А песні нас чакаюць дома...
- Подробности
- Создано 20.12.2016 07:46
«А песні нас чакаюць дома...»
Песенная лірыка Генадзя Бураўкіна
Бураўкінская песня знаёма нам з дзяцінства. Яшчэ добра не ўсведамляючы гэты сусвет, мы засыналі пад ласкавы голас матулі, ці, хутчэй за ўсё, пад дзівосныя словы тэлевізійнай «Калыханкі»:
Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Сіні цень, сонны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.
Гэты твор напісаў паэт на ўжо гатовую музыку В. Раінчыка, і вось ўжо некалькі дзесяцігоддзяў «Калыханка» штодзень гучыць у тэлеэфіры і заўсёды цёпла ўспрымаецца любой аўдыторыяй. Разам з ласкавымі, таямнічымі словамі паўстае для дзіцяці жыццё ў яго найярчэйшых праявах. Гэты урок дабрыні і сапраўднай паэзіі застанецца з ім назаўсёды і дапаможа бачыць у сваім жыцці светлае, радаснае і прыгожае ў гэтым свеце.
Песенны набытак паэта разнастайны, але дамінуюць у ім тэмы кахання да жанчыны і любові да роднага краю. Генадзь Бураўкін – пяшчотны і задушэўны лірык, чуйны да настрою ў прыродзе. Яго вершы аб прыгажосці роднай зямлі заўсёды адухоўленыя:
Над соснамі, асінамі
Гуляюць па бары
Зялёныя і сінія
Залётныя вятры.
(«Сняжынкі на расстанне»)
Яго песенны свет кахання – таямнічы і загадкавы. Як прыгожа апявае паэт каханне, нават ні разу не згадаўшы само слова:
У прысадах цяністых
Я сустрэўся з табой,
Маёй светлаю, чыстай
Веснавою журбой,
Маёй ціхаю казкай,
Маёй першаю ласкай.
(«У прысадах цяністых...»)
У пявучасці і меладычнасці самаго гучання радка выдатная якасць паэзіі Г. Бураўкіна . І гэтая выключная спеўнасць даўно заўважана беларускімі кампазітарамі, невыпадкова многія вершы паэта перакладзены на музыку, сталі песнямі.
У творчым супрацоўніцтве Г. Бураўкіна з кампазітарам Э. Ханком з'явіліся ўсім вядомыя творы «Завіруха», «Конь незацугляны», «Жар-птушка», «Малітва».
Песні на вершы паэта стварылі таксама кампазітары Э. Зарыцкі, І. Лучанок, В. Раінчык, Ю. Семяняка, Л. Барткевіч, Я. Глебаў інш.
Для Генадзя Бураўкіна напісанне песень не было асноўнай дзейнасцю, тым не менш у гэтым напрамку паэт працаваў вельмі плённа. У 1984 г. выдаў зборнік песенных вершаў «Табе, Беларусь», у 1996 г. – кнігу «Конь незацугляны», якую склалі песні, вершы, жарты. Песенные вершы былі ўключаны ім ў кнігу выбранага, якая выйшла ў 2009 г. у серыі «Беларускі кнігаабзор».
Вынікам супрацоўніцтва Г. Бураўкіна са спеваком і кампазітарам З. Вайцюшкевічам стаў альбом «Лірыка» (2007), у які вайшло 14 тэкстаў, напісаных у розныя перыяды творчасці паэта. Словы сучаснай песні «Месяц – жоўтая лодка» былі напісаны яшчэ ў 1964 г.:
Месяц – жоўтая лодка –
Плыве між аблокаў.
Пахне мятай
Салодка-салодка
Далёка-далёка.
У абвялых пракосах
Дрэмле ціша святая.
Твае цёплыя косы
Я няўмелай рукой расплятаю.
У 2013 годзе З. Вайцюшкевіч выпусціў альбом беларускага шансону «Варанок», ідэя стварэння якога належала Генадзю Бураўкіну, ён жа напісаў амаль усе тэксты для дыска.
Песні на словы Г. Бураўкіна выступаюць найлепшымі ўзорамі сучаснай беларускай культуры.
Яшчэ многа твораў выдатнага майстра чакаюць таго таленавітага кампазітара, які зможа абудзіць схаваную ў тэксце мелодыю. І тады вершаваныя радкі знойдуць сваё другое жыццё, увойдуць у душы людзей і будуць радаваць сваім дзівосным гучаннем.
