
Прэзентацыя выдання «Книга памяти. Республика Беларусь. Витебская область»
- Details
- Створана 31.01.2025 09:37
Прэзентацыя выдання «Книга памяти. Республика Беларусь. Витебская область» адбылася 30 студзеня ў абласной бібліятэцы з удзелам члена рэдкалегіі выдання, аднаго з аўтараў артыкулаў кнігі, выкладчыка Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Мікалая Півавара.
Каардынатарам міжнароднага гуманітарнага праекта «Книга памяти. Республика Беларусь» выступіў Фонд ветэранаў дыпламатычнай службы Расійскай Федэрацыі. Для падрыхтоўкі навуковых матэрыялаў да выдання прыцягваліся беларускія гісторыкі, ва ўкладанні выдання прымалі ўдзел супрацоўнікі Упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
У другім томе праекта змешчаны матэрыялы пра вайсковыя пахаванні, месцы масавага пахавання людзей, знішчаных ў ходзе нацысцкай палітыкі генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, архіўныя, фотаматэрыялы па раёнах Віцебскай вобласці.
Мікалай Півавар расказаў пра падрыхтоўку матэрыялаў да праекта, асаблівасці віцебскага выдання, магчымасці далейшай работы ў гэтым накірунку. Важнасць няспыннай работы па ўвекавечанні памяці герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, перадачы эстафеты памяці маладому пакаленню падкрэслілі ў сваіх выступленнях старшыня Савета па ўзаемадзеянні пошукавых атрадаў Віцебскай вобласці «Пошук» Ларыса Бруева, ветэран пошукавага руху, краязнаўца Людміла Нікіціна, намеснік старшыні Віцебскага абласнога савета ветэранаў, краязнаўца Міхаіл Ляшчынскі.
Песні, прысвечаныя цяжкім ваенным гадам, прагучалі ў выкананні кадэтаў Віцебскага кадэцкага вучылішча Віталя Дзенісенкі, Кіры Галавач і Соф'і Зябко.
Віцебскае кадэцкае вучылішча перадала ў дар Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна асобнік кнігі «Книга памяти. Республика Беларусь. Витебская область».