Сустрэча з прадстаўнікамі літаратурна-мастацкіх выданняў Беларусі
- Подробности
- Создано 13.12.2010 12:00
10 снежня ў абласной бібліятэцы адбылася сустрэча з прадстаўнікамі літаратурна-мастацкіх выданняў Беларусі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар РВУ “Літаратура і мастацтва” і галоўны рэдактар аднайменнага штотыднёвіка А. Карлюкевіч, рэдактар аддзела публіцыстыкі І. Тулупава, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” У. Мазго, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Р. Баравікова, рэдактар аддзела паэзіі часопіса “Нёман” Ю. Сапажкоў, рэдактар аддзела літаратуры часопіса “Вожык” П. Саковіч, старшыня Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Т.І. Краснова-Гусачэнка. На сустрэчу былі запрошаны чытачы, спецыялісты бібліятэчных сістэм Віцебскай вобласці, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, пісьменнікі, літаратары.
Вядучай вечара выступіла Ірына Тулупава, якая прадставіла газету творчай інтэлігенцыі. Размова ішла пра сучасны стан беларускай літаратуры, беларускія часопісы, а таксама перспектыўныя планы ў іх выдавецкай дзейнасці. Уладзімір Мазго расказаў пра творчыя праекты часопіса “Полымя” на 2010 і 2011 гады. Паэтэса, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы Раіса Баравікова распавяла пра набыткі і новыя планы часопіса “Маладосць”, адзначыла важкі ўклад ураджэнцаў Віцебшчыны ў падрыхтоўцы гэтага выдання. Рускамоўны часопіс “Нёман” прадставіў рэдактар аддзела паэзіі Юрый Сапажкоў, а з гісторыяй альманаха сатыры і гумару “Вожык” пазнаёміў рэдактар аддзела, ураджэнец г. Оршы Павел Саковіч. Завяршыўся вечар выступленнем дырэктара літаратурнага холдынга Алеся Карлюкевіча, які расказаў аб праекце, распрацаваным сумесна з Саюзнай дзяржавай – стварэнні новага беларускага часопіса “Белая вежа”, які пабачыць свет на пачатку новага года.