
"Гляджу на родныя мясціны"
- Подробности
- Создано 01.10.2009 22:00
Гляджу на родныя мясціны,
Адданая я ім навек,
Бо даражэй сваёй краіны
Не мае скарбу чалавек.
Менавіта гэтымі словамі Ірыны Ляшкевіч можна акрэсліць тэму бібліяграфічных аглядаў, што правялі супрацоўнікі аддзела беларускай літаратуры ў сярэдняй школе № 44 г.Віцебска.
Разважанні пра гістарычнае мінулае свайго народа, беражлівыя адносіны да народнай памяці, нацыянальна-культурных традыцый выклікалі сапраўдную цікавасць у вучняў, тым больш, што знаёмства з цікавымі айчыннымі выданнямі адбывалася ў невялічкім школьным музеі “Беларуская хата”. Прысутныя быццам бы трапілі ў пакой беларускай хаты першай паловы ХХ стагоддзя са шматлікімі прадметамі побыту і працы вяскоўцаў. Бібліятэкары прадставілі новыя выданні, што яскрава адлюстроўваюць фальклорную спадчыну Беларусі, пазнаёмілі навучэнцаў з самабытнай беларускай міфалогіяй.
Сёлетні год праходзіць у Беларусі пад знакам роднай зямлі. Гэта знакавая падзея для кожнага жыхара краіны. Агляд літаратуры, прапанаваны вучням старэйшых класаў, ператварыўся ў размову аб тым, што не толькі прырода, а перш за ўсё душа чалавека патрабуе аховы – ад чэрствасці і агрубення, ад адзіноты і эгаізму. Бо менавіта духоўнае збядненне цягне за сабой глабальныя катастрофы.





































