
Выстава «Спасцігаючы сэнс прыгажосці. Кнігі з асабістай бібліятэкі мастацтвазнаўцы Алены Рак»
- Details
- Створана 14.05.2026 09:15
У выставачнай зале «Ex Libris» Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна з 19 мая па 26 чэрвеня 2026 года будзе экспанавацца выстава «Спасцігаючы сэнс прыгажосці. Кнігі з асабістай бібліятэкі мастацтвазнаўцы Алены Рак».
Гэта новы праект з цыкла «Кніжнікі Прыдзвіння», які знаёміць наведвальнікаў бібліятэкі з унікальнымі асабістымі кніжнымі зборамі жыхароў Віцебшчыны.
Алена Рак – мастацтвазнаўца і музеязнаўца, экскурсавод і краязнаўца, мастак, музыка і паэт. Больш за 30 гадоў Алена Валер'еўна займаецца вывучэннем рускага царкоўнага мастацтва і іканаграфіі. З 2014 года выкладае гісторыю мастацтваў і іканаграфію ў Віцебскім жаночым духоўным вучылішчы, з 2021 года з'яўляецца намеснікам дырэктара Віцебскага жаночага духоўнага вучылішча па навучальных пытаннях.
Кніжны збор Алены Валер'еўны налічвае больш за тры тысячы выданняў – гэта манаграфіі, зборнікі, гістарычныя і філасофскія працы, альбомы, навучальныя дапаможнікі і мастацкія творы, біяграфіі і мемуары.
У выставачнай зале «Ex Libris» прадстаўлена больш за сотню выданняў з кніжнай калекцыі, якая звязана з прафесійнымі інтарэсамі Алены Валер'еўны і прысвечана гісторыі мастацтва, іканаграфіі і іканапісу. За шклом вітрын – рэдкія альбомы і манаграфіі, каталогі выстаў, зборнікі навуковых прац, кнігі з дароўнымі надпісамі, а таксама рарытэтныя дарэвалюцыйныя выданні. Многія кнігі адзначаны асабістым экслібрысам уладальніцы.
Выстава кніг з асабістай бібліятэкі Алены Рак – гэта ўнікальная культурная падзея, якая дазваляе звярнуць увагу на мастацтва праз прызму прафесійных інтарэсаў, густаў і даследчай дзейнасці канкрэтнага чалавека.







































