
Мы пішам сваю гісторыю
- Details
- Створана 20.10.2017 08:30
Мы пішам сваю гісторыю
Узнікненне перыядычнага друку на Беларусі
Ужо на працягу XVI ст. у Вільні, Бярэсці, Нясвіжы, Мінску, Заблудаве, Куцейне і іншых культурных беларускіх цэнтрах з'яўляюцца друкарні, у якіх адначасова з выданнем кніг ажыццяўляюцца і першыя спробы выпуску аднаразовых лістовак. Першым такім выданнем – своеасаблівым правобразам газеты – стала лістоўка «Навіны грозныя а жалостлівые...», якая, як мяркуецца, была выдадзена С. Будным у 1562 ці 1563 г. у Нясвіжы. Няма сумнення ў тым, што гэта было далёка не адзінае выданне такога тыпу ў другой палове ХVІ ст. Аднак само жыццё патрабавала крыніц, якія пастаянна і рэгулярна неслі б грамадству інфармацыю і паведамленні аб тагачаснай сітуацыі на роднай старонцы і суседніх краінах.
Сярод першых друкаваных газет у Вялікім княстве Літоўскім быў інфармацыйны бюлетэнь «Авізы Гродзеньске». У 1776–1783 гг. у Гродне па ініцыятыве А. Тызенгаўза выходзіла прыватная газета «Газета Гродзеньска». Друкавалася ў Гродзенскай каралеўскай друкарні. Гэта была польскамоўная газета, якая асвятляла падзеі з жыцця Рэчы Паспалітай і ВКЛ, Расіі, краін Еўропы, часцей перадрукаваныя з «Варшаўскай газеты».
У пачатку XVIII ст. у ВКЛ пачынаецца актыўны друк календароў. Аднымі з найранейшых з'яўляюцца супрасльскія ўніяцкія «Календары польскія і рускія» (першы каляндар выйшаў у 1713 г.). У 1776–1800 гг. у Гродне і Вільні выдаваўся штогадовы «Гаспадарчы каляндар» на польскай мове. У ім змяшчаліся парады па медыцыне, сельскай гаспадарцы. Каляндар карыстаўся вялікай папулярнасцю на тэрыторыі Польшчы і Беларусі. У 1783–1795 гг. у Магілёве штогод выходзіў «Беларускі каляндар», які вызначаўся высокім узроўнем паліграфічнай вытворчасці.
У Вільні ў 1760–1840 гг. выдавалася газета «Кур'ер Літэўскі», якая выходзіла на польскай мове штотыднёва. На працягу свайго доўгага існавання газета змяніла некалькі назваў, рэдактараў, выдаўцоў. У выданні друкаваліся ў асноўным паведамленні пра палітычныя падзеі ў краіне і за мяжой. Газета мела дадаткі: «Літаратурныя весці», «Чужаземныя весці», «Дадатак да віленскай газеты». У 1764–1794 гг. выходзіла выданне «Газеты Віленьске», выпуск якога спыніўся з пачаткам паўстання. З 1841 г. газета пачала выдавацца на рускай і польскай мовах пад назвай «Виленский вестник». Друкавалася яна ў Вільні, а з кастрычніка 1915 г. у Гомелі.
У 1792 г. у Гродне два разы на тыдзень выходзіла газета «Гарадзенскія ведамасці», якая інфармавала пра падзеі, што адбываліся напярэдадні падзелу Рэчы Паспалітай. У 1794 г. падчас паўстання Т. Касцюшкі выдавалася «Віленская нацыянальная газета», якая з'яўлялася органам Найвышэйшай Літоўскай Рады – рэвылюцыйнага ўрада ВКЛ у час паўстання.
Наступным этапам у развіцці перыядычнага друку стала выданне ў нашым краі «Губернских ведомостей». У кастрычніку 1830 года царскім урадам было зацверджана палажэнне, у адпаведнасці з якім у губернскіх цэнтрах з 1838 года пачалі выходзіць гэтыя газеты. Галоўнае прызначэнне іх – прадстаўленне ўсім зручнейшага сродку атрымліваць у патрэбны час звесткі аб пастановах і распараджэннях губернскага начальства. Праіснавалі «Губернские ведомости» ў Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску і Вільні прыкладна аднолькавы прамежак часу – да 1917 года. Побач з назвай выдання змяшчаўся герб губерні, у якой яно выходзіла. Выдаваліся газеты на дзяржаўныя сродкі. Перыядычнасць не была пастаяннай, у розныя гады ў розных губернях яна вагалася ад аднаго да шасці разоў на тыдзень. Газета мела два аддзелы: афіцыйны і неафіцыйны. У афіцыйным аддзеле змяшчаліся царскія ўказы і распараджэнні, аб'явы, іншыя афіцыйныя звесткі. Змест неафіцыйнага аддзела складалі паведамленні пра розныя здарэнні, рыначныя цэны, сельскую гаспадарку, дамаводства і г. д. Катэгарычна забаранялася змяшчаць крытычныя заўвагі аб дзейнасці мясцовых улад. Такім чынам, «Губернские ведомости» ў Паўночна-Заходнім краі – амаль што адзінае выданне, якое хоць неяк асвятляла мясцовае жыццё, клопаты народа, яго гісторыю і сучаснасць.
