
Літаратурнае знаёмства «Віцебскі казачнік»
- Details
- Створана 20.07.2022 11:46
19 ліпеня ў бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з дачкой віцебскага пісьменніка Рыгора Логінавіча Шакулава Нінай Рыгораўнай Ільіной.
Рыгор Шакулаў – аўтар светлых і жыццесцвярджальных казак для дзяцей, якія арыентаваны на вечныя каштоўнасці, ненадакучліва вучаць любові і вернасці, дапамагаюць адрозніваць дабро і зло, праўду і хлусню. Героі казак Рыгора Шакулава – звяры, птушкі, расліны, цудоўны лес, а самы адданы слухач, чытач, крытык – любімая дачка Ніна.
Сустрэчы з Нінай Рыгораўнай Шакулавай сталі добрай традыцыяй. На гэты раз удзельнікамі сустрэчы сталі выхаванцы аздараўленчага лагера гімназіі № 1 імя Ж. І. Алфёрава і сярэдняй школы № 21. Госця падзялілася ўспамінамі пра жыццё пісьменніка, яго дасягненні, паказала здымкі з сямейнага альбома, прадставіла новыя выданні з літаратурнай спадчыны свайго бацькі.
У мерапрыемстве была выкарыстана распрацоўка старшага выкладчыка кафедры музыкі ВДУ імя П. М. Машэрава Алены Міхайлоўскай па тэме «Батлейка як сродак папулярызацыі творчай спадчыны Віцебшчыны».
Рабяты паглядзелі відэаспектакль, пастаўлены па казцы Шакулава «Алёнушкін козлік», прадстаўлены ў фармаце інтэрактыўнай гульні дацэнтам кафедры музыкі, кандыдатам педагагічных навук ВДУ імя П. М. Машэрава Юліянай Сусед-Вілічынскай.
Юныя акцёры – выканаўцы галоўных роляў відэаспектакля Мікіта Усачоў і Анастасія Міхайлоўская расказалі аб рабоце над спектаклем, адказалі на шматлікія пытанні, а таксама прадставілі канцэртныя нумары.
Напрыканцы сустрэчы Ніна Рыгораўна падарыла кнігі Рыгора Шакулава школьным бібліятэкам і самым актыўным удзельнікам мерапрыемства.
Усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з біяграфічнымі матэрыяламі аб пісьменніку з фонду бібліятэкі, прадстаўленымі на выставе.






































