Дакрануцца да гісторыі
- Подробности
- Создано 29.12.2016 08:56
Дакрануцца да гісторыі
Выданні рэдкага фонду аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна
Фонд рэдкіх кніг – гэта частка асноўнага фонду, у якую ўключаны рэдкія або асабліва каштоўныя дакументы, якія вылучаюцца выдатнымі гістарычнымі, навуковымі, мастацка-эстэтычнымі і паліграфічнымі вартасцямі.
У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі сабраны і захоўваюцца рэдкія краязнаўчыя выданні ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў (дакладней, кнігі, выдадзеныя да 1941 г.). Гэта дакументы, кнігі па гісторыі і статыстычныя зборнікі, якія адлюстроўваюць гістарычнае, эканамічнае, сацыяльна-культурнае становішча Віцебшчыны ў адзначаны перыяд. На сённяшні дзень рэдкі фонд аддзела налічвае каля 220 асобнікаў. Гэтыя выданні ў большасці сваёй былі выдадзены ў г. Віцебску маленькім тыражом і да нашых дзён іх захавалася лічаная колькасць экзэмпляраў. Пазнаёмімся з некаторымі рэдкімі выданнямі.
Самым старым выданнем ў рэдкім фондзе з'яўляецца кніга «Исторические сведения о жизни преподобной Евфросинии, княжны Полоцкой», выдадзеная ў 1841 г.одзе.
Адным з найбольш цікавых і рэдкіх выданняў з'яўляецца «Витебская старина» вядомага гісторыка А. П. Сапунова. Гэта зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны ХІ–ХІХ стагоддзяў. Планавалася, што зборнік будзе складацца з шасці тамоў, аднак былі выдадзены толькі тры тамы – 1-ы (1883.), 4-ы (1885 год., у 2 частках) і 5-ы (1888). У матэрыялах зборніка ўтрымліваюцца ўрыўкі з летапісаў, інвентары горада, граматы віцебскіх і палацкіх князёў, статыстычныя звесткі, законы Расійскага ўрада, дакументы пра Айчынную вайну 1812 г.ода, спісы віцебскіх ваяводаў і кашталянаў, матэрыялы па гісторыі Полацкай епархіі і іншыя гістарычныя звесткі. Большасць дакументаў зборніка была апублікавана ўпершыню, частка прадстаўлена ў перакладах. Кніга вызначаецца не толькі цікавым і багатым фактычным матэрыялам, але і рэдкім для правінцыяльных выданняў афармленнем. Яна выдадзена з каляровымі малюнкамі, вялікай колькасцю партрэтаў, планаў і літаграфій.
Пяру А. П. Сапунова належаць многія даследаванні па гісторыі Віцебшчыны. Не менш цікавай з'яўляецца кніга «Двинские или Борисовы камни» (1890). Гэтая кніга аформлена больш сціпла і дайшла да нас у невялікай колькасці экзэмпляраў. Яна прысвечана ўнікальнаму помніку беларускай эпіграфікі ХІІ стагоддзя. Кніга ўтрымлівае апісанне размяшчэння, памераў, геалагічнай пароды чатырох захаваўшыхся Барысавых камянёў, прарысоўкі саміх камянёў і малюнкаў на іх.
Яшчэ адно даследаванне А. П. Сапунова – «Река Западная Двина». Кніга была выдадзена ў Віцебску ў 1893 годзе. У ёй распавядаецца пра галоўную водную артэрыю Віцебшчыны і адну з буйнейшых рэк Рускай раўніны – Заходнюю Дзвіну. Дакумент прадстаўляе сабой падрабязнае апісанне ракі, яе берагоў і прылягаючых тэрыторый. Кніга багата ілюстравана і ўтрымлівае шмат чарцяжоў.
Сярод этнаграфічных прац, прысвечаных Віцебшчыне, значнае месца займаюць даследаванні знакамітага беларускага вучонага Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага. Самая вядомая з іх – «Нечистики: свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе» (1907). Гэта ўнікальная для сваіх часоў праца, у якой змешчаны шматлікія вераванні ў звышнатуральныя з'явы, якія бытавалі некалі ў Віцебскім краі. На старонках кнігі ў цікавай форме прадстаўлены норавы і звычаі, душэўны настрой і мова нашых продкаў.
Яшчэ адна праца М. Я. Нікіфароўскага – «Очерки простонародного жития-бытия в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности» (1895). Гэта этнаграфічнае даследаванне, у якім даецца апісанне ежы, адзення, жылля, гаспадарчых пабудоў, прылад працы беларусаў. Каштоўнасць працы заключаецца і ў тым, што ў ёй жыццё народа паказана з улікам тых змен, якія адбыліся да канца ХІХ стагоддзя.