У канцы 1860-х гг. у губернях Паўночна-Заходняга краю пачалі з'яўляцца новыя перыядычныя выданні – «Епархиальные ведомости». Гэта былі афіцыйныя царкоўныя газеты, якія выходзілі, як правіла, у губернскіх цэнтрах. Узначальвалі іх епіскапы.
У 1886 г. пачалося выданне першай у Беларусі незалежнай ад урада газеты «Минский листок». У газеце змяшчаліся матэрыялы беларускіх літаратараў, гісторыкаў, фалькларыстаў. Тут друкавалася паэма «Тарас на Парнасе», змяшчаліся творы Янкі Лучыны, публікаваліся работы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі М. Доўнар-Запольскага і інш. У якасці літаратурна-краязнаўчага дадатка да «Минского листка» публікаваўся «Северо-Западный календарь», які змяшчаў шмат этнаграфічных матэрыялаў. З 1902 г. газета пачала выходзіць пад назвай «Северо-Западный край». Менавіта на яе старонках з'явіўся першы друкаваны верш Янкі Купалы.
Напярэдадні і ў час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 г. у Польшы і Беларусі выходзілі выданні рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку: «Мужыцкая праўда» (выдавалася пад караўніцтвам К. Каліноўскага), «Глос вольны», «Стражніца», «Едносьць», «Супольнасць», «Ведамасці пра паўстанне на Літве». У кожным з іх асвятляліся праблемы паўстання, тлумачыліся яго мэты і задачы, распавядалася пра ход паўстання.
У пачатку XX ст. у Беларусі з'явілася вялікая колькасць новых перыядычных выданняў розных палітычных кірункаў. Спецыяльны царскі Маніфест ад 17 кастрычніка 1905 года дазволіў друкаванаму слову выйсці на новы, больш шырокі прастор: забароны на выданне газет і часопісаў, у тым ліку на нацыянальных мовах былі ліквідаваны. У Мінску і іншых губернскіх гарадах Беларусі адразу ж пачалі з'яўляцца перыядычныя выданні самай рознай грамадска-палітычнай арыентацыі.
Фарміраванне ж сістэмы нацыянальнага беларускага легальнага друку пачалося з выхаду ў свет газет «Наша доля» і «Наша ніва» – штотыднёвых беларускамоўных выданняў рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. На беларускай мове выдаваліся таксама газеты «Белая Русь», «Беларус», «Гоман», «Светач», «Дзянніца». Яны вялі барацьбу за аб'яднанне народа, беларускую дзяржаўнасць, нацыянальную гісторыю, мову і культуру.
