
«Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада»
- Details
- Створана 21.09.2016 07:06
13 верасня ў бібліятэцы адбыўся першы занятак бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Арганізатары – ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», кафедра гісторыі Беларусі УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава», клуб гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn» і Віцебскі гарадскі партал. Першы занятак быў прысвечаны тэме «Віцебск дагарадскі» («Віцебск балцкі»).
З прывітальным словам выступіла дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, якая адзначыла вялікую цікавасць многіх жыхароў Віцебска да гісторыі роднага горада. Адзін з мадэратараў праекта, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак падкрэсліў адкрытасць курсаў як для слухачоў, так і для лектараў. Мяркуецца, што лекцыі па пэўных тэмах будуць чытаць найбольш дасведчаныя гісторыкі, краязнаўцы, архівісты.
Тэма першага занятку была прысвечана таму перыяду, калі на гары Ламіха існавала гарадзішча балцкай днепра-дзвінскай археалагічнай культуры. Пра гістарычныя крыніцы, з якіх навукоўцы бяруць звесткі пра старажытнае мінулае, расказаў кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Дулаў. Пра тое, дзе на тэрыторыі Віцебска праводзіліся археалагічныя раскопкі, расказаў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама, археолаг, кандыдат гістарычных навук Пётр Падгурскі. Пётр Мікалаевіч на працягу доўгага часу ўдзельнічаў у раскопках гарадзішч менавіта днепра-дзвінскай культуры.
Была прадэманстравана 3D рэканструкцыя паселішча на гары Ламіха, якую зрабілі пад кіраўніцтвам Дзяніса Юрчака студэнты матэматычнага факультэта ВДУ. Студэнт матэматычнага факультэта Сяргей Буйніцкі расказаў пра планы каманды па распрацоўцы дадаткаў да смартфонаў.
Рэканструктары, якія аднаўляюць побыт і матэрыяльную культуру старажытных балтаў, з клуба гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn» прадэманстравалі ўзор мужчынскага адзення балцкага племені латгалаў, паказалі фотаздымкі ўзораў жаночага адзення. Удзельнікі клуба адказалі на пытанні слухачоў курсаў.
Другі занятак «Княгіня Вольга і заснаванне Віцебска: паданне ці міф» адбудзецца 29 верасня ў 18.00.