eye

База данных «Человек года Витебщины»

type your text for first image here

База данных «Человек года Витебщины»

База данных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

type your text for second image here

База данных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

База данных «Витебщина: документальное наследие»

type your text for third image here

База данных «Витебщина: документальное наследие»

База данных «Художники Витебщины»

type your text for 4th image here

База данных «Художники Витебщины»

База данных «Афганистан. Без права на забвение»

type your text for 5th image here

База данных «Афганистан. Без права на забвение»

База данных «Каталог подписных изданий»

type your text for 7th image here

База данных «Каталог подписных изданий»

База данных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»

type your text for 8th image here

База данных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»

Виртуальный проект «Витебщина в войне 1812 года»

type your text for 9th image here

Виртуальный проект «Витебщина в войне 1812 года»

Виртуальный проект «Святые покровители Витебщины»

type your text for 10th image here

Виртуальный проект «Святые покровители Витебщины»

Виртуальный проект «Военные дороги библиотекарей Витебщины»

type your text for 11th image here

Виртуальный проект «Военные дороги библиотекарей Витебщины»

  • banner-95-library-2024
  • banner-Bykov-2024

 

  • anons-AUTUMN-VACATION
  • anons-V-kraj-2024
  • anons-znatoki PDD-02 11 2024
  • anons-LABORATORY 14 11 2024
  • anons-VITEBSK-WITH-LOVE
  • anons-vzglyad-iznutri
  • anons-ExLibris
  • anons-presidential library
  • anons-litres
  • shkola-mastak
  • anons-echz
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС

banner-god-kachestva-2024
banner-80-vyzvalennya-Belarusi-2024

Стваральнік ваеннай эпапеі

banner-Bykov-2024

 
 
Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава

 

Васіль Быкаў упэўнена і годна ішоў да вышыняў літаратурнай славы. А ўзыходжанне гэтае было нялёгкім, па-грамадску мужным, бо ён заўсёды вёў спрэчку з часам, не прымаў фальшы і спрашчэнства ў адлюстраванні ваенных падзей, сцвярджаў у сваёй творчасці высокія маральныя прынцыпы, ідэалы праўды і гуманізму. Васіль Уладзіміравіч насіў званне народнага пісьменніка Беларусі цалкам заслужана: ён раскрыў мужнасць і подзвіг народнага духу ў гады вайны з фашыстамі, быў сімвалам беларускай нацыі і верным, адданым сынам сваёй зямлі.

Пісьменнік прайшоў праз суровыя франтавыя выпрабаванні і меў баявыя ўзнагароды, у тым ліку ордэн Чырвонай Зоркі. Яго літаратурны талент атрымаў высокую адзнаку. Васіль Быкаў – герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, расійскай прэміі «Трыумф» і інш. Творчасць пісьменніка добра вядома не толькі ў былым Савецкім Саюзе, але і ў еўрапейскіх краінах. Яго кнігі і творы перакладзены больш чым на 50 моў свету. «Па творах Быкава ведалі і меркавалі пра Беларусь ва ўсім свеце... Але да сваёй славы, шматлікіх заслужаных узнагарод ён ставіўся спакойна...», – гаворыцца ў некралогу, падпісаным вядомымі беларускімі пісьменнікамі Я. Брылём, Р. Барадуліным, Н. Гілевічам, І. Навуменкам, І. Шамякіным і інш.

Васіль Быкаў з'явіўся на свет 19 чэрвеня 1924 года. Яму пашанцавала: 97% з тых, хто нарадзіўся ў 1924 годзе, загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не дачакаліся Дня Перамогі.

Маці пісьменніка – Ганна Рыгораўна, бацька – Уладзімір Фёдаравіч. На долю гэтых беларускіх сялян выпала нямала цяжкасцяў і пакут, якія неслі з сабой рэвалюцыі, сацыяльная неўладкаванасць, сталінская калектывізацыя.

Дзіцячыя гады будучага празаіка прайшлі ва ўмовах нялёгкага даваеннага жыцця. Васіль Уладзіміравіч згадваў: «Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць... Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі. Улетку возера, лес, рыбалка. Калі дазваляў час, вядома. Бо трэба было працаваць. Трэба, ды і прымушалі».

У раннім дзяцінстве з вуснаў бацькі Васіль Быкаў пачуў першы твор на беларускай мове – гэта было апавяданне Міхася Лынькова «Гой». Уладарамі сваіх тагачасных дум Васіль Уладзіміравіч называў Майн Рыда, Жуля Верна, Джэка Лондана, а таксама А. Гайдара, М. Горкага, Л. Талстога. Гэта яны запалілі ў яго душы «агеньчык надзеі» і паклікалі «да светлага».

