
Праект «Музыка для ўсіх» натхняе слухачоў
- Details
- Створана 26.12.2024 16:15
У рамках бібліятэчнага праекта «Музыка для ўсіх» у снежні адбыліся дзве значныя падзеі, кожная з якіх падарыла слухачам незабыўныя ўражанні ад знаёмства з вялікімі творамі сусветнай класікі.
19 снежня лекцыя кампазітара Аляксандра Іванова была прысвечана творчасці Густава Малера, аднаго з самых уплывовых кампазітараў канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра тое, як стваралася Сімфонія № 4, і пагрузіліся ў атмасферу твора праз праслухоўванне ўрыўкаў. Аляксандр Віктаравіч падзяліўся цікавымі фактамі пра жыццё і творчасць Малера, яго ўнікальны падыход да сімфанічнай формы і музычнай драматургіі.
Завяршэннем мерапрыемстваў праекта «Музыка для ўсіх» у 2024 годзе стала лекцыя, якая прайшла 24 снежня. Аляксандр Іваноў расказаў пра Канцэрт для скрыпкі з аркестрам Пятра Чайкоўскага. Лектар падрабязна разабраў асаблівасці музычнай драматургіі твора і выканальніцкія нюансы скрыпічнай партыі. Асаблівы акцэнт быў зроблены на запісе, выкананым Сімфанічным аркестрам Марыінскага тэатра пад кіраўніцтвам маэстра Валерыя Гергіева, дзе партыю скрыпкі выканаў вядомы скрыпач Вадзім Рэпін.
Абедзве лекцыі сталі не толькі магчымасцю даведацца больш пра вялікіх кампазітараў, але і натхнілі ўдзельнікаў на далейшае вывучэнне класічнай музыкі.
Праект «Музыка для ўсіх» працягвае прыцягваць увагу аматараў музыкі і спрыяе пашырэнню іх музычнага кругагляду, прапануючы ўнікальныя магчымасці для паглыблення ў свет класічнага мастацтва. Аддзел літаратуры па мастацтве запрашае чытачоў на новыя сустрэчы ў наступным годзе!