
Выстава жывапісу Сяргея Махнача «Казачны лес»
- Details
- Створана 22.04.2026 10:06
![]()
Адкрыццё выставы жывапісу «Казачны лес» мінскага мастака Сяргея Махнача адбудзецца 2 мая ў 15:00 у фае 3-га паверха абласной бібліятэкі.
Сяргей Махнач нарадзіўся ў 1978 годзе ў сям'і навуковых работнікаў. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Жыве і працуе ў Мінску. Захапленне Сяргея жывапісам вядзе адлік з канца 1980-х гадоў, калі ён, будучы дзіцём, шмат маляваў, вывучаў альбомы жывапісу з хатняй бібліятэкі, ствараў свае малюнкі на аснове ўражанняў ад упадабаных работ.
Прырода, і, у прыватнасці, лес – адна з асноўных крыніц натхнення для Сяргея Махнача ў яго творчасці. Мастак, які вырас у сям'і, дзе прадстаўнікі некалькіх пакаленняў былі навукоўцамі-геолагамі, з ранняга дзяцінства знаёмы з жыццём лесу. Шматлікія экспедыцыі па Беларусі, у якіх Сяргей пабываў у дзяцінстве і юнацтве разам з бацькам-геолагам і яго калегамі, частыя выезды ў грыбы і ягады ў кампаніі бацькоў і дзядулі, выхадца з сялянскай сям'і і вялікага знаўцы дароў лесу, назіранне за светам дрэў, раслін і жывёл на дачы, сфармавалі ў будучага мастака прыхільнасць да лесу і яго насельнікаў.
На выставе прадстаўлены аб'яднаныя агульнай тэмай жывапісныя работы розных гадоў, ад створаных на пленэры да абстрактных. Мастацкае бачанне Сяргея – асаблівае; у ім няма рэалістычнага малюнка рэчаіснасці, але ў яго карцінах лёгка ўбачыць яркія фарбы, незвычайныя вобразы, а галоўнае – «прачытаць» жыццесцвярджальны, сонечны настрой.
Запрашаем на выставу!


