Цяга «да іншага і светлага» прывяла будучага пісьменніка ў Віцебскае мастацкае вучылішча. Але не толькі з гэтай прычыны ён падаўся на вучобу. Беднасць і голад вымусілі яго пакінуць свой родны кут. Але не суджана было Васілю Уладзіміравічу стаць мастаком і закончыць вучылішча. Адмянілі стыпендыю – і ён вымушаны быў вярнуцца ў вёску, дзе яго сустрэла «ранейшая галеча, калгаснае бязладдзе».

У гэты час быў аб'яўлены набор у школы ФЗН (фабрычна-завадскога навучання). І таму Васіль Быкаў падаўся зноў у Віцебск, на гэты раз – каб атрымаць прафесію будаўніка.

У чэрвені 1941 года ў пошуках заробку і лепшай долі ён паехаў на Украіну, дзе жыў яго дзядзька. Тут будучы творца сустрэў вестку пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, якая перайначыла і зруйнавала мірны лёс даваеннага пакалення моладзі.

З пачаткам вайны пісьменнік быў мабілізаваны на абаронную працу. Пасля зведаў горыч адступлення па пыльных дарогах на ўсход.

Праз некаторы час Васіль Уладзіміравіч апынуўся ў запасным палку, потым яго накіравалі ў Саратаўскае пяхотнае вучылішча. Прайшоў скарочаны курс вайсковай падрыхтоўкі: на кожны дзень адводзілася па дзесяць гадзін заняткаў, якія, у асноўным, праходзілі на плацы і ў полі – у спёку, дождж і мароз. Курсанты былі задзейнічаны ў абароннай працы, ліквідавалі пажары. Васіль Быкаў перажыў, па яго словах, «год звышчалавечага напружання». Пагоны малодшага лейтэнанта ён атрымаў увосень 1943 года і быў адпраўлены на фронт. Пісьменнік шмат чаго пабачыў на вайне: выбухі, якія бязлітасна разварочвалі зямлю, гібель людзей, салдацкую мужнасць, няўдалыя наступленні... Кожны бой на пярэднім краі ператвараўся ў вогненнае пекла, дзе ўратавацца было неймаверна цяжка.

Васіль Быкаў быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях. У 1944 годзе бацькі атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў каля Кіраваграда. На самой справе, у цяжкім баі ён здолеў цудам уратавацца ад гусеніц варожага танка. Лёс літасціва збярог яму жыццё. І пісьменнік працягваў ваяваць далей. З дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю.

Дэмабілізаваўшыся ў 1955 годзе з арміі ў званні маёра запаса, Васіль Уладзіміравіч жыў у Гродне, працаваў літаратурным супрацоўнікам і кансультантам у газеце «Гродненская праўда».

Васіль Быкаў не думаў, што будзе пісьменнікам. Спатрэбіўся час, каб ён усвядоміў, што мае права сказаць сваё слова пра ўбачанае і перажытае на вайне. Калі пачаў знаёміцца з тым, што пісалася пра баявыя падзеі, то адчуў пачуццё незадаволенасці. Васіль Уладзіміравіч пераканаўся ў аблегчаным паказе франтавой рэчаіснасці, празмернай гераізацыі барацьбы з ворагам. Гэта выклікала ўнутраную нязгоду і жаданне ўзяцца за пяро. Так, у канцы 40-х – на пачатку 50-х гг. пісьменнік распачаў сур'ёзную творчую працу, якая мела асабліва актыўны і плённы працяг на хвалі грамадскай «адлігі». У другой палове 50-х – 60-я гг. убачылі свет аповесці пісьменніка «Жураўліны крык» (1959), «Здрада» (1960), «Трэцяя ракета» (1961), «Пастка» (1962), «Альпійская балада» (1963), «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968). Гэтыя творы прынеслі пісьменніку сапраўдны поспех, шырокую вядомасць і папулярнасць як у Беларусі, так і за яе межамі. Васіль Быкаў арыентаваўся на свой франтавы вопыт, што абумовіла напісанне глыбока праўдзівых твораў пра вайну. Ён пераканаўся, што ўласна перажытага хопіць на многія кнігі. Аўтабіяграфізм, як сведчыць сам празаік, найбольш шырока і яскрава выяўлены ў аповесці «Мёртвым не баліць». Франтавы вопыт дапамагаў Быкаву-пісьменніку. Ён раскрыў увесь трагізм таго часу, калі змаганне і нянавісць разбурылі многія ранейшыя ўяўленні, перакананні, каштоўнасці. У сваіх творах Васіль Уладзіміравіч адлюстраваў гераічнае ва ўмовах смяротных выпрабаванняў і разам з тым паказаў подлае, пачварнае, на что штурхаюць чалавека пэўныя абставіны. Ён лічыў сваім абавязкам пісьменніка-грамадзяніна выкрываць жорсткасць і бесчалавечнасць вайны.

