
Гучныя чытанні «Чытаем разам»
- Details
- Створана 11.01.2019 13:51
Да 90-годдзя Віцебскай абласной бібліятэкі
У рамках міні-праекта «90 гадоў у коле сяброў...», прымеркаванага да святкавання 90-годдзя Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, у сектары замежнай літаратуры з канца снежня 2018 г. па 10 студзеня 2019 г. праходзілі цыклы гучных чытанняў замежнай літаратуры «Чытаем разам».
Падчас мерапрыемстваў былі прачытаныя адаптаваныя кнігі серый «Young Readers' Club» і «Лёгка чытаем па-англійску»: «Ведзьма з сажалкі Чорных Драздоў» Э. Дж. Спір, «Партрэт Дарыяна Грэя» О. Уайльда, «Ноч пяшчотная» Ф. С. Фіцджэральда, «Зялёная міля» С. Кінга.
Для ўдзельнікаў гучных чытанняў «Чытаем разам» самай запамінальнай стала сустрэча з амерыканкай са штата Пенсільванія Аланай Фэлтан. Яна прыехала ў Віцебскі дзяржаўны універсітэт выкладаць англійскую мову пасля навучання ў Браўнаўскім універсітэце па праграме «Фулбрайт». Падчас сустрэчы Алана, як выкладчык славеснасці, звярнула ўвагу аўдыторыі на важнасць чытання ўслых, якое дапамагае ўсвядоміць прыгажосць мастацкага слова, выявіць асаблівасці гаворкі дзеючых асоб твора. Напрыканцы сустрэчы маладая выкладчыца распавяла пра сваю любімую кнігу – раман Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы».
У мерапрыемствах прынялі актыўны ўдзел слухачы курсаў англійскай мовы «Леон» (выкладчык Т. Пішчуліна) і члены клуба англійскай мовы «Sunday English» (кіраўнік Н. Гарэлышава).