
Канферэнцыя «Салаўёўскія чытанні-2026», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння мастака А. А. Салаўёва
- Details
- Створана 22.05.2026 08:54
![]()
Канферэнцыя «Салаўёўскія чытанні-2026», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння мастака Аляксандра Салаўёва, адбудзецца 11 верасня ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Арганізатары канферэнцыі – УК «Музей Марка Шагала ў Віцебску» і ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна».
Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў (1926–2021) – беларускі мастак другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стст., жывапісец, графік, сцэнограф. Галоўны мастак Беларускага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (1976–1995). Скончыў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай (1957), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1965). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1982). У 2016 годзе быў ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад у развіццё мастацтва і культуры Беларусі.
Аляксандр Салаўёў асабліва вядомы прыхільнасцю да эксперыментальнай мастацкай практыкі. Аўтарытэтны настаўнік для маладых мастакоў многіх пакаленняў горада Віцебска. Наватарская дзейнасць мастака аказала вялікі ўплыў на фарміраванне мастацкага асяроддзя ў горадзе і адраджэнне авангардызму Віцебскай мастацкай школы.
Запрашаем да ўдзелу ў канферэнцыі мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў, супрацоўнікаў устаноў культуры і адукацыі, архівістаў, краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца мастацтвам.



































