Да кніжных скарбаў дакраніся
- Подробности
- Создано 12.10.2016 08:56
Да кніжных скарбаў дакраніся
Кніжная спадчына Францыска Скарыны
Сапраўдным летапісам часу з'яўляецца кніга. Кнігі, як і людзі, маюць свой лёс. Да беларускай кніжнай спадчыны ён не быў міласэрны. На працягу стагоддзяў яна несла непапраўныя страты. А тое нешматлікае, што захавалася, раскідана па кнігасховішчах краіны і свету.
Асаблівасці гістарычнага развіцця Беларусі, яе геаграфічнае размяшчэнне абумовілі з'яўленне тут шматмоўнай і шматканфесійнай рукапіснай і друкаванай кніжнасці, што стваралася на беларускай, стараславянскай, польскай, лацінскай, яўрэйскай мовах рознымі алфавітамі. Кнігі не толькі апісвалі ўсе бакі жыцця беларускага народа, яны аказвалі значны ўплыў на станаўленне і развіццё нацыянальнай культуры. Аднак, на працягу гісторыі, па розных прычынах, Беларусь страціла значную частку сваёй дакументальнай спадчыны. І больш за ўсё пацярпела самая безабаронная яе частка – кніжныя помнікі. І ўсё ж у сховішчах краіны зберагаецца неацэннае багацце – гістарычныя, мастацкія, дакументальныя помнікі. Зберагчы пісьменства, кніжную культуру сваёй нацыі і зрабіць яе як мага больш даступнай – адна з галоўных задач устаноў культуры.
Больш за ўсіх зборам, захоўваннем, вывучэннем і папулярызацыяй кніжнай спадчыны Беларусі займаюцца бібліятэкі, галоўная з якіх – Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Сёння буйнейшая ў Беларусі Нацыянальная бібліятэка з'яўляецца ўнікальным кнігасховішчам, дзе сканцэнтраваны самы вялікі ў краіне, універсальны па сваім характары фонд выданняў і помнікаў пісьменства, каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры. Наяўна пазнаёміцца з рэдкімі кніжнымі помнікамі можна, наведаўшы Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама Музей рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна і Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Адным са шляхоў папулярызацыі і распаўсюджання кніжных помнікаў з'яўляецца іх перавыданне ў выглядзе факсімільных і рэпрынтных выданняў. Факсімільнае выданне (ад лац. fac simile – «рабі падобнаe») – друкаванае выданне, якое графічна дакладна ўзнаўляе раней выпушчанае арыгінальнае выданне або рукапіс. Мэта факсімільнага выдання – захаваць і зрабіць даступным шырокаму чытачу рэдкія, унікальныя ці асабліва каштоўныя ў гістарычных і мастацкіх адносінах помнікі (кнігі, рукапісы).
Першыя факсімільныя выданні з'явіліся яшчэ ў пачатку ХІХ ст. Да пачатку ХХ-га ст. у краінах Еўропы і Амерыкі, а таксама ў Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі беларускія землі, былі факсімільна ўзноўлены многія інкунабулы і старажытныя рукапісы. У гэты ж час з'яўляецца цікавасць і да беларускіх помнікаў кніжнасці і пісьменства. Асабліва ж актыўнае даследаванне і ўзнаўленне старажытных кніг і дакументаў пачалося ў ХХ ст.
Мы прадстаўляем вам выставу некаторых факсімільных і рэпрынтных выданняў, з якімі вы можаце пазнаёміцца ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна.
Перш за ўсё хацелася б пазнаёміць чытачоў з унікальным фотаальбомам-каталогам, які выпусціла Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта – «Кніжная спадчына Беларусі [Выяўленчы матэрыял] = Книжное наследие Беларуси = Belarusian book heritage : з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі / [склад. А. А. Суша ; прадм. Р. С. Матульскага ; фота А. П. Дрыбаса]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. — 411, [4] с.» Фотаальбом уключае выявы найбольш значных кніжных помнікаў, якія сёння зберагаюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У выданні прадстаўлены рукапісныя і друкаваныя помнікі, створаныя ў XV–XX ст.ст. на тэрыторыі Беларусі беларускімі пісьменнікамі і выдаўцамі або прысвечаныя Беларусі. Унікальныя беларускія рукапісы, каштоўныя старадрукі і рэдкія кнігі мінулых стагоддзяў, цудоўныя картаграфічныя і выяўленчыя выданні, кнігі з вядомых беларускіх кнігазбораў пераконваюць у самабытнасці і развіцці айчыннай культуры, яе багацці і разнастайнасці.
