
Мудрасць духоўная
- Details
- Створана 20.09.2017 08:30
Мудрасць духоўная
Брацкае кнігадрукаванне на Беларусі
Важнейшым накірункам у беларускім кнігадрукаванні было брацкае кнігадрукаванне. Брацтвы – нацыянальна-рэлігійныя арганізацыі праваслаўнага насельніцтва – пачалі дзейнічаць з канца XVI ст. і адыгралі вялікую ролю ў развіцці пэўных сфер культуры, літаратуры, пісьменства, іканапісу, адукацыі. Буйныя беларускія брацтвы існавалі ў Вільні, Полацку, Менску, Бярэсці і іншых гарадах.
У 1589 г. віленскае праваслаўнае брацтва, арганізаванае пры Траецкім манастыры ў Вільні, атрымала каралеўскі прывілей на друкаванне кніг. У статуце брацтва прадугледжвалася будаўніцтва школ і друкарні для выдання кніг. Кнігавыдавецкая дзейнасць брацтва развівалася па двух напрамках: друкаванне падручнікаў для брацкіх школ, кніг для чытання, слоўнікаў, а таксама багаслоўнай літаратуры. У сярэдзіне 1590-х гг. брацтва ўзначаліў актыўны праціўнік уніі, дзеяч беларускай і ўкраінскай асветы, пісьменнік С. Зізаній. Пад яго кіраўніцтвам Віленская брацкая друкарня ў 1595–1596 гг. выпусціла не менш за 11 выданняў. Да гэтага толькі Пражская друкарня Скарыны набліжалася да такога ўзроўню інтэнсіўнасці выдавецкай дзейнасці. Пасля Берасцейскай уніі 1596 г. брацкая друкарня ў Вільні на працягу некалькіх гадоў амаль бяздзейнічала. З кірылічных выданняў гэтага часу выдомы толькі «Часоўнік» (зараз зберагаецца ў Оксфардскай бібліятэцы) і «Катэхізіс» (1600). Спецыяльным загадам ад 7 мая 1610 г. Жыгімонта ІІІ друкарня была закрыта. Брацтва перанесла сваю дзейнасць за межы Вільні, арганізаваўшы Еўінскую друкарню.
Брацкая друкарня ў мястэчку Еўе, у маёнтку праваслаўнага князя Багдана Агінскага, пачала сваю дзейнасць з 1611 г. Кнігі выдаваліся на царкоўнаславянскай мове. У Еўі было надрукавана першае выданне «Буквара», складальнікамі якога былі манахі Святадухаўскага манастыра. У 1619 г. выйшла вельмі каштоўнае выданне «Граматыка славянская» М. Сматрыцкага, якая лічылася лепшым дапаможнікам па мове. З 1618 г. да сярэдзіны XVII ст. брацтва выпускала свае выданні то ў Вільні, то ў Еўі. Вядомыя дзеячы таго часу – С. Рагаля і Г. Івановіч. Друкарня віленскага брацтва (Вільня – Еўе) была найбуйнейшай у гісторыіі беларускага брацкага кнігадрукавання. З 1652 г. яна спыніла сваю дзейнасць.
У 1631–1654 гг. пры Куцеінскім манастыры (пад Оршай) дзейнічала друкарня, якую ўзначаліў Спірыдон Собаль па запрашэнні ігумена І. Труцэвіча, фундатарам быў Б. Статкевіч. Манахі Куцеінскага манастыра пачалі выпускаць творы сучасных аўтараў, а таксама навучальныя кнігі. Найбольшую вядомасць набыў «Лексікон славянароскі...» Памвы Бярынды. У Куцейне былі надрукаваны «Псалтыр», «Буквар», «Малітваслоў», «Часаслоў». Упершыню ў гісторыі беларускага кірылаўскага кнігадрукавання ў Куцейне з'явілася свецкая жанравая ілюстрацыя. Майстры куцеінскай друкарні дасягнулі значных поспехаў у развіцці беларускай кніжнай ксілаграфіі. З пачаткам вайны паміж Масквой і Польшчай у 1654 г. куцеінская друкарня была перавезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. У 1676 г. яе маёмасць перадалі на Друкарскі двор у Маскве.
