
Праект «Кожная пятніца – роднае, сваё»
- Details
- Створана 30.03.2026 10:47
Віцебская абласная бібліятэка падтрымлівае ініцыятыву Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь і далучаецца да праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё».
Нягледзячы на тое, што пятніца – гэта афіцыйны выхадны для абслугоўвання чытачоў, мы штомесяц будзем прапаноўваць праекты, якія можна наведаць у гэты дзень па папярэдняй замове.
Таксама будзем нагадваць пра нашы мультымедыйныя праекты, даступныя анлайн на сайце бібліятэкі.
КРАСАВІК
«Даследчык старадаўняга Віцебска. Аркадзь Падліпскі»
У 2026 годзе сваё 80-годдзе адзначыць краязнаўца, нястомны даследчык Аркадзь Міхайлавіч Падліпскі. Шмат дзесяцігоддзяў ён збірае звесткі не толькі пра наш горад, але і пра людзей, што тут жылі і жывуць. Вынікам гэтай руплівай працы сталі кнігі, кожная з якіх – сапраўднае адкрыццё. На кніжнай выставе ў фае трэцяга паверха абласной бібліятэкі прадстаўлены кнігі даследчыка, артыкулы са зборнікаў і перыядычных выданняў.
Аддзел краязнаўства +375 212 67-49-11
«Нам разам жыць завешчана гісторыяй»
У рамках святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў Віцебскай абласной бібліятэцы прадстаўлена выстава «Нам разам жыць завешчана гісторыяй».
У выставачнай зале «Ех Libris» экспануюцца ўнікальныя кнігі, якія прысвечаны выдатным людзям, нацыянальным асветнікам, значным навуковым і культурным падзеям у гісторыі брацкіх народаў.
Сярод выданняў – «Симеон Полоцкий. Подвижник и просветитель» (2024), «Иван Федоров и Франциск Скорина. Открывая новый мир...» (2024), «Космос. Мечта человечества...» (2024), а таксама працы, якія асвятляюць гераічныя старонкі сумеснай гісторыі, такія як «Защищая Отечество...» (2022) пра ўдзел палкоў у Айчыннай вайне 1812 года і «Дорога к маю 1945. На всех, на все четыре года» (2025). Яны выдадзены ў рамках літаратурна-выдавецкага праекта «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы», які рэалізуецца па ініцыятыве Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Кнігі змяшчаюць унікальныя гістарычныя матэрыялы і архіўныя дакументы, адрозніваюцца высокім узроўнем паліграфічнага і мастацкага афармлення.
Дапаўняюць экспазіцыю рарытэты з фонду аддзела рэдкай кнігі абласной бібліятэкі, у тым ліку факсімільныя выданні кнігі Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» і знакамітай «Псалтыры» Францыска Скарыны, а таксама мініяцюрнае выданне «Азбукі» Івана Фёдарава.
Аддзел рэдкай кнігі + 375 212 67-00-28
«Святыя заступнікі Віцебшчыны»
7 красавіка – дзень памяці свяціцеля Ціхана (Бялавіна), Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Расіі
Гэты дзень – асаблівая нагода ўспомніць пра вялікага свяціцеля, чый шлях служэння неверагодным чынам пераплёўся з гісторыяй і лёсам нашай беларускай зямлі.
Запрашаем больш падрабязна вывучыць маршруты перамяшчэння Уладыкі па Беларусі і даведацца, якія гістарычныя падзеі звязаны з яго знаходжаннем на Віцебшчыне.
САКАВІК
«Вобраз чароўны, вобраз цудоўны»
У выставачнай зале «Ex Libris» прадстаўлена больш за сто вінтажных экспанатаў з калекцыі вядомага віцебскага краязнаўцы і даследчыка Аркадзя Падліпскага.
На савецкіх паштоўках – знакамітыя артысткі тэатра і кіно, выдатныя спартсменкі і зоркі эстрады, а таксама жанчыны-навукоўцы і Героі Вялікай Айчыннай вайны. Выстава ўключае рэдкія карткі пачатку XX стагоддзя, якія адлюстроўваюць моду і стыль той эпохі, а таксама сучасныя творы, натхнёныя класічным мастацтвам.
Аддзел рэдкай кнігі + 375 212 67-00-28
«Беларусь у маім сэрцы»
Прапануем школьнікам малодшых класаў праверыць свае веды пра флаг, герб, гімн Беларусі і Віцебска, славутасці нашай краіны і горада, сімволіку ўзораў народнага ткацтва і вышыўкі.
Падчас творчай майстэрні юныя беларусы створаць унікальную паштоўку, упрыгожаную традыцыйным беларускім арнаментам.
Аддзел маркетынгу + 375 212 66-00-36
ЛЮТЫ
«Жанчыны Беларусі: на далонях веку, на далонях часу»
У холе трэцяга паверха наладжана кніжная выстава, прымеркаваная да Года беларускай жанчыны. Прадстаўленыя выданні распавядаюць пра лёс беларускай жанчыны ў гістарычнай рэтраспектыве. Знакамітыя асобы і навукоўцы, жанчыны – Героі Сацыялістычнай Працы і Героі Савецкага Саюза, спартсмены і касманаўты, актрысы і пісьменніцы – іх лёсы непарыўна звязаны з лёсам нашай краіны.
Аддзел краязнаўства +375 212 67-49-11
«Важна ведаць кожнаму»
Анлайн-віктарына прысвечана дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь: Дзяржаўнаму сцягу, Дзяржаўнаму гербу і Дзяржаўнаму гімну. У іх змяшчаецца нацыянальны код, і калі ведаць правільны ключ да яго разгадкі, то адкрыецца духоўны свет беларускага народа.
Запрашаем да ўдзелу: пераходзьце па спасылцы, адказвайце на пытанні віктарыны і дзяліцеся сваімі ведамі з сябрамі!
«Кніжныя скарбы Беларусі»
Інфармацыйна-аглядная праграма пазнаёміць з рэдкімі выданнямі з фондаў Віцебскай абласной бібліятэкі.
Наведвальнікі не толькі пабачаць помнікі кніжнай культуры Беларусі ХІХ–ХХ стагоддзяў, унікальныя краязнаўчыя выданні, кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, але і будуць мець унікальную магчымасць пагартаць старонкі рарытэтаў.
Аддзел рэдкай кнігі + 375 212 67-00-28
«Любімы горад»
У фармаце бібліяквіза ўдзельнікі інфармацыйна-агляднай праграмы павінны будуць адказаць на пытанні пяці тураў, прысвечаных гісторыі Віцебска, яго помнікам і брэндам, а таксама культурнай спадчыне. Заданні накіраваны не толькі на праверку ведаў, але і на развіццё лагічнага мыслення, каманднай працы і ўмення прымаць рашэнні.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці + 375 212 66-00-36


