З канца 60-х гг. Васіль Быкаў пачаў асэнсоўваць зусім іншы матэрыял ваеннага мінулага – падзеі партызанскай барацьбы і лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі («Круглянскі мост», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца» і інш.).

У пачатку 70-х гадоў Васіль Уладзіміравіч написаў такія значныя творы, як аповесці «Сотнікаў» (1970) і «Абеліск» (1971). У гэтых творах аўтар найперш засяроджвае ўвагу «на чалавеку... маральнага дзеяння» (І. Дзядкоў). Пісьменнік прызнаваўся: «Мяне цікавілі подзвігі іншага кшталту – подзвігі духу». Былы камбат, партызан Сотнікаў з аднайменнай аповесці і настаўнік Мароз («Абеліск») з годнасцю ідуць на смерць, якая ўспрымаецца як самаахвяраванне дзеля іншых.

У 1978 годзе Васіль Быкаў пакідае Гродна, дзе з 1972 года працаваў сакратаром абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР, і пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск. У празаіка з'явілася больш вольнага часу для літаратурнай дзейнасці.

Аповесць «Знак бяды» (1982) распачынае новы этап у творчасці пісьменніка. Яго думка, мастацкая і філасофская, накіравана на сцвярджэнне каштоўнасцей не толькі нацыянальных, але і агульначалавечых. Акцэнт пры гэтым робіцца на ідэю ўнікальнасці чалавечага жыцця. Празаік больш востра адчувае сувязь часу і пакаленняў, узаемазалежнасць такіх падзей, як рэвалюцыя, калектывізацыя і вайна з фашызмам, духоўны стан цэлай нацыі на зломе эпох. Гэты твор – «аб нечалавечых пакутах і аб сапраўднай чалавечнасці, аб сіле і нязломнасці чалавечага духу, сапраўды народнага характару» (П. Дзюбайла).

За аповесць «Знак бяды» ў 1986 годзе Васілю Уладзіміравічу была прысуджана Ленінская прэмія.

Аповесці «У тумане» (1988) і «Аблава» (1989) паклалі пачатак сучаснаму этапу творчасці Васіля Быкава. Гэты этап адначасова стаў заключным для пісьменніка. Ён выдаў кнігі прозы «Сцяна» (1997), «Пахаджане» (1999). У гады перабудовы-адраджэння празаік актывізаваўся як грамадскі дзеяч і публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв'ю склалі зборнік «На крыжах» (1992) і «Крыжовы шлях» (1998). Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў «Доўгая дарога дадому» (2002).

Васіль Быкаў – патрыёт сваёй Бацькаўшчыны. Яго, пісьменніка-грамадзяніна, асабліва хвалявала будучыня нашага народа. Ён вельмі любіў сваю Радзіму. Па волі лёсу празаіку прыйшлося некалькі гадоў жыць на чужыне. Аднак на вечны супакой Васіль Уладзіміравіч вярнуўся на родную зямлю. Пісьменнік пайшоў з жыцця 22 чэрвеня 2003 года. Гэты дзень у 1941-м годзе стаў трагічнай датай у гісторыі – пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая прадвызначала жыццёвы і творчы лёс Васіля Быкава. Пахаваны пісьменнік на Усходніх могілках у Мінску.

 


01

Бугаёў, Д. Я. Васіль Быкаў : нарыс жыцця і творчасці / Д. Я. Бугаёў. – Мінск : «Народная асвета», 1987. – 207 с.

 

 

У кнізе аўтар асвятляе жыццёвы і творчы шлях пісьменніка Васіля Быкава, паказваецца яго пісьменніцкая адметнасць, яго роля ў адлюстраванні народнага подзвігу ў барацьбе з фашызмам.



02

Буран, В. А. Васіль Быкаў : нарыс творчасці / В. А. Буран. – Мінск : «Мастацкая літаратура», 1976. – 223 с.

 

Гэтае выданне – першае манаграфічнае даследаванне творчасці вядомага беларускага празаіка. Разглядаючы шлях

пісьменніка ад яго ранніх апавяданняў да аповесці «Дажыць да світання», крытык паказвае фарміраванне творчай індывідуальнасці Васіля Быкава.


03

Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / рэдкал.: У. В. Гніламёдаў [і інш.]. – Мінск : «Беларуская навука», 2001. – Т. 3 : 1941–1965. – 952 с.

