
"Папялішча – не тлен"
- Подробности
- Создано 05.08.2009 22:00
5 жніўня 2009 года адбылася перадача 100 экзэмпляраў кнігі "Папялішча – не тлен". Такі падарунак для бібліятэк вобласці зрабіў яе аўтар Мікалай Мароз. Кніга адлюстроўвае жорсткія часы барацьбы Обальскіх падпольшчыкаў Шумілінскага раёна з фашыстамі. Вялікі дзякуй Мікалаю Аркадзьевічу за падарунак.
Мікалай Мароз нарадзіўся 13 снежня 1954 года ў вёсцы Старое Янчына Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Бацькі памерлі рана, калі пачынаў вучыцца ў педінстытуце, таму студэнцкае жыццё выпала нялёгкім. Пасля заканчэння інстытута ў 1976 годзе быў накіраваны настаўнікам у Докшыцкі раён, дзе шэсць гадоў аддаў школе – выкладаў беларускую мову і літаратуру.
Але лёс і прага да журналістыкі перамаглі. Праўда, выспелая думка пайсці на сталую працу ў газету не была нечаканай. Яшчэ калі вучыўся ў Бродаўскай школе, на Барысаўшчыне, употай пісаў. Пасталеўшы,прыйшоўшы на працу ў школу, зразумеў, што неадольна пацягнула да газетнага слова. Паехаў у Віцебск, і яго накіравалі ў Шуміліна. Пачынаў карэспандэнтам. Апошнія сем гадоў займае пасаду намесніка галоўнага рэдактара шумілінскай газеты "Герой працы". У снежні 1999 года быў узнагароджаны Дыпломам Саюза журналістаў Беларусі за лепшую публікацыю – эсэ "Сваю любоў я патлумачу прозай..."
Вольным часам пісаў для душы. Так нараджаліся апавяданні, абразкі, мініяцюры, так нараджаліся аповесці. Гзтая скарбонка творчых намаганняў пісьменніка вылілася ў першую кнігу мастацкай прозы "Развеяны сум", якая выйшла ў 2006 годзе.
Рукапісу "Папялішча – не тлен" Мікалай Мароз аддаў два гады працы. Прыйшла чарга падзяліцца пісьменніку сваімі думкамі і развагамі пра Обальскае падполле з тымі, хто возьме ў рукі яго новую кнігу. Яна для аўтара – не менш любае дзіця, чым першае, чым "Развеяны сум". Бо яна пра моладзь, якая гартавалася ў гады апошняй вайны...




































