Лісты да запатрабавання…
- Подробности
- Создано 05.01.2016 07:46
«ЛІСТЫ ДА ЗАПАТРАБАВАННЯ...»
Постаць Генадзя Бураўкіна ў беларускай літаратуры
Калі мы сыдзем з гэтага жыцця,
Сплывем за незабудкавыя далі,
Мы вам гукнём з прадонняў небыцця
Той самы кліч,
Што на зямлі гукалі.
Ён знойдзе вас на ўробленым надзеле,
Прытоены ў траве і сіняве,
Як запавет, як заклік і надзея,
І як апошні выдых наш:
– Жыве!
Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін (28.08.1936–30.05.2014) – нарадзіўся ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага. У 1959 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», на Беларускім радыё, у газеце «Літаратура і мастацтва». З 1968 года – карэспандэнтам газеты «Правда» па БССР. З 1972 года – галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі».
У 1978–1990 гг. — старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Генадзь Бураўкін паклаў шмат высілкаў дзеля таго, каб беларускай мовы ў эфіры рабілася больш і больш, ён здолеў зрабіць гэтыя сродкі масавай інфармацыі па-сапраўднаму нацыянальнымі і, разам з тым, адпавядаючымі патрабаванням часу. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 10 і 11 склікання (1980—1990), быў адным з ініцыятараў прыняцця «Закона аб мовах».
Генадзь Бураўкін годна прадстаўляў нашу краіну на міжнародным узроўні з'яўляючыся пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН (1990–1994). З 18 сакавіка 1994 года быў намеснікам міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь. З 1995 па 2001 год працаваў у часопісе «Вожык».
Генадзь Бураўкін быў старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны ў 1997–1999 гадах, сябрам Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў, Рады беларускай інтэлігенцыі, сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру.
Першыя вершы Генадзя Бураўкіна былі надрукаваны ў полацкай газеце «Сцяг камунізму» ў 1952 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Вершы» (1969), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Вершы пяці кніг» (1976), «Варта вернасці» (1978), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986). Аўтар зборнікаў паэзіі «Узмах крыла» (1995), «Паміж зоркай і свечкай» (2000), кніга «Выбранае» (1998). Надзвычай багатая і разнастайная інтымная лірыка паэта, яна ўключалася ва ўсе яго зборнікі, але асобна сабраная ў кнігах «Пяшчота» (1985) і «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001).
Вершы канца XX ст. склалі зборнік паэта «Жураўліная пара» (2004). У 2005 годзе Генадзь Бураўкін быў узнагароджаны ПЭН-цэнтрам Прэміяй імя Алеся Адамовіча за кнігу паэзіі «Жураўліная пара», складанне кнігі ўспамінаў «Наш Быкаў» і серыю публіцыстычных артыкулаў.
У 2009 годзе выйшаў зборнік «Выбраныя творы», куды ўвайшлі вершы, паэмы, казкі пісьменніка. Кніга паэзіі «Лісты да запатрабавання» Генадзя Бураўкіна выйшла ў 2010 годзе. Яе склалі паэмы «Узнясенне» і «Развітанне», прысвечаныя Францішку Багушэвічу і Якубу Коласу, а таксама лірычныя вершы. Апошняя прыжыццёвая кніга паэта, сігнальны экзэмпляр якой ён паспеў патрымаць у руках, – «Нагаварыцца з зоркамі» ўбачыла свет у 2014 годзе.
Генадзь Бураўкін перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў. У 1968 годзе ў Мінску выйшла кніга выбранай лірыкі «Белая чайка» балгарскага пісьменніка Найдана Вылчава, перакладзеная Генадзем Бураўкіным сумесна з Рыгорам Барадуліным і Нілам Гілевічам. У 1979 годзе ў Мінску ў серыі «Паэзія народаў СССР» выйшла кніга «Заклінанне агню», перакладзеная Бураўкіным.
Генадзь Бураўкін аўтар кніг паэзіі для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987), дакументальных аповесцяў «Тры старонкі з легенды» (1971), выступаў у друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Ён аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, двухсерыйнага мастацкага фільма «Полымя» (1974, сумесна з У. Халіпам і Ф. Коневым).