Баркалабаўскі летапіс / [рэд. савет: А. А. Тозік [і інш.] ; рэд. А. І. Саламевіч ; маст. афармленне: К. А. Сліжыкава]. — Факсімільнае выданне. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2013. — [352] с. Твор быў складзены ва Усходняй Беларусі, верагодна ў м. Баркалабава (сучасны Быхаўскі раён) у пачатку ХVІІ ст. Аўтарам апісання мясцовых падзей, магчыма, з'яўляецца мясцовы праваслаўны святар Фёдар Філіповіч. Гэты твор – з аднаго боку, летапіс нацыянальнага характару і значэння, а з іншага боку – цудоўны прыклад мясцовага, лакальнага летапісання. Да таго ж Баркалабаўскі летапіс з'яўляецца адным з апошніх летапісаў, які быў напісаны на старабеларускай мове. Аднак Летапіс да нашага часу яшчэ недастаткова вывучаны. У друку сустракаюцца розныя, часам процілеглыя меркаванні адносна асобы аўтара і складальніка летапісу, яго назвы, часу і месца напісання, складу. Баркалабаўскі летапіс збярогся ў адзіным спісе, так званым Патрыяршым рукапісе трэцяй чвэрці XVII ст., які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Дзякуючы працы супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» ў 2013 г. поўны рукапісны спіс Баркалабаўскага летапісу быў факсімільна перавыдадзены, а таксама ўпершыню было зроблена ўзнаўленне поўнага тэксту летапіснага спісу, якое выйшла ў суправаджэнні навуковых артыкулаў М. Доўнар-Запольскага, Е. Раманава і А. Сушы. Баркалабаўскі летапіс з'яўляецца каштоўнейшым помнікам беларускай культуры, адным з найбольш поўных і насычаных звесткамі летапісных зводаў, што распавядаюць пра мінулае нашага краю і беларускага народа. Яго факсімільнае выданне будзе карысным для даследчыкаў айчыннай гісторыі, кніжнай культуры, беларускай мовы, рэлігіі, а таксама для тых, хто цікавіцца беларускай кніжнай спадчынай. |
|
|
Буквар = Бýкваръ сиречъ нâчало ýчéнîя в Кγтéйнъ Избразися в ТνпоГрαфЇи Спиридона Соболя. — Факсімільнае выданне. — Мінск : Выдавецтва Беларускага Экзархата, 2014. — [81] с. Выдавецтвам Беларускага Экзархата сумесна з Нацыянальнай Акадэміяй Навук Беларусі ўпершыню факсімільна выдадзены буквар ХVІІ ст. Буквар Спірыдона Собаля з'яўляецца падручнікам для пачатковага навучання чытанню і пісьму. Гэты ўнікальны помнік быў выдадзены беларускім праваслаўным друкаром Спірыдонам Собалем у 1631 г. у тыпаграфіі Куцеінскай Богаяўленскай Лаўры (г. Орша, Магілёўская губернія). Адноўлены буквар складаецца з дзвюх частак: факсіміле кнігі і яе адноўленага тэкста. Факсімільнае выданне буквара з'яўляецца багацейшым аб'ектам для навуковых даследаванняў па гісторыі кнігавыдання на тэрыторыі Беларусі. З вялікага на той час тыражу ў 35000 адзінак вядомы з захаваўшыхся да нашых дзён асобнік буквара зараз знаходзіцца ў Музеі ўкраінскага мастацтва г. Львова (Украіна). Аднаўленне рарытэта здзейснена ў рамках праекта «Вяртанне святынь» па адраджэнні духоўнай і культурнай спадчыны Беларусі. |
Верхнее Поднепровье и Белоруссия : [полное географическое описание нашего Отечества] / сост.: В. П. Семенов (Тян-Шанский) [и др.]. — Мінск : БелЭн, 2006. — 456 с. — (Гiсторыя Беларусi ў дакументах, манаграфiях, лiтаратурных помнiках). «Россия. Полное географическое описание нашего отечества» – настольная і падарожная кніга для рускіх людзей. Выдавалася пад рэдакцыяй В. П. Сямёнава і пад агульным кіраўніцтвам П. П. Сямёнава-Цян-Шанскага. Выданне не было завершана. Усяго ў свет выйшла 11 тамоў, 1-ы том апублікаваны ў 1899 г., апошні – ў 1914 г. Кожны том выдання ўтрымлівае падрабязную інфармацыю пра прыродныя ўмовы, жывёльны і раслінны свет, шляхі зносін, размяшчэнне насельніцтва з характарыстыкай яго этнічнага складу, заняткаў, промыслаў, побыту і культуры. Тут змешчаны звесткі пра гарады, мястэчкі, манастыры, крэпасці, знакавыя месцы з фотаздымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі і дыяграмамі. Асаблівае значэнне нададзена чыгуначным дарогам, трактам і станцыям. Рэпрынтнае ўзнаўленне 9-га тома выдання «Верхнее Поднепровье и Белоруссия» цалкам адрасавана апісанню тэрыторыі, якую займалі Віцебская, Смаленская, Магілёўская і Мінская губерніі. Выданне ўяўляе сабой унікальны этнаграфічны збор матэрыялаў. |
