
Cустрэча з Валянцінай Коўтун
- Details
- Created on Wednesday, 06 June 2007 10:13
6 чэрвеня ў бібліятэцы адбылася сустрэча з Валянцінай Коўтун – пісьменніцай, паэтэсай, перакладчыкам.
Валянціна Міхайлаўна Коўтун нарадзілася ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу, працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. Паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага універсітэта, а з 4 курса перавялася ў Беларускі дзяржаўны універсітэт (скончыла ў1969).
Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (1969-1970), літкансультантам «Сельской газеты» (1970-1976). 3 1976 г. — літсупрацоўнік, з 1979 г. – рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 г. – загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 г. – старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя», з 2006 г. – рэдактар аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП Беларусі з 1975 г. 3 1997 г. – сябра СП Украіны. Старшыня Усебеларускага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай з 1993 г.
У друку выступае з 1966 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Метраном» (1985), «Лісты да цябе» (1988). Літаратурная прэмія імя А. Куляшова(1986),
Валянціна Коўтун – аўтар паэтычных зборнікаў для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), кнігі апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988), рамана-жыціе «Пакліканыя» (2002, часопіс «Полымя»), прысвечанага Еўфрасінні Полацкай. Выступае таксама як крытык, літаратуразнаўца і перакладчык з рускай, украінскай і іншых моў. Аўтар артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай беларускай паэзіі. Выйшлі кнігі «Святло народнага слова: Паэтычны лад беларускай народнай песні» (1984), «Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі» (1987).
Адна з важных тэм творчасці – асэнсаванне асобы беларускай паэткі Цёткі (А. Пашкевіч), якой прысвечаны паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985), раман-дылогія «Крыж міласэрнасці» (1988–1996).
З цікавасцю слухалі прысутныя вершы аўтара са зборніка "Свяча любові", кожная з трох частак якога люструе знакавыя вехі творчасці і жыцця паэтэсы. Ішла шчымлівая размова пра хараство кахання і чалавечых узаемаадносін.
Таксама пісьменніца прадставіла раман-жыціе "Пакліканыя", прысвечаны Еўфрасінні Полацкай, які нядаўна выйшаў у выдавецтве "Мастацкая літаратура" і хутка з'явіцца ў нашай бібліятэцы.







