На вершы Г. Бураўкіна напісана шмат папулярных песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і інш.). У паэта ёсць зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). У 2007 годзе пабачыў свет альбом Д. Вайцюшкевіча «Лірыка. Песьні на вершы Генадзя Бураўкіна», у 2013 годзе музыка выпусціў альбом беларускага шансону на словы Г. Бураўкіна «Варанок».
У 2015 годзе ў серыі «Голас паэта» выйшла аўдыёкніга «Генадзь Бураўкін. Вершы». Дыск змяшчае запісы вершаў Генадзя Бураўкіна розных гадоў, а таксама паэм «Хатынскі снег», «Узнясенне».
Генадзь Бураўкін быў сапраўдным класікам нашай літаратуры, творы якога дапамагалі людзям асэнсоўваць сябе ў сучасным свеце, знаходзіць месца ў грамадстве, вызначаць жыццёвы шлях. У ягонай асобе гарманічна спалучаліся летуценнасць, рамантызм і лірычнасць паэта з рэалістычнасцю, дасведчанасцю і грунтоўнасцю кіраўніка высокага ўзроўню. З імем Генадзя Бураўкіна назаўсёды будуць звязаны выдатныя здабыткі беларускай паэзіі, шчыры клопат пра беларускую мову, пра лёс Беларусі.
МАЛІТВА
Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут...
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем,
I цяплом.
Генадзь Бураўкін
Барсток, М. Руплівы поўдзень : нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна / М. Барсток. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — 173 с. У кнізе літаратурнага крытыка Марыны Барсток расказваецца пра творчыя пошукі Генадзя Бураўкіна, своеадметнасць яго паэтычнага слова. |
|
Бельскі, А. Краса і смутак : дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. — 237 с. У кнізе шырока асвятляюцца духоўныя і эстэтычныя шуканні сучаснай літаратуры. Аўтар праяўляе цікавасць да вядомых у літаратуры імёнаў... М. Танка, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна... |
|
Бугаёў, Д. Служэнне Беларусі : праблемныя артыкулы, літаратурныя партрэты, эсэ, успаміны / Дзмітрый Бугаёў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — Прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа Дзмітрый Бугаеў піша пра творчасць, мастацкую і чалавечую адметнасць цэлага шэрагу пісьменнікаў – ад вялікіх класікаў да жывых сучаснікаў.
|
|
Бураўкін, Г. Выбраныя творы / Г. Бураўкін. — Мінск : Кнiгазбор, 2009. — 536 с., [8] с. іл. — (Беларускi кнiгазбор). У кнігу выбраных твораў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Генадзя Бураўкіна ўвайшлі яго лепшыя вершы, паэмы і песні, а таксама эсэ і публіцыстычныя выступленні 1955–2000 гадоў. Сорак дзявяты том кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор». |
|
Бураўкін, Г. Жураўліная пара : вершы канца стагоддзя / Г. Бураўкін. — Мінск : Беларускі кнiгазбор, 2004. — 156 с. У гэтай кнізе сабраны вершы, напісаныя ў 1998-2000 гадах. У іх — засяроджаны «восеньскі» роздум аб развітанні з мінулым векам, аб трывогах, сумненнях і надзеях, якія хвалююць неабыякавую душу на парозе новага тысячагоддзя. |
|
Бураўкін, Г. З любоўю і нянавісцю зямною / Г. Бураўкін. — Мінск : Дзяржвыд БССР, 1963. — 119 с. Другая кніга паэзіі Генадзя Бураўкіна. |
|
Бураўкін, Г. Лісты да запатрабавання : вершы і паэмы / Г. Бураўкін. — Мінск : Кнiгазбор, 2010. — 336 с. Кнігу паэзіі Генадзя Бураўкіна склалі паэмы «Узнясенне» і «Развітанне», прысвечаныя апосталам Бацькаўшчыны Францішку Багушэвічу і Якубу Коласу, а таксама лірычныя вершы, прасякнутыя балючымі клопатамі нашых дзён, асветленыя сыноўскай любоўю да роднай зямлі і прадыктаваныя ўзвышаным пачуццём чыстага кахання. Як заўсёды ў аўтара, яны гранічна спавядальныя і ўсхваляваныя. |
|
Бураўкін, Г. Майская просінь : лірыка / Г. Бураўкін. — Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, 1960. — 50 с. Першы зборнік вершаў Генадзя Бураўкіна. Сюды ўвайшлі самыя раннія яго творы, напісаныя ў гады вучобы на рубяжы дзяцінства і юнацтва. |
|
Бураўкін, Г. Нагаварыцца з зоркамі : [вершы 2010–2013 гадоў] / Г. Бураўкін ; [укладанне С. Шапрана]. — Мінск : Кнігазбор, 2014. — 129, [5] с. — (Кнігарня пісьменніка; вып. 53). Гэта была апошняя воля Генадзя Бураўкіна – каб гэтыя вершы выйшлі кніжкаю. У кнігу ўвайшлі выбраныя вершы апошняга часу (2010—2013 гадоў), большасць з якіх друкуецца ўпершыню. Апошняя прыжыццёвая кніга паэта, сігнальны экзэмпляр якой ён паспеў патрымаць у руках.