|
Живописная Россия : Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении : в 12 т. / под ред. П. П. Семенова. — Репринтное воспроизведение издания 1882 г. — Мінск : БелЭн., 1993. — Т. 3 : Литовское и Белорусское Полесье. — 550с. : ил. Гэта 19-томнае выданне, якое падрыхтавала таварыства М. В. Вольфа ў 70-я гады ХІХ ст., прадстаўляе сабой падрабязнае, усебаковае мастацка-навуковае апісанне Расійскай імперыі і народаў, якія яе насялялі. Выданне было адным з самых дарагіх у гісторыі расійскага кнігадрукавання. У яго складанні прымалі ўдзел 93 вучоныя. Рэпрынтнае ўзнаўленне 3-га тома выдання «Литовское Полесье» і «Белорусское Полесье» цалкам адрасавана апісанню гісторыі і прыроды літоўскіх і беларускіх зямель, матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў, якія іх насялялі. Большасць нарысаў тома напісана знакамітым беларускім этнографам і гісторыкам А. К. Кіркорам. Выданне ўключае вялікую колькасць ілюстрацый. |
|
Житие блаженной Евфросинии, игумении монастыря Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке = Жыціе блажэннай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Уседзяржыцеля Святога Спаса ў горадзе Полацку / предисловие, воспроизведение церковнославянского текста, пер. на рус. и бел. языки, коммент., науч. ред. Э. В. Ермоленко ; пер. на англ. яз. Т. В. Сальникова. — Мінск : Издательство Белорусского Экзархата Московского Патриархата, 2012. — 126 с. Духоўныя подзвігі прападобнай Полацкай княжны-ігуменні адлюстроўваюцца ў Жыціі, якое было складзена ў канцы XII ст. Першапачатковы тэкст Жыція невядомы, да нашых дзён дайшлі толькі пазнейшыя яго перапрацоўкі. У гэтым выданні ўпершыню публікуецца «Житие блаженной Евфросинии» адпаведна тэксту рукапісу Жыція XVI ст., які захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Факсіміле аднаго са старажытнейшых помнікаў сярэднявечнай агіяграфіі на ўсходнеславянскіх землях суправаджаецца навуковымі каментарамі і перакладам Жыція на 3 мовы: рускую, беларускую і англійскую. Выданне будзе цікавым як лінгвістам, літаратарам, багасловам, гісторыкам, так і ўсім, хто цікавіцца беларускай культурай і гісторыяй. |
|
Кніжная спадчына Францыска Скарыны = Книжное наследие Франциска Скорины = Book heritage of Francysk Skaryna : [да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання] / Нацыянальная бібліятэка Беларусі ; [аўтары ідэі: Р. С. Матульскі, П. У. Калаур ; адказны рэдактар А. А. Суша ; пераклад на англійскую мову: Г. М. Каваленка, І. В. Ісаева ; літаратурны пераклад прадмоў Ф. Скарыны на сучасныя беларускую і рускую мовы А. У. Бразгунова]. — Т. 1 : Кніга Быцця = Книга Бытия = The book of Genesis. — 2013. — 269, [2] с. У 2014 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з «Банкам БелВЭБ» рэалізавала першую частку агульнанацыянальнага праекта па выпуску факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францыска Скарыны, першыя пяць тамоў з якога ўжо пабачылі свет. Выдавецкі праект разлічаны на перыяд 2013–2017 гг. і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Шматтомнае факсімільнае выданне ўпершыню дазволіць сабраць поўны рэпертуар кніг, якія былі надрукаваны Францыскам Скарынам у Празе (1517–1519) і Вільні (1522–1525). У яго аснову пакладзены электронныя копіі найлепш захаваных кніг першадрукара, якія зберагаюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Факсімільнае выданне з максімальнай паўнатой узнаўляе кнігі Францыска Скарыны. Усе выданні суправаджаюцца каментарыямі навукоўцаў, а таксама ўпершыню здзейсненымі перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы. Факсімільнае ўзнаўленне пазнаёміць шырокую грамадскасць з адным з найбольш каштоўных скарбаў кніжнай культуры Беларусі. |
