
«Рождества чудесные мгновения»
- Details
- Створана 13.01.2026 14:13
Калядны баль праваслаўнай моладзі пад назвай «Рождества чудесные мгновения» прайшоў 11 студзеня ў актавай зале Віцебскай абласной бібліятэкі.
Мерапрыемства, прымеркаванае да свята Раства Хрыстова, было арганізавана маладзёжным аб'яднаннем «Православичи» храма іконы Божай Маці «Целительница» пры падтрымцы супрацоўнікаў агульнай чытальнай залы бібліятэкі і Віцебскай епархіі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся кіраўнік маладзёжнага аддзела Віцебскай епархіі протаіерэй Аляксандр Кавалёў, які павіншаваў гасцей са святам і падкрэсліў важнасць такіх сустрэч для праваслаўнай і свецкай моладзі.
Музычныя нумары прадставілі Вера Калодкіна і Ніка Татарчук, а харэограф Ганна Качанкова, якая праводзіла падрыхтоўчыя заняткі, дапамагала ўдзельнікам у выкананні танцаў. У праграме балю гучалі паланэз, бранль, маразуля, падэграс, кадрыль, полька-тройка, ручаёк. Адмысловым упрыгожваннем вечара стаў традыцыйны вальс.
Падчас антракту госці знаёміліся з маляўнічай каляднай выставай, падрыхтаванай супрацоўнікамі чытальнай залы, якая дазволіла акунуцца ў атмасферу казкі.
Чараўніцтва святу дадало з'яўленне Дзеда Мароза, які ўручыў падарункі ўсім танцавальным парам.
Баль стаў сапраўдным святам гармоніі і вытанчанасці. Мы дзякуем удзельнікам за яркія імгненні і спадзяемся, што супрацоўніцтва бібліятэкі і Віцебскай епархіі працягне добрую традыцыю, умацуе веру і падорыць маладому пакаленню прыклад цудоўнага і натхняльнага адпачынку.

































