Прыязджайце дадому...
- Подробности
- Создано 19.05.2016 07:46
«Прыязджайце дадому...»
Вобразы роднага краю ў творах Генадзя Бураўкіна
Люблю свой край,
зялёны і спакойны.
Сіваваронкі дрэмлюць на слупах.
Над хатамі -
вясёлыя шпакоўні,
А ў хатах -
аржанога хлеба пах.
Генадзь Бураўкін
Як верны сын і патрыёт сваёй Радзімы Генадзь Бураўкін на працягу творчага шляху неаднаразова звяртаецца да роднага краю, апявае і славіць яго ў сваіх творах. Паэт існуе і жыве адчуваннем неадрыўнасці ўласнага лёсу ад лёсу сваёй бацькаўшчыны, свайго народа.
Асабліва цёплыя і прачулыя словы знаходзіць Генадзь Бураўкін для роднай Полаччыны, дзе нарадзіўся і вырас. У першай кнізе паэта «Майская просінь» (1960) знаходзім вершы, поўныя пачуцця сыноўняй любасці да роднага краю. Верш «Полаччына» пачынаецца са звароту да тых людзей, якія прывыклі блукаць па свеце ў пошуках рамантыкі ў чужых краях:
He шукайце красы за морамі,
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі,
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі.
Для абмалёўкі прагажосці Полаччыны паэт выбірае такія эпітэты і параўнанні, словы і выразы, якія з усёй паўнатой перадаюць асаблівасць гэтага кутка Беларусі:
Тут азёры, як неба, сінія,
У чаротах чароды гусіныя,
А на дне Млечным Шляхам свецяцца
Трапяткія гурты язіныя.
Паэт стварае дзівосную карціну роднага кутка, казачныя атрыбуты і рэчы сустракаюцца на кожным кроку:
Тут пад кожным курганам і каменем –
Ці быліна, ці казка чароўная...
Полаччына, край паэтычных легенд і песень, больш чым іншая зямля Беларусі захавала сляды старажытнасці. «Полацкая балада» Генадзя Бураўкіна – таксама пра родны кут, толькі ўжо ў іншым гістарычным плане. Аўтар трывожна ўслухоўваецца ў гукі мінулых стагоддзяў, углядаецца ў твары выдатных людзей, што праходзілі тут:
Толькі ўслухацца лепш у марозны спакой,
Толькі вочы закрыць на хвіліну –
І пачуеш дыханне далёкіх вякоў,
Старадаўнія песні-быліны.
Паэтычным прызнаннем у любві і вернасці сваёй Радзіме прасякнуты вершы «Край мой», «Мая вясковая хаціна...», «Я не знаю, удаўся ў каго я такі...», «Рэкі Беларусі», «Шпак спявае...», «У дарозе», «Элегіі старога саду» і многія іншыя.
Не адзін год давялося Г. Бураўкіну жыць удалечыні ад Радзімы. Цыкл вершаў «Разлукі чашу выпіў я да дна» прысвечаны тэме любві да роднага краю. Паэт на ўласным вопыце пераканаўся, што «толькі на Радзіме чалавеку ходзіцца і дыхаецца ўсмак». Яго не захапляе яркая прыгажосць чужой краіны, густыя фарбы заморскай вясны. Амаль у кожным вершы, напісаным паэтам на чужыне, жыве думка-загадка пра бацькаўшчыну, маці, могілкі блізкіх, тут уваскрасаюць дарагія сэрцу пейзажныя вобразы: «берагі зялёныя Дзвіны», «гоман полацкіх бароў».
Я не думаў, што так прывязаны
Да імшарнай, пясчанай зямлі,
Да прыгоркаў з дубамі і вязамі,
Да бяроз, што ў паляны ўраслі.
А, пажыўшы ў заморскай далечы,
Паглядзеўшы рэкламны рай,
Зразумеў я, дамоў прылятаючы,
Як мне дораг мой родны край.
Бураўкін, Г. Майская просінь : лірыка / Г. Бураўкін. — Мінск : Дзярж. выдавецтва БССР, 1960. — 50 с.