|
Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі / В. Ластоўскі ; прадм. А. Сушы. — Факсімільнае выданне. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. — 814 с. Сумесны праект выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Вацлаў Ластоўскі – адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў таго пакалення, якому давялося дабівацца для Беларусі права заняць «свой пачэсны пасад між народамі». Кніга вядомага беларускага гісторыка, публіцыста, пісьменніка і палітычнага дзеяча з'яўляецца грунтоўным выданнем па гісторыі кніжнасці на Беларускіх землях на працягу амаль тысячагоддзя. Аўтар правёў каласальную працу па выяўленні і сістэматызацыі рукапісных і старадрукаваных помнікаў кніжнага пісьменства. Увага ўдзяляецца як грамадска-палітычным і культурным абставінам узнікнення, так і мастацкім вартасцям кнігі. Выданне багата ілюстравана. Нягледзячы на тое, што з моманту выдання кнігі прайшло амаль 100 гадоў, праца В. Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» не страціла сваёй каштоўнасці. |
|
Святое Евангелие = Стоє Èvлїє изъ грáда Пóлотьска. — Факсимильное издание. — Мінск : Белорусский Экзархат Московского Патриархата : Российская национальная библиотека, 2012. — [344] с. Полацкае Евангелле – унікальны помнік славянскай пісьменнасці другой паловы ХІІ ст. Гэты рукапіс можна лічыць Першакнігай беларускага народа, паколькі больш ранніх кніг, створаных на Беларусі, амаль не захавалася (акрамя 11 аркушаў ад Тураўскага Евангелля). Па форме Полацкае Евангелле прадстаўляе рукапісную кнігу ў выглядзе кодэкса, якая складаецца з 172 аркушаў пергаменту. Першапачатковы выгляд помніка быў значна зменены, аднак Полацкае Евангелле працягвае здзіўляць сваёй веліччу. Тэкст рукапісу напісаны прыгожым уставам – старажытнейшай формай кірыліцы, якую выкарыстоўвалі ў ранніх рукапісах. Мова Евангелля царкоўнаславянская. У мастацкім афармленні тэксту выкарыстаны застаўкі, арнаментаваныя ініцыялы і мастацкія загалоўкі. Значны інтарэс прадстаўляюць захаваўшыяся на палях Евангелля заметкі і ўкладныя запісы жыхароў старадаўняга Полацка, якія захавалі для нас асаблівасці жывой гаворкі нашых продкаў таго часу. Укладныя запісы сведчаць пра прыналежнасць Евангелля Полацкаму Троіцкаму мужчынскаму манастыру, які знаходзіўся на тэрыторыі горада за ракой Палатой. У першай палове ХІХ ст. помнік быў вывезены з Беларусі ў Расію. Сёння асноўная частка Полацкага Евангелля захоўваецца ў зборы Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, а два аркушы знаходзяцца ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве. Улічваючы духоўнае і культурнае значэнне Полацкага Евангелля для Беларусі, выдавецтва Беларускага Экзархата, міжнародны фонд «Сям'я – Адзінства – Айчына», Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Расійская нацыянальная бібліятэка і Расійская дзяржаўная бібліятэка аб'ядналі свае намаганні, што дазволіла здзейсніць факсімільнае перавыданне гэтага кніжнага помніка. |
|
