Творчая сустрэча з Аляксандрам Сушай
- Details
- Створана 13.03.2017 08:14
16 сакавіка ў бібліятэцы праведзены мерапрыемствы з удзелам кандыдата культуралогіі, намесніка дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандра Сушы.
Супрацоўнікі аддзела дзіцячай літаратуры запрасілі на прэзентацыю кніг пра Францыска Скарыну навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў горада.
Вынікам даследчай работы А. Сушы з'явілася трылогія, дзе першадрукар паўстае перад чытачамі як чалавек-энцыклапедыя, чалавек свету і чалавек-легенда. Трохтомнік выйшаў у серыі «Дзіцячая энцыклапедыя», але разлічаны не толькі на аўдыторыю да 16-ці: у яго ўключана больш за 300 ілюстрацый, многія з якіх публікуюцца ўпершыню, тут аўтар вылучае нечаканыя гіпотэзы і апелюе да дакументных крыніц.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы 4 «В» класа СШ № 25 г. Віцебска, якія чыталі вершы, прысвечаныя першадрукару, а з музычнымі нумарамі выступіла выхаванка дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 4 Улада Скопа. Дзеці задавалі шматлікія пытанні аўтару, а па завяршэнні прэзентацыі адбылася аўтограф-сесія.
Падчас творчай сустрэчы, на якой прысутнічалі гісторыкі, выхаванцы Віцебскай духоўнай семінарыі, Алесь Суша адзначыў шэраг рэспубліканскіх і міжнародных праектаў, якія будуць рэалізаваны ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, сярод іх: выставачны праект «Франциск Скорина и его эпоха», які прадставіць арыгіналы выданняў Францыска Скарыны з розных краін, праект па выданні факсімільнай 20-томнай спадчыны Францыска Скарыны «Книжное наследие Франциска Скорины» і іншыя значныя мерапрыемствы, мэта якіх не толькі зберагчы гістарычную памяць, але і паказаць, наколькі глыбокім аказаўся ўплыў беларускага мысляра на культуру таго часу.