Першы зборнік вершаў Генадзя Бураўкіна. Сюды ўвайшлі самыя раннія яго творы, напісаныя ў гады вучобы, на рубяжы дзяцінства і юнацтва. |
|
Бураўкін, Г. З любоўю і нянавісцю зямною / Г. Бураўкін. — Мінск : Дзярж. выдавецтва БССР, 1963. — 119 с. Другая кніга паэзіі Генадзя Бураўкіна. |
|
Бураўкін, Г. М. Гняздо для птушкі радасці : вершы / Г. М. Бураўкін. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1986. — 78 с. Кніга Генадзя Бураўкіна, у якой паэт актыўна змагаецца за ўсё сумленнае і светлае ў жыцці. Любоўю і замілаваннем да роднай зямлі прасякнуты мужныя, пранікнёныя радкі паэзіі сцверджання. |
|
Бураўкін, Г. М. Узмах крыла : новыя вершы / Г. М. Бураўкін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. — 111 с. Аснову новай паэтычнай кніжкі Генадзя Бураўкіна склалі вершы, напісаныя ў апошнія гады, калі ён жыў у Нью-Йорку. Туга па Радзіме, шчыры водгук на няпростыя падзеі ў Беларусі, шчымлівы роздум над трывожным сённяшнім днём — вось іх асноўныя матывы. |
|
Бураўкін, Г. М. Паміж зоркай і свечкай : вершы: [1995—1997] / Г. М. Бураўкін. — Мінск : Бацькаўшчына, 2000. — 120 с. Кнігу склалі вершы трох гадоў (1995—1997 ). У іх з вышыні пражытага і перажытага аўтар разважае над складанымі пытаннямі жыцця і смерці, надзеннымі балючымі праблемамі сённяшняй Беларусі. |
|
Бураўкін, Г. М. Лісты да запатрабавання : вершы і паэмы / Г. М. Бураўкін. — Мінск : Кнiгазбор, 2010. — 336 с. Кнігу паэзіі Генадзя Бураўкіна склалі паэмы «Узнясенне» і «Развітанне», а таксама лірычныя вершы, прасякнутыя балючымі клопатамі нашых дзён, асветленыя сыноўскай любоўю да роднай зямлі і прадыктаваныя ўзвышаным пачуццём чыстага кахання. |
|
Бураўкін, Г. М. Нагаварыцца з зоркамі : [вершы 2010–2013 гадоў] / Г. М. Бураўкін ; [укладанне С. Шапрана]. — Мінск : Кнігазбор, 2014. — 129, [5] с. — (Кнігарня пісьменніка; вып. 53). У кнігу ўвайшлі выбраныя вершы апошняга часу (2010—2013 гадоў), большасць з якіх друкуецца ўпершыню. Апошняя прыжыццёвая кніга паэта, сігнальны экзэмпляр якой ён паспеў патрымаць у руках. |
|
Бельскі, А. Краса і смутак : дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. — 237 с. У кнізе шырока асвятляюцца духоўныя і эстэтычныя шуканні сучаснай літаратуры. Аўтар праяўляе цікавасць да вядомых у літаратуры імёнаў: М. Танка, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна. |
|
Макарэвіч, В. Пяро і бліскавіца: вершы, паэмы, артыкулы / В. Макарэвіч. — Мінск : Універсітэцкае, 2001. — 320 с. — (Школьная бібліятэка). У кнігу ўвайшлі артыкулы пра пісьменнікаў А. Бачылу, П. Багрыма, Г. Бураўкіна, А. Вялюгіна і інш., а таксама вершы, прысвечаныя беларускім пісьменнікам. |
|
Русецкі, А. Ісці да чалавека : літаратурныя партрэты / А. Русецкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. — 287 с. Кніга літаратурных партрэтаў вядомых пісьменнікаў Віцебшчыны: В. Быкава, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна, А. Вярцінскага, Г. Бураўкіна, С. Законнікава, У. Караткевіча, Я. Сіпакова. |
|
Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / [нав. рэд. : У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук]. Мінск : Беларуская навука, 2002. — Т. 4. Кн. 1 : 1966–1985. — 928 с. У выданні разглядаецца творчасць пісьменнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у нацыянальную прозу, паэзію, драматургію, літаратуразнаўства. |
|
Гілевіч, Н. Удзячнасць і абавязак : літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. — 302 с. Кнігу склалі артыкулы, прысвечаныя паэтычнаму майстэрству некаторых славянскіх паэтаў, пытанням мастацкага перакладу, сувязям сучаснай паэзіі з фальклорам. |
|
|
ЛІТАРАТУРА
1. Бароўская, І. «Па той зямлі, дзе ўсё табою дыша...» / І. Бароўская // Роднае слова. — 2001. — №8. — С.83—85.
2. Бельскі, А. «Горка плача лебедзь адзінокі» (Генадзь Бураўкін) / А. Бельскі // Краса і смутак / А. Бельскі : дапаможнік для настаўнікаў. — Мінск : Мастацкая літіратура, 2000. — С. 139—145.
3. Бураўкін, Г. Варта вернасці : вершы і паэма / Генадзь Бураўкін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. — 112 с.
4. Бураўкін, Г. Вершы пяці кніг : выбранае / Генадзь Бураўкін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. — 272 с.
5. Бураўкін, Г. Дыханне : паэзія / Генадзь Бураўкін. — Мінск : Беларусь, 1966. — 104 с.
6. Бураўкін, Г. Жніво : кніга паэзіі / Генадзь Бураўкін. — Мінск : Беларусь, 1971. — 120 с.
7. Бураўкін, Г. З любоўю і нянавісцю зямною / Г. Бураўкін. — Мінск : Дзярж. выдавецтва БССР, 1963. — 119 с.
8. Бураўкін, Г. Першая старонка / Генадзь Бураўкін // Пра час і пра сябе : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў / склад. і падрыхт. Я. Казека. — Мінск : Беларусь, 1966. — С. 51—54.
9. Бураўкін, Г. Тры старонкі з легенды. Штрыхі аднаго лёсу / Генадзь Бураўкін. Мінск : Беларусь, 1971. — 120 с.
10. Гілевіч, Н. І стаў вытокам радасці радок / Ніл Гілевіч // Удзячнасць і абавязак : літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. — С. 149—165.
11. Драздова З. У. Генадзь Бураўкін / Драздова З. У. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / [нав. рэд. : У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук]. — Мінск : Беларуская навука, 2002. — Т. 4. Кн. 1 : 1966–1985. — С. 710—728.
12. Макарэвіч, В. З любоўю і ненавісцю зямною (Генадзь Бураўкін: сталасць паэтычнага мыслення) / В. Макарэвіч // Пяро і бліскавіца : вершы, паэмы, артыкулы / В. Макарэвіч. — Мінск : Універсітэцкае, 2001. — С. 220—235.
13. Русецкі, А. Маладосць душы (Генадзь Бураўкін) / А. Русецкі // Ісці да чалавека : літаратурныя партрэты / А. Русецкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. — С. 131—161.