У пачатку XVII ст. у Магілеве ўзнікла царкоўнае брацтва, якое заснавала сваю друкарню. Кароль Уладзіслаў IV выдаў брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выдання навучальных і іншых кніг на старабеларускай, грэчаскай, лацінскай і польскай мовах. У 1636 г. у Магілёўскай друкарні пачаў працаваць С. Собаль. За тры гады Собаль надрукаваў «Буквар славенскай мовы», «Псалтыр», перавыданні «Апостала» і «Актоіха». Выданнем буквара С. Собаль накіраваў работу Магілёўскай брацкай друкарні на выпуск вучэбнай літаратуры, неабходнай для навучання ў брацкіх школах
Канец XVI – сярэдзіна XVII стст. – асноўны перыяд у дзейнасці беларускага брацкага кнігадрукавання, калі поўнасцю раскрылася яго культурнае і грамадска-палітычнае значэнне. Брацкія выдаўцы шмат зрабілі для дэмакратызацыі беларускай літаратурна-пісьмовай мовы, укаранення яе ў кнігадрукаванне. Выданні беларускіх праваслаўных брацтваў шырока распаўсюджваліся на Украіне, паступалі і ў Расію.
У сярэдзіне XVII ст. у сувязі з працяглымі войнамі, разарэннем брацтваў, значным пагаршэннем грамадска-палітычных умоў дзейнасць амаль усіх брацкіх друкарняў спынілася. У канцы XVII–XVIII cтст. працягвала выпускаць кнігі толькі Магілёўская Богаяўленская друкарня, на адкрыццё якой брацтва атрымала прывелей ад караля Яна ІІІ Сабескага ў 1676 г. Вядома, што з 1690-х гг да 1708 г. друкарню ўзначальваў М. Я. Вашчанка. У канцы XVII – пачатку XVIII стст. друкарня выдавала царкоўныя, павучальныя і палемічныя творы. Друкарня адыграла значную ролю ў пашырэнні асветы на Беларусі. Да нашага часу дайшло 87 кірылічных выданняў і 25 надрукаваных лацінскім шрыфтам.
Беларускае кнігадрукаванне канчаткова спыніла сваю дзейнасць пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у апошнія дзесяцігоддзі XVIII cт. Па сваёй культурнай, грамадска-палітычнай і ідэалагічнай накіраванасці яно адыграла вядучую ролю ва ўсім беларускім і ўкраінскім кнігадрукаванні XVI – першай палавіне XVII стст.
![]() |
Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.] / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; мастак З. Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн, 2005. – Т. 1 : А–К. – 688 с. : іл. Энцыклапедыя адлюстроўвае гісторыю і культуру шматнацыянальнай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага – на працягу ўсяго перыяду яго існавання (XIII–XVIII ст.). Акрамя слоўнікавай часткі змешчаны аглядныя артыкулы, прысвечаныя гісторыі ВКЛ, дзяржаўнаму і палітычнаму ладу, сацыяльнай структуры, сельскай гаспадарцы, рамяству, гандлю, царкве, асвеце, літаратуры, мастацтву. |
|
|
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 2 : Беліцк–Гімн. – 537 с.: іл. Шматтомная энцыклапедыя на ўзроўні дасягненняў сучаснай навукі адлюстроўвае шматвяковы шлях беларускага народа ад даўніны да нашых дзён. Акрамя артыкулаў аб палітычных, грамадскіх і ваенных падзеях змешчаны матэрыялы аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле, стане эканомікі, культуры, навукі і тэхнікі на розных этапах гісторыі. |
![]() |
Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – 544 с. : іл. У энцыклапедыю ўвайшло больш за 18 000 артыкулаў па самых розных галінах ведаў. Адлюстраваны пытанні культуры, культуралогіі, этналогіі, археалогіі, антрапалогіі, архітэктуры, мастацтвазнаўства. Таксама паказаны праблемы развіцця літаратуры, мовазнаўства, кнігадрукавання і інш. |
![]() |
Бярозкіна, Н. Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (ХVІ – пачатак ХХ ст.) / Н. Ю. Бярозкіна. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – 199 с. У вучэбным дапаможніку разглядаецца гісторыя беларускага кнігадрукавання ад першадрукара Францыска Скарыны да віленскай «друкарні пана Марціна Кухты», услаўленай Максімам Багдановічам. Аўтар абапіраецца на разнастайныя крыніцы, у тым ліку архіўныя звесткі і дакументы, даследаванні гісторыкаў, кнігаведаў, мастацтвазнаўцаў. |
![]() |
Доўнар, Л. І. Гісторыя беларускай кнігі : вучэбны дапаможнік / Л. І. Доўнар. – Мінск : БДУКМ, 2012. – 252 с. Матэрыял дапаможніка выкладзены ў храналагічным парадку: ад узнікнення пісьменства і з'яўлення першых рукапісных кніг, якія дайшлі да нашага часу, і да сучаснага стану развіцця беларускай кнігі. |