![]() |
Булацкі, Р. В. Гісторыя беларускай журналістыкі / Р. В. Булацкі, І. І. Сачанка, С. В. Говін. – Минск : БДУ імя У. І. Леніна, 1979. – 430 с. У навучальным дапаможніку прасочваецца гісторыя станаўлення журналістыкі і перыядычнага друку з моманту станаўлення і да 70-х гг. XX ст. Чытачы могуць пазнаёміцца з асаблівасцямі функцыянавання найбольш значных перыядычных выданняў, лепшымі ўзорамі публіцыстыкі, з гістарычнымі асобамі, чыя творчасць увайшла ў залаты фонд беларускай журналістыкі. |
|
Газеты Беларусі, 1776–1975 : бібліяграфичны паказальник / уклад. Л. М. Няхайчык [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003. – 316 с. У паказальніку прадстаўлены газеты, якія выходзілі на тэрыторыі сучаснай Беларусі з канца XVIII ст. і да 1975 г. уключна. Паказальнік уключае інфармацыю пра газеты на беларускай мове, а таксама на іншых мовах, выдадзеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі або за яе межамі пры ўмове наяўнасці ў выхадных звестках выдання органа, прыналежнага да Беларусі. |
![]() |
Доўнар, Л. І. Гісторыя беларускай кнігі : вучэбны дапаможнік / Л. І. Доўнар. – Мінск : БДУКМ, 2012. – 252 с. Матэрыял дапаможніка выкладзены ў храналагічным парадку: ад узнікнення пісьменства і з'яўлення першых рукапісных кніг, якія дайшлі да нашага часу, і да сучаснага стану развіцця беларускай кнігі. |
![]() |
І паўстаў народ... : факсімільнае выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны, 1941–1945 гг. / уклад.: А. В. Стэфановіч, В. А. Рабкоў. – Мінск : БелЭн, 2005. – 640 с.. Кніга «I паўстаў народ...» – гэта выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, плакатаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў, якія зберагліся ў адзінкавых экзэмплярах, захоўваюцца ў дзяржаўных музеях і цэнтральных навуковых бібліятэках краіны і амаль невядомы шырокаму чытачу. |
![]() |
Наша Ніва: першая беларуская газета з рысункамі / адказны за вып. З. Ф. Санько ; афарм. А. А. Шупляцова. – Факсімільнае выданне. – Мінск : Навука і тэхніка, 1992. – Выпуск 1 : 1906–1908 гг. Факсімільнае выданне першай масавай беларускай дэмакратычнай газеты «Наша Ніва». Выданне зроблена з паасобнікаў, якія захоўваюцца ў прыватных кнігазборах, бібліятэках і музеях. |
![]() |
Перыядычны друк Беларусі / адказны рэд. Н. І. Копысава. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1981. – 225 с. У кнізе змешчаны нарыс аб гісторыі і развіцці перыядычнага друку ў Беларусі, публікуюцца артыкулы, прысвечаныя газетам і часопісам, якія выдаваліся на тэрыторыі Беларусі ў розны час. |
![]() |
Подлипский А. М. Периодическая печать Витебска / А. М. Подлипский. – Витебск, 2001. – 160 с. Автор рассказывает об истории периодической печати Витебска, которая представляет собой малоизученную страницу прошлого. |
ЛІТАРАТУРА
1. Бярозкіна, Н. Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (ХVІ – пачатак ХХ ст.) / Н. Ю. Бярозкіна. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – 199 с.
2. Булацкі, Р. В. Гісторыя беларускай журналістыкі / Р. В. Булацкі, І. І. Сачанка, С. В. Говін. – Минск : БДУ імя У. І. Леніна, 1979. – 430 с.
3. Газеты Беларусі, 1776–1975 : бібліяграфічны паказальнік / склад. Л. М. Няхайчык [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003. – 316 с.
4. Говін, С. В. Газета / С. В. Говін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 2 : Беліцк–Гімн. – С. 448–450.
5. Говін, С. В. Газета / С. В. Говін, В. Ф. Кушнер // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 472–474.
6. Іваноў, А. А. Эвалюцыя выдання газеты «Віленскі веснік» на працягу XIX стагоддзя / А. А. Іваноў // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А, Гуманитарные науки. – 2014. – № 1. – С. 69–73.
7. Карлюкевіч, А. М. Выдавецкая справа / А. М. Карлюкевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 410–411.
8. Кісялёў, Г. «Мужыцкая праўда» / Г. Кісялёў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1999. – Т. 5 : М–Пуд. – С. 230–231.
9. Перыядычны друк Беларусі / адказны рэд. Н. І. Копысава. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1981. – 225 с.
10. Подлипский, А. М. Периодическая печать Витебска / А. М. Подлипский. – Витебск, 2001. – 160 с.
11. Слука, О. Г. Белорусская журналистика (1563–1917 гг.) : учебно-методическое пособие для студентов иностранного отделения факультета журналистики / О. Г. Слука [и др.]. – Минск : Белгосуниверситет, 1997. – 40 с.
12. Сороко, С. М. «Витебские губернские ведомости» в системе белорусской дореволюционной прессы : автореферат диссертации / С. М. Сороко. – Мінск : БГУ, 2001. – 18 с.
13. Узнікненне перыядычнага друку / Гісторыя беларускай кнігі : вучэбны дапаможнік / Л. І. Доўнар. – Мінск : БДУКМ, 2012. – С. 87–89.
14. Цікоцкі, М. Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX стагоддзя / М. Я. Цікоцкі. – Мінск : Белдзяржуніверсітэт імя У. І. Леніна, 1960. – 127 с.