Святое Евангелие. Слуцк, 1582. — Мінск : Белорусская Православная Церковь : Национальная библиотека Беларуси, 2009. — 450 с. Слуцкае Евангелле – унікальны рукапісны помнік XVI стагоддзя, адна з буйнейшых праваслаўных святыняў Беларусі, якая па праву лічыцца сімвалам духоўнага адраджэння нацыі. Евангелле, перапісанае ў Слуцку князем Юрыем Алелькавічам (1559–1586), сваяком святой Сафіі Слуцкай, – унікальны выпадак, калі Евангелле было перапісана прадстаўніком шляхты. Князь Юры Алелькавіч надумаў перапісаць Евангелле золатам і рабіў гэта тайна. У хуткім часе золата было заменена на чарніла, аднак не ў сувязі з фінансавымі цяжкасцямі. Князь адчуваў набліжэнне хваробы і спяшаўся скончыць працу, а праца з золатам патрабавала доўгага часу. Евангелле – своеасаблівае завяшчанне слуцкага князя – было падаравана ім Троіцкаму манастыру ў Слуцку. Пасля Вялікай Айчыннай вайны Слуцкае Евангелле лічылася бясследна страчаным, аднак у 2003 г. яно нечакана знайшлося і было перададзена настаяцелю аднаго са сталічных храмаў прыхаджанкай. У 2009 г. выдавецтва Беларускага Экзархата здзейсніла факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля. Гэта выданне амаль дасканала перадае ўсе асаблівасці першакрыніцы. Па ўзроўні выкарыстання выданне не мае аналагаў у Беларусі. Існуюць два варыянты афармлення выдання: у звычайным пераплёце, з якім вы можаце пазнаёміцца ў нашай бібліятэцы, і скураным са срэбрам. |
|
Топографические примечания на знатнейшие места путешествия Ее Императорского Величества в белорусские наместничества, 1780 / отв. за вып. А. А. Суша. — Мінск : Национальная библиотека Беларуси, 2009. — 133 с. Даведнік для расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ быў выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1780 г. у Імператарскай акадэміі навук. Пераплёт кнігі зроблены са скуры і ўпрыгожаны залатым цісненнем. У 2009 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі было зроблена яго факсімільнае перавыданне. Выданне ўключае факсімільны тэкст кнігі «Топографические примечания на знатнейшие места путешествия Ее Императорского Величества в белорусские наместничества». У ім упершыню была падрабязна апісана гісторыя і сучасны стан усходнебеларускіх зямель, якія ў 1772 г. былі далучаны да Расійскай імперыіі. Выданне дазваляе атрымаць звесткі пра знешні выгляд многіх населеных пунктаў Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў, склад іх насельніцтва, а таксама дае апісанне замкаў, палацаў, храмаў, манастыроў Усходняй Беларусі. Да выдання прыкладзены гісторыка-культурны нарыс, які змяшчае характарыстыку твора і эпохі, у якую ён быў напісаны, а таксама найбольш вядомых асоб, звязаных з яго стварэннем. Перавыданне будзе цікавым для сучасных чытачоў, даследчыкаў айчыннай гісторыі, культуры, мастацтва, рэлігіі і ўсіх, хто цікавіцца беларускай спадчынай. |
|
Тураўскае Евангелле = Туровское Евангелие = Turaŭ Gospel / [аўтары ідэі: А. І. Швец, Р. С. Матульскі ; пад агульнай рэд. А. А. Сушы]. — Факсімільнае ўзнаўленне. — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014. — 186 с. Выданне ўпершыню ўзнаўляе самы старажытны кніжны помнік Беларусі – Тураўскае Евангелле XI ст. Факсімільнае выданне рукапісу здзейснена з захаваннем усіх асаблівасцей арыгінала, што дазваляе паўнацэнна прадставіць адзін з самых каштоўных артэфактаў беларускай культуры. Публікацыя суправаджаецца абгрунтаванымі навуковымі каментарыямі, прысвечанымі гісторыі Тураўскай зямлі і самога Тураўскага Евангелля. Ажыццёўлена па блаславенні і пры дзейным удзеле Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. |
|
Бажэнава, В. Д. Радзівілы = Радзивиллы : альбом партрэтаў XVIII–XIX стагоддзяў «Icones familiae ducalis Radivilianae» / В. Д. Бажэнава ; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2010. — 524 с. — (Энцыклапедыя рарытэтаў). Адкрывае серыю альбом «Радзивиллы. Альбом портретов XVIII–XIX вв.», які паўтарае альбом Радзівілаў XVIII ст. – унікальны помнік беларускай культуры. Альбом стаў лаўрэатам Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» 2010 г. і ўладальнікам Гран-пры VIII Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў-удзельніц краін СНД. Альбом фамільных партрэтаў князёў Радзівілаў «Icones