|
|
Бураўкін, Г. Паміж зоркай і свечкай : вершы: [1995—1997] / Г. Бураўкін. — Мінск : Выдавецтва Бацькаўшчына, 2000. — 120 с. Кнігу Генадзя Бураўкіна склалі вершы трох гадоў (1995—1997 ). У іх з вышыні пражытага і перажытага ён разважае над складанымі пытаннямі жыцця і смерці, надзеннымі балючымі праблемамі сённяшняй Беларусі, вечнымі таямніцамі зямнога кахання. Глыбока лірычныя, вершы паэта вызначаюцца шчырасцю і ўзрушанасцю. |
|
Гаўрусёў, С. Збор твораў : у 2 т. / С. Гаўрусёў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — Т. 2 : Паэмы, крытычныя артыкулы, пераклады. — 223 с., 1 л. партр. Другі том Збору твораў змяшчае паэмы, пераклады, крытычныя артыкулы пра А. Куляшова, П. Панчанку, Г. Бураўкіна, П. Макаля, А. Лойку і інш. |
|
Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / [нав. рэд. : У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук]. Мінск : Беларуская навука, 2002. — Т. 4. Кн. 1 : 1966–1985. — 928 с. У выданні разглядаецца творчасць пісьменнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у нацыянальную прозу, паэзію, драматургію, літаратуразнаўства. |
|
Гніламёдаў, У. Ля аднаго вогнішча : літ.-крытыч. артыкулы: для ст. шк. узросту / У. Гніламёдаў ; маст. А. М. Малышава. — Мінск : Юнацтва, 1984. — 928 с. У кнізе расказваецца аб творчасці Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, В. Зуёнка і інш. Гэта майстры розных індывідуальнасцей. Ідэйна-мастацкая праблематыка іх творчасці, звернутай да сучасніка, выключна багатая і разнастайная. |
|
Макарэвіч, В. Пяро і бліскавіца: вершы, паэмы, артыкулы / В. Макарэвіч. — Мінск : Універсітэцкае, 2001. — 320 с. — (Школьная бібліятэка). У кнігу ўвайшлі артыкулы пра пісьменнікаў А. Бачылу, П. Багрыма, Г. Бураўкіна, А. Вялюгіна і інш., таксама вершы, прысвечаныя беларускім пісьменнікам.
|
|
Русецкі, А. Ісці да чалавека : літаратурныя партрэты / А. Русецкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. — С. 131—161. Кніга літаратурных партрэтаў вядомых пісьменнікаў Віцебшчыны: В. Быкава, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна, А. Вярцінскага, Г. Бураўкіна, С. Законнікава, У. Караткевіча, Я. Сіпакова. |
|
Русецкий, А. В. От земли Поозерской... Творчество витебских литераторов в послевоенный период (1946―1965 гг.) : монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. — Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2010. — 302 с. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Барсток, М. Руплівы поўдзень : нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна / М. Барсток. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — 173 с.
2. Бельскі А. І. «Горка плача лебедзь адзінокі» (Генадзь Бураўкін) / А. І. Бельскі // Краса і смутак : дапам. для настаўнікаў / А. І. Бельскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. — С. 139—144.