Бураўкін, Г. Жураўліная пара : вершы канца стагоддзя / Г. Бураўкін. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2004. – 156 с. У гэтай кнізе сабраны вершы, напісаныя ў 1998–2000 гадах. У іх – засяроджаны «восеньскі» роздум аб развітанні з мінулым векам, аб трывогах, сумненнях і надзеях, якія хвалююць неабыякавую душу на парозе новага тысячагоддзя. |
|
Бураўкін, Г. Конь незацугляны : вершы, жарты, песні / Генадзь Бураўкін. – Минск : Часоп. «Вожык», 1996. – 31 с. Вершы для дзяцей. |
|
Бураўкін, Г. Узмах крыла : новыя вершы / Г. Бураўкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 111 с. У зборнік увайшлі новыя лірычныя радкі аб каханні. |
|
Бураўкін, Г. Пяшчота : вершы пра каханне / Г. Бураўкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1985. – 95 с. Кнігу вядомага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна склалі вершы, прысвечаныя найсвятлейшаму пачуццю чалавека. |
|
Бураўкін, Г. Чытаю тайнапіс вачэй... : вершы пра каханне : для старэйшага школьнага ўзросту / Г. Бураўкін. – Мінск : Юнацтва, 2001. – 158 с. 110 вершаў, якія склалі гэтую кнігу, напісаны ў розныя гады. Але ўсе яны прысвечаны вечна маладому і светламу пачуццю кахання, у вернасці якому шчыра і ўсхвалявана прызнаюцца і наіўны, рамантычны юнак, і сталы сівы мужчына. Многія з вершаў зборніка пакладзены вядомымі беларускімі кампазітарамі на музыку і сталі папулярнымі песнямі. |
|
Бураўкін, Г. Гняздо для птушкі радасці : вершы / Г. Бураўкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – 78 с. Творы паэта прасякнуты любоўю і замілаваннем да роднай зямлі. Вершы пра каханне ўражваюць сваёй шчырасцю і цнатлівай чысцінёй. |
|
Бураўкін, Г. Паміж зоркай і свечкай : вершы [1995–1997] / Г. Бураўкін. – Мінск : Выдавецтва Бацькаўшчына, 2000. – 120 с. У сваіх вершах паэт з вышыні пражытага і перажытага разважае над складанымі пытаннямі жыцця і смерці, надзённымі праблемамі сённяшняй Беларусі, вечнымі таямніцамі зямнога кахання. Глыбока лірычныя вершы паэта вызначаюцца шчырасцю і ўзрушанасцю. |
|
Бураўкін, Г. Выбраныя творы / Г. Бураўкін. – Мінск : Кнігазбор, 2009. – 536 с. [8] с. іл. – (Беларускі кнігазбор). У кнігу выбраных твораў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Генадзя Бураўкіна ўвайшлі яго лепшыя вершы, паэмы і песні, а таксама эсэ і публіцыстычныя выступленні 1955–2000 гадоў. |
|
Гілевіч, Н. Удзячнасць і абавязак : літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі / Н. Гілевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – 302 с. Кнігу літаратурнай крытыкі склалі артыкулы, прысвечаныя паэтычнаму майстэрству славянскіх паэтаў. У артыкуле «І стаў вытокам радасці радок» разглядаецца творчасць Генадзя Бураўкіна. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Бароўская, І. «Па той зямлі, дзе ўсё табою дыша...» / І. Бароўская // Роднае слова. – 2001. – №8. – С. 83–85.
2. Бураўкін, Г. Варта вернасці : вершы і паэма / Генадзь Бураўкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 112 с.
3. Бураўкін, Г. Вершы пяці кніг : выбранае / Генадзь Бураўкін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. – 272 с.
4. Бураўкін, Г. Дыханне : паэзія / Генадзь Бураўкін. – Мінск : Беларусь, 1966. – 104 с.
5. Бураўкін, Г. Жніво : кніга паэзіі / Генадзь Бураўкін. – Мінск : Беларусь, 1971. – 120 с.
6. Бураўкін, Г. З любоўю і нянавісцю зямною / Г. Бураўкін. – Мінск : Дзярж. выдавецтва БССР, 1963. – 119 с.
7. Бураўкін, Г. Конь незацугляны : вершы, жарты, песні / Генадзь Бураўкін. – Минск : Часоп. «Вожык», 1996. - 31 с.
8. Бураўкін, Г. Першая старонка / Генадзь Бураўкін // Пра час і пра сябе : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў / склад. і падрыхт. Я. Казека. – Мінск : Беларусь, 1966. – С. 51–54.
9. Бураўкін, Г. Тры старонкі з легенды. Штрыхі аднаго лёсу / Генадзь Бураўкін. Мінск : Беларусь, 1971. – 120 с.
10. Гілевіч, Н. І стаў вытокам радасці радок / Ніл Гілевіч // Удзячнасць і абавязак : літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – С. 149–165.
11. Грамадчанка, Т. К. «Не за сябе душа мая баліць...» : штрыхі да партрэта Генадзя Бураўкіна / Таіса Грамадчанка // Роднае слова. - 2011. – № 8. – С. 3–7.
12. Заяц, Н. В. Генадзь Бураўкін: песенны складальнік творчасці паэта / Наталля Заяц // Роднае слова. – 2016. – № 8. – С. 7–9.
13. Макарэвіч, В. З любоўю і ненавісцю зямною (Генадзь Бураўкін: сталасць паэтычнага мыслення) / В. Макарэвіч // Пяро і бліскавіца : вершы, паэмы, артыкулы / В. Макарэвіч. – Мінск : Універсітэцкае, 2001. – С. 220–235.