Familiae Ducalis Radivillianae» – выданне, якое прысвечана шляхецкаму арыстакратычнаму роду, чыё імя і дзейнасць многія стагоддзі вызначалі гісторыка-культурнае развіццё вядучых краін Еўропы. Кніга – унікальны помнік беларускай культуры, адзін з нямногіх вядомых у свеце альбомаў радзівілаўскіх партрэтаў. Арыгінал напісаны на латыні і знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Яго факсімільнае рарытэтнае выданне выканана ў памеры «in folio», змяшчае партрэты 165 прадстаўнікоў магучай дынастыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, прадстаўляе сабой 169 аркушаў факсімільных чорна-белых партрэтных гравюр і малюнкаў, 100 аркушаў гістарычных каментарыяў з ілюстрацыямі. |
|
Д. Струков. Альбом рисунков, 1864–1867 = D. Strukov. Album of drawings, 1864 — 1867 / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.] ; авт. коммент.: М. Н. Бавтович [и др.] ; послесл. О. Д. Баженова. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2011. — 308 с. — (Энциклопедия раритетов). У 2011 г. выйшла другое выданне з серыі – фотаальбом факсімільных акварэльных замалёвак «Дмитрий Струков. Альбом рисунков. 1864–1867». Упершыню пад адной вокладкай было сабрана 200 малюнкаў, сярод якіх праваслаўныя і каталіцкія храмы, царкоўныя рэчы, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў XIX ст. Альбом стаў уладальнікам Гран-пры ІХ Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў-удзельніц краін СНД. Арыгінальныя малюнкі былі створаны рускім мастаком Д. Струкавым падчас экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі ў 1864–1867 гг. Рарытэт захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта ў Літве. У факсімільнае выданне ўключаны каментары сучасных даследчыкаў, пуцявыя запіскі мастака, пасляслоўе. На аснове шырокіх іканаграфічных пасведчанняў выданне дае магчымасць пабачыць багацце беларускай духоўнай сакральнай культуры, і перш за ўсё яе страчаных каштоўнасцей. |
|
Живая вера. Ветка = Living Faith. Vetka : [альбом] / сост. Г. Г. Нечаева, О. Д. Баженова ; авт. текста Г. Г. Нечаева ; пер. на англ. яз. А. В. Вдовичев ; фото А. П. Дрибаса. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2012. — 470, [1] с. + прилож. 1 л. — (Энциклопедия раритетов). У лютым 2012 г. выйшаў трэці альбом серыі, які атрымаў дыплом I ступені ў намінаціі «Садружнасць» на IX Міжнародным конкурсе дзяржаў-удзельніц краін СНД «Мастацтва кнігі». Альбом прысвечаны ўнікальнаму рэгіёну на тэрыторыі Беларусі, цэнтру стараверства – Ветцы. У альбом уключаны раздзелы, прысвечаныя іканапісу, залачонай разьбе, шыццю, мастацтву залатакавання, ліццю. Кніга ўтрымлівае гістарычны агляд. Выданне рыхтавалася ў цесным супрацоўніцтве з Веткаўскім музеем народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава. Гэта багата ілюстраванае выданне ў цвёрдым пераплёце з залатым абрэзам і шаўковым лясэ. На старонках фотаальбома змешчаны высакаякасныя фотаздымкі помнікаў ХVІІІ–ХХ стст. з калекцый Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Шклярава, сярод якіх прадметы прыкладнога мастацтва, залатое шыццё, шыццё жэмчугам і бісерам, чаканка, гравіроўка па метале, залачоная разьба па дрэве. Кніга з паралельным перакладам артыкулаў на англійскую мову адначасова прадстаўляе сабой і каталог прадметаў царкоўнага прызначэння, і навуковае даследаванне. |
|
Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911–1912 = Тhе Веlагusіаnіnthе рhоtоsbу Іsаас Sегbаu = Ваltагusіаі Іsаkо Sегbоvо mеtufоtоgгаfjоsе / склад., аўт. уступ. артыкула В. А. Лабачэўская; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2012. — 456 с. : іл. — (Энцыклапедыя рарытэтаў). Кніга з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» уяўляе сабой унікальны альбом фотаздымкаў, зробленых беларускім этнографам І. А. Сербавым у 1911–1912 гг. падчас навуковых экспедыцый па населеных пунктах Мінскай губерні, якія ўваходзяць у склад Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей Беларусі, Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны. Упершыню ў навуковы і шырокі грамадскі зварот уводзяцца каштоўныя візуальныя дакументы па беларускай этнаграфіі, гісторыі і культуры. У сваіх фотаработах І. А. Сербаў адлюстраваў для нашчадкаў традыцыйную беларускую вёску напярэдадні Першай сусветнай вайны і рэвалюцый 1917 года. Выданне адрасавана ўсім, хто цікавіцца этнаграфіяй, культурай, традыцыйным адзеннем, архітэктурай Беларусі, гісторыяй развіцця беларускай фатаграфіі. Арыгіналы фотаздымкаў захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. |
|
Полацк, 1150 = Полоцк, 1150 / [складальнікі: У. П. Свентахоўскі і інш.] ; [фото: В. В. Даніловіча і інш.]. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2012. — 546, [4] с. Кніга з'ўляецца адным з выданняў серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў». Кніга стала пераможцай Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2013». Кніга-фотаальбом «Полоцк. 1150», прымеркаваная да юбілею старажытнага горада, адлюстроўвае шматвяковую гісторыю Полацка і Полацкай зямлі – з часоў з'яўлення на гэтай тэрыторыі славян-крывічоў да сучаснасці, распавядае пра выдатных людзей: Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага і многіх іншых дзеячаў культуры, якія праславілі Беларусь у свеце. Выданне ўтрымлівае картаграфічныя і гістарычныя матэрыялы, а таксама болей за 1000 фотаздымкаў. |
|
Белорусы Москвы. XVII век / сост. О. Д. Баженова, Т. В. Белова ; ред. В. С. Войткевич ; авт. текстов: И. Л. Бусева-Давыдова и др. ; фото Н. Н. Рахманова и др.]. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2013. — 472 с. — (Энциклопедия раритетов). Кніга з'яўляецца сумесным выдавецкім праектам, які быў рэалізаваны ў межах Пагаднення паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Дэпартаментам СМІ і рэкламы г. Масквы. Новы фаліянт прысвечаны гісторыі XVII ст. Фотаальбом «Белорусы Москвы. XVII век» – гэта ўнікальная калекцыя твораў, якія былі створаны рукамі беларускіх керамістаў, рэзчыкаў, майстроў залатых і срэбных спраў у Маскве чатыры стагоддзі таму. Сярод архітэктурных шэдэўраў – Маскоўскі крэмль, Царскі палац у Каломенскім, Новаіерусалімскі манастыр. Кніга знаёміць чытачоў з помнікамі гісторыі і культуры, пра якія паспелі забыцца. А між тым, беларускія культурныя навацыі аказалі значны ўплыў на рускае мастацтва другой паловы XVII ст. |
|
Книжная культура. Ветка / [авт. текста С. И. Леонтьева, Г. Г. Нечаева ; фото А. П. Дрибас]. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2013. — 528 с. — (Энциклопедия раритетов). Яшчэ адна кніга з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў». У выданне ўвайшлі помнікі веткаўскай кніжнай культуры з калекцыі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава, а таксама з музейных і прыватных збораў. Унікальныя творы рукапіснай традыцыі і старадрукаваныя выданні ХVI–XIX стст. – рарытэты беларускіх, рускіх і ўкраінскіх майстроў-першадрукароў: П. Мсціслаўца, І. Фёдарава, А. Радзішэўскага і інш. Цікавую частку выдання прадстаўляюць рукапісы, багата дэкарыраваныя мясцовымі мастакамі-кніжнікамі. Дзякуючы гэтым рукапісам, магчыма дакрануцца да народнай мудрасці, якую перадавалі ў стараверскім асяроддзі з пакалення ў пакаленне. Кніга аднаўляе страчаныя каштоўнасці веткаўскай культуры. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Будзько, І. У. Пісьмовая спадчына гістарычнай Полаччыны : мова і тэксталогія / І. У. Будзько // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманiтарных навук. — 2008. — № 4. — С. 112—117.