3. Бугаёў, Д. «Матчына слова дапамагала мне...» : (Генадзь Бураўкін) / Д. Бугаёў // Служэнне Беларусі : праблемныя артыкулы, літаратурныя партрэты, эсэ, успаміны / Д. Бугаёў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — С. 326—363.
4. Бураўкін, Г. Варта вернасці : вершы і паэма / Г. Бураўкін. — Мінск. : Мастацкая літаратура, 1978. — 111 с.
5. Бураўкін, Г. «Век, адведзены мне, я пражыў не дарма... » / Генадзь Бураўкін ; [размаўляў] Змітрок Верас // Дзеяслоў. — 2011. — № 4. — С. 205—242.
6. Бураўкін, Г. Выбраныя творы / Г. Бураўкін. — Мінск : Кнiгазбор, 2009. — 536 с., [8] с. іл. — (Беларускi кнiгазбор).
7. Бураўкін, Г. Выток : вершы / Г. Бураўкін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. — 95 с.
8. Бураўкін, Г. Жураўліная пара : вершы канца стагоддзя / Г. Бураўкін. — Мінск : Беларускі кнiгазбор, 2004. — 156 с.
9. Бураўкін, Г. З любоўю і нянавісцю зямною / Г. Бураўкін. — Мінск : Дзяржвыд БССР, 1963. — 119 с.
10. Бураўкін, Г. Лісты да запатрабавання : вершы і паэмы / Г. Бураўкін. — Мінск : Кнiгазбор, 2010. — 336 с.
11. Бураўкін, Г. Майская просінь : лірыка / Г. Бураўкін. — Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, 1960. — 50 с.
12. Бураўкін, Г. Нагаварыцца з зоркамі : [вершы 2010–2013 гадоў] / Г. Бураўкін ; [укладанне С. Шапрана]. — Мінск : Кнігазбор, 2014. — 129, [5] с. — (Кнігарня пісьменніка; вып. 53).
13. Бураўкін, Г. Паміж зоркай і свечкай : вершы: [1995—1997] / Г. Бураўкін. — Мінск : Выдавецтва Бацькаўшчына, 2000. — 120 с.
14. Гаўрусёў, С. Удзячнасць лёсу / Сцяпан Гаўрусёў // Збор твораў : у 2 т. / Сцяпан Гаўрусёў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — Т. 2 : Паэмы, крытычныя артыкулы, пераклады. — С. 125—130.
15. Гніламёдаў, У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Ля аднаго вогнішча : літ.-крытыч. артыкулы: для ст. шк. узросту / У. Гніламёдаў ; маст. А. М. Малышава. — Мінск : Юнацтва, 1984. — 104—125.
16. Грамадчанка, Т. «Не за сябе душа мая баліць...» : штрыхі да партрэта Генадзя Бураўкіна / Т. Грамадчанка // Роднае слова. — 2011. — № 8. — С. 3—7.
17. Драздова, З. У. Генадзь Бураўкін / [Драздова З. У.] // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / [нав. рэд. : У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук]. Мінск : Беларуская навука, 2002. — Т. 4. Кн. 1 : 1966–1985. — С. 710—728.
18. Макарэвіч, В. З любоўю і нянавісцю зямною (Генадзь Бураўкін: сталасць паэтычнага мыслення) / В. Макарэвіч // Пяро і бліскавіца: вершы, паэмы, артыкулы / Васіль Макарэвіч. — Мінск : Універсітэцкае, 2001. — С. 220—235.
19. Русецкі, А. Маладосць душы : (Генадзь Бураўкін) / Аркадзь Русецкі // Ісці да чалавека : літаратурныя партрэты / Аркадзь Русецкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. — С. 131—161.
20. Русецкий, А. В. Геннадий Буравкин / Аркадзь Русецкі // От земли Поозерской... Творчество витебских литераторов в послевоенный период (1946―1965 гг.) : монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. — Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2010. — С. 94—98.
21. Садоўская, Л. Запатрабаваная паэзія : прэзентацыя кнігі Генадзя Бураўкіна «Лісты да запатрабавання» / Л. Садоўская // Бібліятэка прапануе. — 2012. — № 1. — С. 7—12.