зборнік апакаліпсічных і апакрыфічных аповесцей», «Адкрыцці Мяфодзія Паатарскага» і «Аповесць аб пакутах Хрыста».
4. Хрысціянская рыторыка прадстаўлена двума важнейшымі зборнікамі слоў Іаана Залатавуста – «Залатавустам» і «Златаструменем», якія належалі Сафійскай бібліятэцы. Першы рукапіс уключае нараўне з візантыйскімі творамі таксама «Словы» Кірылы Тураўскага. Сюды ж можа быць аднесена і «Евангелле навучальнае» з указаннем на пераклад яго ў 1407 годзе.
5. Аскетычныя творы – Словы Яфрэма Сірына і Пандэкты Антыохі.
6. Агіяграфіі, якія прадстаўленыя Пралогам у старажытнарускай апрацоўцы.
Аналіз вопісаў іншых бібліятэк таго часу дазволіў Я. Н. Шчапаву таксама выказаць здагадку, што ў бібліятэцы Сафійскага сабора былі помнікі і кампіляцыі кананічнага права, візантыйскія філасофскія і містычныя творы, кнігі дамангольскага часу і кнігі XIII–XIV стагоддзяў.
На мяжы XV–XVI стагодцзяў адбываецца эканамічнае і палітычнае ўзмацненне Полацка, павелічэнне аўтарытэту сафійскага кліраса. Полацк становіцца адным з багацейшых гарадоў ВКЛ. Усё гэта стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця бібліятэкі і папаўнення яе фондаў, якія ў канцы XV – першай чвэрці XVI стагоддзя значна павялічыліся.
Зыходзячы з таго, наколькі магчыма аднавіць састаў кніг бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора, можна зрабіць выснову, што гэта быў вялікі збор, які ўключаў нараўне з літургічнымі кнігамі таксама філасофскія творы, біблейскія і новазапаветныя тэксты і кампіляцыі, у тым ліку і апакрыфічныя, гістарычныя працы, летапісы і іншыя літаратурныя помнікі. У бібліятэцы Полацкага Сафійскага сабора побач з найкаштоўнейшымі кнігамі еўрапейскага паходжання таксама захоўваліся рукапісныя кнігі, створаныя на беларускіх землях, у тым ліку ў скрыпторыі Еўфрасінні Полацкай. Аналіз сацыякультурнай, палітычнай і эканамічнай сітуацыі, якая склалася на беларускіх землях у X–XVI стагодцзях, дазваляе выказаць думку, што ў бібліятэцы Полацкага Сафійскага сабора захоўваўся найбольш поўны збор рукапісных кніг, створаных на той час на тэрыторыі Беларусі. Гэта дае падставы разглядаць яе як папярэдніцу Нацыянальнай бібліятэкі нашай краіны.
Рукапісныя кнігі Полацкага Сафійскага сабора, якія захаваліся ў Варшаве і Львове, а таксама апублікаваныя ў канцы XVI–XVII стагоддзяў матэрыялы аб бібліятэцы, вынікі даследаванняў сучасных кнігазнаўцаў з'яўляюцца найкаштоўнейшым матэрыялам для правядзення бібліяграфічнай рэканструкцыі кніжных калекцый бібліятэкі. Рэканструкцыя фонду бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора і вывучэнне яе гісторыі – адна з самых актуальных задач сучаснага беларускага бібліятэказнаўства.
Арлоў, У. Таямніцы Полацкай гісторыі / У. Арлоў. — Мінск : Полымя, 2000. — 464 с.
Чытача чакае захапляльнае падарожжа ў полацкую даўніну. Аўтар цікава і даступна распавядае пра Полацкае княства, лёс нацыянальнай рэліквіі – Крыжа святой Еўфрасінні, пра дзейнасць у Полацку ордэна езуітаў і падзеі 1812 года, пра Полацкі кадэцкі корпус і выдатных людзей. Ёсць тут звесткі і пра бібліятэку Полацкага Сафійскага сабора. |
|
|
Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. : проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения : сборник статей / под ред. Б. А. Рыбакова. — Москва : Наука, 1976. — 360 с.
В сборник вошли работы по вопросам культурных связей между народами Польши, России, Украины, Беларуси и Литвы в XV–XVIІ вв. В сборник включена статья Я. Н. Щапова, посвященная библиотеке Полоцкого Софийского сабора. |
Ластоўскі, В. Выбраныя творы / В. Ластоўскі. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 1997. — 512 с.
Кніга ўтрымлівае лепшыя творы з літаратурнай спадчыны В. Ластоўскага. Сюды ўключаны і твор «Лабірынты». Менавіта ў гэтым творы Ластоўскі прыводзіць фантастычную версію існавання і знікнення бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора. |
|
Мотульский, Р. С. Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси : в 2 ч. / Р. С. Мотульский ; [под ред. Я. Д. Григорович]. — Минск : БелЭн им. П. Бровки, 2011. — Ч. 1 : IX — начало XX в. — 256 с. Издание посвящено основным тенденциям развития книжного и библиотечного дела Беларуси в контексте национальной и общественной истории (ІХ–ХХІ вв.). |
|
Новодворский, В. Борьба за Ливонию между Москвой и Речью Посполитой (1570—1582) : историко-критическое исследование / В. Новодворский. — Репринтное изд. — Минск : Экономпресс, 2014. — 304, 49, [6] с. В книге представлена впечатляющая панорама исторических событий, имён и документов относящихся к периоду Ливонской войны. Приводятся материалы об освобождении г. Полоцка Стефаном Баторием в 1579 г. и краткие сведения о библиотеке Полоцкого Софийского собора. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Арлоў, У. Полацкая вайна / У. Арлоў // Таямніцы Полацкай гісторыі / У. Арлоў. — Мінск : Полымя, 2000. — С. 181—206.
2. Асіноўскі, С. Лёс бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора / С. Асіноўскі // Архівы і справаводства. — 2012. — № 6. — С. 138—149.
3. Гейденштайн, Р. Под Полоцком дожди: записки 1579 года / Р. Гейденштайн // Деды : дайджест публикаций о беларуской истории / сост. А. Е. Тарас. — Минск : Харвест, 2013. — С. 16—44.
4. Дзядзінкіна, С. Рукапісы не гараць? / С. Дзядзінкіна // Народная газета. — 2010. — 26 лют. — С. 1, 13.
5. Ластоўскі, В. Лабірынты / В. Ластоўскі // Выбраныя творы / В. Ластоўскі. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 1997. — С. 47—74.
6. Матульскі, Р. Бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора / Р. Матульскі // Полымя. — 2011. — № 1. — С. 180—182.
7. Мотульский, Р. С. Зарождение и развитие на белорусских землях первых библиотек / Р. С. Мотульский // Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси : в 2 ч. / Р. С. Мотульский. — Минск : БелЭн им. П. Бровки, 2011. — Ч. 1 : ІХ—начало ХХ в. — С. 22—24.
8. Полоцкого Софийского собора библиотека // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.] ; худож. В. П. Свентоховский. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. — Т. 6 : Пейзаж—Снегирёв. — С. 177.
9. Цыбуля, В. Бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора / В. Цыбуля // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т. 1 : А—К. — С. 327—328.
10. Цыбуля, В. Бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора / В. Цыбуля // Культура Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т 1 : А—Б. — С. 689.
11. Щапов, Я. Н. Библиотека Полоцкого Софийского собора и библиотека Академии Замойской / Я. Н. Щапов // Культурные связи народов Восточной Европы в ХVI в.: проблемы взаимодействия Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху возрождения / под ред. Б. А. Рыбакова. — Москва : Наука, 1976. — С. 262—282.