Не меншую цікавасць для гісторыкаў прадстаўляе «Полоцко-Витебская старина» – зборнік архіўных дакументаў, гістарычных артыкулаў і навуковых прац, якія былі падрыхтаваны і выдадзены Віцебскай вучонай архіўнай камісіяй у 1911–1916 гг. Зборнік быў выдадзены ў Віцебску ў трох кнігах на рускай мове. Да 1910 г. зборнік з'яўляўся перыядычным выданнем, якое называлася «Труды Витебской ученой архивной комиссии». У кнігах прадстаўлены матэрыялы Д. С. Леанардава, А. П. Сапунова, П. М. Красавіцкага і інш. Акрамя гэтага, друкуюцца справаздачы аб рабоце Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, мемуары ўдзельнікаў Айчыннай вайны 1812 года, матэрыялы з Віцебскага губернскага архіва, асвятляюцца падзеі культурнага, навуковага і грамадскага жыцця Віцебшчыны.
Сярод прац па геаграфічным даследаванні краю трэба адзначыць кнігу «Россия. Полное географическое описание нашего Отечества». Гэта мнагатомнае выданне, якое выходзіла пад рэдакцыяй В. П. Сямёнава. Першы том быў апублікаваны ў 1899 г. Планавалася выданне 22 тамоў, аднак выйшла толькі 11. Мнагатомнік утрымлівае поўнае геаграфічнае апісанне розных рэгіёнаў Расіі, а дзявяты том пад назвай «Верхнее Поднепровье и Белоруссия» (1905) амаль поўнасцю прысвечаны Віцебшчыне. У кожным томе ў сістэматычным парадку даецца апісанне прыроды, геаграфічнага становішча, насельніцтва, гаспадаркі, населеных месцаў і мясцін асобных рэгіёнаў. У раздзеле «Прырода» можна знайсці звесткі пра рэльеф, геалагічную будову і карысныя выкапні, клімат, глебы, жывёльны і раслінны свет рэгіёнаў. У раздзеле «Насельніцтва» прыводзяцца звесткі пра гісторыю рэгіёна, размеркаванне насельніцтва па тэрыторыіі, этнічны склад, асаблівасці быту і культуры. Кожны том багата ілюстраваны картамі, графікамі і малюнкамі.
Цікавымі перыядычнымі выданнямі пра наш край з'яўляюцца «Памятные книжки Витебской губернии», якія выдаваліся ў 1861–1914 гг. Віцебскім губернскім статыстычным камітэтам. Іх было выпушчана каля 30. Гэтыя выданні з'яўляліся своеасаблівым даведнікам па Віцебскай губерніі. Складаліся яны з гістарычнага, этнагарафічнага, археалагічнага, даведачнага і статыстычнага разделаў. У іх публікаваліся многія работы вядомых вучоных А. Семянтоўскага, А. Сапунова, М. Нікіфароўскага і іншых краязнаўцаў. Прыводзіліся разнастайныя звесткі з жыцця Віцебшчыны – склад і колькасць жыхароў гарадоў, колькасць жывёлы, заводаў і фабрык, крам і магазінаў, урачоў, фатографаў, бібліятэк. Змяшчаліся даныя аб ураджаях, рэках і азёрах краю, поўныя спісы служачых усіх губернскіх і гарадскіх устаноў, камітэтаў, палат і ведамстваў. Неабходна адзначыць, што ўсе «Памятные книжки...» не страцілі свайго навуковага значэння да нашага часу.
Крыніцай вывучэння рэлігійнага жыцця Віцебшчыны для даследчыкаў могуць стаць «Полоцкие епархиальные ведомости» – перыядычнае выданне, якое выходзіла з 1874 г. Кожны нумар складаўся з двух раздзелаў – афіцыйнага і неафіцыйнага. Афіцыйная частка прызначалася для публікацыі імператарскіх маніфестаў, якія адносіліся да Царквы, загадаў і распараджэнняў Свяцейшага Сінода, епархіяльнага кіраўніцтва, паведамленняў пра перамяшчэннні і вакансіі, вытрымкі з гадавых справаздач кансісторыі, семінарыі і іншых епархіяльных устаноў. У неафіцыйнай частцы публікаваліся ўрыўкі з твораў святых айцоў, пропаведзі і творы павучальнага характару, мясцовыя гістарычныя, біяграфічныя, краязнаўчыя і бібліяграфічныя матэрыялы, апісанні дзейнасці прыходаў, манастыроў, брацтваў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Полацкай епархіі.
З мэтай захавання, далейшага збору і папулярызацыі дакументальнай спадчыны сярод шырокага кола чытачоў у 2009 годзе была створана электронная калекцыя алічбаваных дакументаў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў «Витебщина: документальное наследие». На сённяшні дзень гэта каля 1800 экзэмпляраў кніг, перыядычных выданняў, статыстычных зборнікаў, даведачна-інфармацыйных і ілюстрацыйных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць гістарычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае становішча Віцебшчыны ў адзначаны перыяд. Матэрыялы ў калекцыі размешчаны ў сістэматычным парадку: аўтар, загаловак, ключавыя словы, год выдання. Для больш зручнага карыстання ў калекцыі прапанаваны просты і пашыраны пошук, ёсць паказальнік аўтараў, матэрыялы падзелены на катэгорыі. Калекцыя папаўняецца па меры паступлення новых дакументаў. З поўным спісам дакументаў, змешчаных у базе, можна пазнаёміцца на сайце нашай бібліятэкі.