 

Выданне ўключае раздзелы агульнага агляду літаратурнага працэсу ваеннага часу, першага пасляваеннага дзесяцігоддзя і пазнейшых гадоў дэмакратычнага абнаўлення грамадства да 1965 года. Асобныя персанальныя раздзелы прысвечаны творчасці пісьменнікаў, якія ў гэты перыяд дасягнулі вялікіх мастацкіх поспехаў.


04

Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Ф. Мяснікоў. – Мінск : «Литература и Искусство», 2008. – 344 с. : іл.

 

Выданне змяшчае біяграфічныя партрэты вялікіх і знакамітых асоб Беларусі: уладароў, асветнікаў, гісторыкаў, дойлідаў, пісьменнікаў, мастакоў і інш.


05

Навумовіч, У. А. Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнiк / У. А. Навумовіч. – Мінск : «Вышэйшая школа», 2007. – 478 с.


У вучэбным дапаможніку раскрываюцца агульны рух і галоўныя тэндэнцыі развіцця мастацтва слова, шляхі станаўлення творчых індывідуальнасцей пісьменнікаў, роля і месца беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай літаратуры ад антычнасці да сучаснасці.


06

Шапран, С. У. Васіль Быкаў : гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах / С. У. Шапран. – Мінск – Гародня, 2009. – Ч. 1. – 734 с., [20] с. : іл.

 

Дадзенае выданне – першая спроба стварэння своеасаблівай энцыклапедыі Васіля Быкава ці дакументальнага біяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі.


 

ЛІТАРАТУРА

1. Абудзіць жывых – да жыцця / падрыхт. Л. Цімошык // Звязда. – 2014. – 19 чэрв. – С. 5.

2. Адамовіч, Г. Васіль Быкаў – вялікае сэрца народа / Г. Адамовіч // Роднае слова. – 2013. – № 6. – С. 3–5.

3. Алейчанка, Ю. Зрабіць гэты свет крыху лепшым / Ю. Алейчанка // Полымя. – 2015. – № 9 – С. 184–185.

4. Багарадава, Т. Р. Асаблівасці станаўлення «ваеннай» аповесці Васіля Быкава / Т. Р. Багарадава // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A. Гуманитарные науки. – 2016. – № 10. – С. 84–88.

5. Бугаёў, Д. Я. Васіль Быкаў : нарыс жыцця і творчасці / Д. Я. Бугаёў. – Мінск : Народная асвета, 1987. – 207 с.

6. Буран, В. А. Васіль Быкаў : нарыс творчасці / В. А. Буран. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. – 223 с.

7. Васіль Быкаў // Вывучэнне творчасці пісьменнікаў : класікі і сучаснікі ў школе / А. І. Бельскі. – Мінск : Аверсэв, 2005. – С. 128–157.

8. Васіль Быкаў (1924–2003) : талент мужны, непаўторны // Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. – Мінск : Литература и Искусство, 2009. – С. 305–309.

9. Вызваленне і ачышчэнне // Пясочны гадзіннік : літаратурна-крытычныя артыкулы, нарысы, рэцэнзіі, нататкі / Л. Алейнік. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010 – С. 47.

10. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / рэдкал.: У. В. Гніламёдаў [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2001. – Т. 3 : 1941–1965. – 952 с.

11. Для Радзімы і яе славы // Жыццёвы меланж : публіцыстычныя артыкулы, лірычныя замалёўкі, мініяцюры, эсэ / Р. Гарэцкі. – Мінск : Кнігазбор, 2013. – С. 193–212.

12. Кабржыцкая, Т. Мой Васіль Быкаў / Т. Кабржыцкая // Літаратура і мастацтва. – 2014. – 20 чэрв. – С. 6–7.

13. Мачэль, А. Васіль Быкаў. Звесткі пра жыццё і творчасць / А. Мачэль // Роднае слова. – 2008. – № 6. – С. 39–41.

14. Навумовіч, У. А. Беларуская літаратура : вучэб. дапаможнiк / У. А. Навумовіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 2007. – С. 447–456.

15. Прыгодзіч, З. «Я просты, біты жыццём беларус, які мае толькі адну мэту – застацца сумленным...» : некалькі суб'ектыўных згадак пра Васіля Быкава / Зіновій Прыгодзіч // Звязда. – 2020. – 13 мая. – С. 5.

16. Тарасава, С. Вечная ідэя ў ваенных творах Васіля Быкава / С. Тарасава // Белая вежа. – 2015. – № 12. – С. 131–135.

17. Чарнякевіч, Ц. Васіль Быкаў. Адзінота і свабода / Ц. Чарнякевіч // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 12 ліп. – С. 5.

18. Шапран, С. У. Васіль Быкаў : гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах / С. У. Шапран. – Мінск – Гародня, 2009. – Ч. 1. – 734 с., [20] с.: іл.