
Прэзентацыя кнігі Міхаіла Ляшчынскага «Малоизвестные страницы истории Дубровенского края»
- Details
- Створана 18.12.2024 09:01
17 снежня ў бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбылася прэзентацыя кнігі намесніка старшыні Віцебскага абласнога савета ветэранаў, краязнаўцы Міхаіла Ляшчынскага «Малоизвестные страницы истории Дубровенского края».
Міхаіл Ляшчынскі – лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны», нястомны даследчык гістарычнага мінулага Дубровеншчыны, аўтар многіх артыкулаў пра героя руска-турэцкай вайны Аляксандра Казарскага, пастаянны актыўны ўдзельнік навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край». Ён адзін з арганізатараў шахматных турніраў у Віцебску, прысвечаных Васілю Кораню, Аляксандру Казарскаму, Юрыю Смірнову, Пятру Машэраву, Андрэю Усаву.
У зборнік «Малоизвестные страницы истории Дубровенского края» ўвайшлі матэрыялы дзесяці дакладаў, якія прайшлі абмеркаванне на навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край» у розныя гады. У час прэзентацыі Міхаіл Ляшчынскі расказаў пра сваю работу ў архівах, бібліятэках, музеях Беларусі і Расіі, цікавыя знаходкі, вынікам якіх сталі яго публікацыі ў зборніках «Віцебскі край». Вялікае значэнне гэтых даследаванняў, пацверджаных архіўнымі крыніцамі, падкрэсліў загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Анатоль Дулаў. Кожны з выступоўцаў адзначыў важнасць выдадзенай кнігі для захавання нашай гісторыка-культурнай спадчыны, выхавання моладзі на лепшых прыкладах гераізму і адданасці Радзіме.