ЛІТАРАТУРА
1. Балацкая, Н. М. Памятные книжки губерний и областей Российской империи: опыт библиографической реконструкции / Н. М. Балацкая // Труды Международного библиографического конгресса : (Санкт-Петербург, 21—23 сентября 2010 г.) / науч. ред.: Н. К. Леликова [и др.] ; ред.: М. А. Бенина, Л. С. Гейро. – Санкт-Петербург, 2012. – Ч. 3 : Библиографические исследования в гуманитарных науках. Источниковедение в библиографии. Библиографические аспекты изучения книжной культуры. История библиографии. – С. 88–93.
2. Корсак, О. В. Памятные книжки Витебской губернии как источник по истории края (вторая половина ХІХ – начало ХХ в.) / О. В. Корсак // Віцебскі край / рэдкал.: Т. Н. Адамян (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2016. – Т. 1 : Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 170-годдзю з дня нараджэння М. Я. Нікіфароўскага, 5 лістапада 2015 г., Віцебск. – С. 101–104.
3. Падліпскі, А. Аддзел рэдкіх кніг / А. Падліпскі // Віцебскі рабочы. – 1975. – 11 кастр. – С. 3.
4. Подлипский, А. М. Известные книги Алексея Сапунова / А. М. Подлипский // Книжное наследие А. П. Сапунова : материалы республиканской научно-практической конференции к юбилеям издания А. П. Сапуновым книг «Витебская старина» (т. 1, 1883) и «Река Западная Двина» (1893), 23 декабря 2013 г. / [редкол.: А. И. Сёмкин и др.]. – Минск : Национальная библиотека Беларуси, 2014. – С. 34–42.
5. Подлипский, А. Книга в Витебске (книгоиздательство, библиотеки и книголюбы Витебска): дооктябрьский период / А. Подлипский. – Витебск, 1999. – 64 с.
6. Подлипский, А. Периодическая печать Витебска / А. Подлипский. – Витебск, 2001. – 160 с.
7. Шевкун, П. В. «Полоцкие епархиальные ведомости» как средство внутрицерковной коммуникации / П. В. Шевкун // Віцебскі край / рэдкал.: Т. Н. Адамян (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2016. – Т. 1 : Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 170-годдзю з дня нараджэння М. Я. Нікіфароўскага, 5 лістапада 2015 г., Віцебск. – С. 328–332.
СПІС КНІГ, ПРАДСТАЎЛЕНЫХ У ГАЛЕРЭІ
1. Витебская старина : [в 5 т.] / составил и издал А. Сапунов. – Витебск : в Типографии Губернского правления, 1883. – Т. 1. – [2], XXIV, 669 с. с ил. ; 55 л. ил.
2. Исторические сведения о жизни преподобной Евфросинии, княжны Полоцкой, с описанием и изображением Креста, принесенного ею в дар Полоцкой Спасской обители. – Санкт-Петербург : в Синодальной типографии, 1841. – [1], V, [1], 28 с.
3. Никифоровский, Н. Я. Нечистики : свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе / Н. Я. Никифоровский. – Витебск, 1908. – 102 с.
4. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности : этнографические данные с географическим видом Витебской губернии и четырмя чертежами в тексте / сост. Н. Я. Никифоровский. – Витебск : Губернская Типография, 1895. – III, 552, CLIV, VIII с.
5. Памятная книжка Витебской губернии на 1889 год / издание Витебского губернского статистического комитета. – Витебск, 1889. – [910] с разд. паг. ; 7 л. табл.
6. Полоцкие епархиальные ведомости. – 1909. – № 15. – [26] c.
7. Полоцкие епархиальные ведомости. – 1909. – № 22. – [36] c.
8. Полоцко-Витебская старина / издание Витебской ученой архивной комиссии. – Витебск : Типография наследников М. Б. Неймана, 1911. – Кн. 1. – [384] c. разд. паг.
9. Россия. Полное географическое описание нашего отечества : настольная и дорожная книга для русских людей : [в 19 т.] / под ред. В. П. Семенова и под общ. руководством П. П. Семенова, В. И. Ламанского. – Санкт-Петербург : А. Ф. Девриен, 1905. – Т. 9 : Верхнее Поднепровье и Белоруссия / сост.: В. П. Семенов [и др.]. – IV, [3], 619 с. : ил.
10. Сапунов, А. П. Двинские или Борисовы камни / А. Сапунов. – Витебск : Типография Витебского губернского правления, 1890. – [2], 31 с. : ил.