2. Вайтовіч, Н. Т. Баркалабаўскі летапіс / Н. Т. Вайтовіч ; рэд. Р. І. Аванесаў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1977. — 205 с.
3. Весялуха, М. Адкрыць Беларусь. Наноў / М. Весялуха // Літаратура і мастацтва. — 2013. — 11 студз. — С. 9.
4. Кавалеўская, В. Пяцікніжжа першадрукара / В. Кавалеўская // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). — 2014. — 16 снеж. — С. 3.
5. Карнілава, Т. У. Беларускія кірылічныя выданні 2-й паловы XVI ст. у кніжнай прасторы Беларусі / Т. У. Карнілава // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Серыя 2: Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. — 2016. — № 2. — С. 142—145.
6. Клімаў, І. П. Да пытання аб атрыбуцыі і датаванні Слуцкага Евангелля ХVІ ст. / І. П. Клімаў // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі / склад. Л. Г. Кірухіна, К. В. Суша. — Мінск, 1995 —. — Вып. 11. — 2010. — C. 41—49.
7. Команава, Т. «Падарожнікі» ды рарытэты / Т. Команава // Культура. — 2011. — 3 верас. — С. 2.
8. Крупица, Н. Раритетный «Полоцк. 1150» / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. — 2012. — 12 июля. — С. 2.
9. Лапіцкая, А. Партрэты вялікага роду / А. Лапіцкая // Культура. — 2011. — 3 верас. — С. 6.
10. Матульскі, Р. [Прадмова] / Р. Матульскі // Кніжная спадчына Беларусі = Книжное наследие Беларуси = Belarusian book heritage : з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі / [склад. А. А. Суша ; прадм. Р. С. Матульскага ; фота А. П. Дрыбаса]. — Мінск : БелЭн. імя П. Броўкі, 2014. — С. 8—9.
11. Пуцко, В. Г. Ars Saera Полоцкой земли XI—XIII вв. / В. Г. Пуцко // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24—25 кастрычніка 2007 г.) / уклад. Т. А. Джумантаева. — Полацк, 2009. — С. 133—143.
12. Рошчына, Т. І. Аб узнаўленні Слуцкага Евангелля / Т. І. Рошчына // Дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 15—16 красавіка 2008 г. / навук. рэд. Л. П. Кунцэвіч, Н. В. Паляшчук. — Мінск, 2008. — С. 59—61.
13. Суша, А. Баркалабаўскі летапіс ці Баркалабаўскі летапісны спіс? / А. Суша // Беларускі гістарычны часопіс. — 2013. — № 8. — С. 5—18.
14. Суша, А. А. Даведнік па Беларусі для імператарскай асобы («Топографическия примечания на знатнейшия места путешествия Ея Императорского Величества в Белорусския Наместничества. 1780») / А. А. Суша // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі / склад. Л. Г. Кірухіна, К. В. Суша. — Мінск, 1995—. — Вып. 10. — 2008. — C. 49—80.
15. Суша, А. Кніжная спадчына Беларусі ў зборах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі / А. Суша // Беларускі гістарычны часопіс. — 2012. — № 12. — С. 8—13.
16. Суша, А. Тураўскае Евангелле — самая старажытная кніга Беларусі / А. Суша // Беларускі гістарычны часопіс. — 2015. — № 8. — С. 22—32.
17. Ярмоленка, Э. В. «Жыццё...» як сімвал / Э. В. Ярмоленка ; гутарыў М. Чэмер // Настаўніцкая газета. — 2012. — 2 чэрв. — С. 11.
18. Яршоў, І. А. Куцеінскі «Буквар» Спірыдона Собаля / І. А. Яршоў // Адукацыя на Віцебшчыне: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі, Віцебск, 30—31 сакавіка 2010 г. / рэдкал.: В. У. Акуневіч (адк. рэд.) [і інш.]. — Віцебск, 2010. — С. 23—26.