![]() |
Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае : ілюстраваная гісторыя / тэкст У. Арлоў ; мастак З. Герасімовіч. – Bratislava [Браціслава] : Kalligram, 2013. – 397 c. : іл. Займальная і даступная для чытача любога ўзросту кніга прысвечана найцікавейшай эпосе нашай мінуўшчыны – часам Вялікага Княства Літоўскага. У гэтай магутнай еўрапейскай дзяржаве, дзе скансалідаваўся беларускі народ, беларускія землі адыгрывалі вызначальную ролю, а беларуская мова была дзяржаўнай. У кнізе прыводзяцца цікавыя факты пра жыццё і побыт, ваенныя перамогі і культурныя дасягненні прадзедаў; размешчаны каля дзвюх тысяч ілюстрацый, у тым ліку летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, унікальныя фотаздымкі і рэканструкцыі. |
![]() |
Парашкоў, С. А. Гісторыя культуры Беларусі / С. А. Парашкоў. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 444 с. Кніга ўяўляе сабой кароткае выкладанне гісторыі культуры Беларусі ад старажытных часоў да сучаснасці. На падставе храналагічна-праблемнага падыходу асвятляюцца асноўныя моманты культурнай спадчыны беларускага народа ў розных палітычных, дзяржаўных умовах – старажытнасці, часоў Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Рэфармацыі і Контррэфармацыі, барока і Асветніцтва, царскай Расіі, БССР і сучаснасці. |
![]() |
Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі / В. Ластоўскі ; прадм. А. Сушы. – Факсімільнае выданне. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. – 814 с. Кніга вядомага беларускага гісторыка, публіцыста, пісьменніка і палітычнага дзеяча з'яўляецца грунтоўным выданнем па гісторыі кніжнасці на беларускіх землях на працягу амаль тысячагоддзя. |
ЛІТАРАТУРА
1. Бярозкіна, Н. Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (ХVІ – пачатак ХХ ст.) / Н. Ю. Бярозкіна. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – 199 с.
2. Галенчанка Г. Брацкае кнігадрукаванне / Г. Галенчанка // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [в 3 т.] / рэдкал.: Г П. Пашкоў [і інш.] ; мастак З. Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн, 2005. – Т. 1 : А–К. – C. 343–346.
3. Галенчанка Г. Я. Брацкае кнігадрукаванне / Г. Я. Галенчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 2 : Беліцк–Гімн. – С. 72–75.
4. Галенчанка Г. Я. Брацкае кнігадрукаванне / Г. Я. Галенчанка // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 34–37.
5. Галенчанка, Г. Еўінская друкарня / Г. Галенчанка // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [в 3 т.] / рэдкал.: Г П. Пашкоў [і інш.] ; мастак З. Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн, 2005. – Т. 1 : А–К. – C. 619.
6. Доўнар, Л. І. Гісторыя беларускай кнігі : вучэбны дапаможнік / Л. І. Доўнар. – Мінск : БДУКМ, 2012. – 252 с.
7. Кнігадрук // Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае : ілюстраваная гісторыя / тэкст У. Арлоў ; мастак З. Герасімовіч. – Bratislava [Браціслава] : Kalligram, 2013. – С. 192–195.
8. Куцеінская друкарня // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – Т. 4 : З–Л. – С. 654.
9. Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі / В. Ластоўскі ; прадм. А. Сушы. – Факсімільнае выданне. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. – 814 с.
10. Лаўрык, Ю. Любчанская друкарня / Ю. Лаўрык // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [в 3 т.] / рэдкал.: Г П. Пашкоў [і інш.] ; мастак З. Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн, 2006. – Т. 1 : К–Я. – C. 230.
11. Магілёўская брацкая друкарня // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 228–229.
12. Нікалаеў, М. Віленская брацкая друкарня / М. Нікалаеў, М. Ткачэнка // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [в 3 т.] / рэдкал.: Г П. Пашкоў [і інш.] ; мастак З. Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн, 2005. – Т. 1 : А–К. – C. 413.
13. Развіццё культуры Беларусі ў XIV – першай палове XVII ст. // Гісторыя культуры Беларусі / С. А. Парашкоў. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – С. 52–129.













































