Радзіму любяць не па абавязку. Тэма Радзімы ў творчасці Рыгора Барадуліна
- Подробности
- Создано 27.05.2015 14:56
Радзіму любяць не па абавязку
Тэма Радзімы ў творчасці Рыгора Барадуліна
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці
Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін – паэт шматгранны і нават у нейкай ступені непрадказальны. Гэта асабліва адчувальна ў мастацка-вобразнай тэхніцы, у стылістыцы яго паэтычных твораў. Але разам з тым ёсць тэмы, якія заўсёды прысутнічаюць у шматмерным полі яго паэтычнай фантазіі. Найперш гэта тэма Бацькаўшчыны, роднага краю, бацькоўскага дому. Нягледзячы на асацыятыўнасць вобразаў, шматстайнасць метафар, паэт піша пра рэчы канкрэтныя, спрадвечна істотныя, родныя і блізкія сэрцу кожнага чалавека: пра сваю маці і родную хату, пра краявіды любімай Ушаччыны, пра яе азёры, жывёл, птушак, людзей... пра ўсё, з чаго, як з дробных пясчынак вялікая гара, і складаецца вобраз Радзімы, вобраз велічны, дарагі, у духу купалаўскіх традыцый, напоўнены шчымліва-сціплай, але разам з тым такой высокай і вечнай красою. Гэта асабліва адчувальна ў вершы «Яна адна, зямля вякоў»:
Яна адна,
Зямля вякоў,
Адкуль
Жыццё пачатак брала
Шчырай верай.
Здалёк відна зямля бацькоў,
Матуль,
Дзе песня б'ецца
Перапёлкай шэрай.
Шчырае сыноўняе пачуццё да бацькоўскай зямлі, якой паэт абавязаны сваім нараджэннем, сваім духоўным і паэтычным сталеннем, мае выток у старажытнай гісторыі краю, у адчуванні прыналежнасці да яго лёсу, яго будучыні:
У курганах,
Што выраслі з былін,
Спачылі
З поля подзвігу ратаі.
У туманах
Тугі спрадвечны клін
На гнёзды шчасця выраі вяртае.
Гэты ж матыў далучанасці да слаўнай гісторыі роднай зямлі, да яе праблем і болю гучыць у многіх творах паэта («Прыцягненне Віцебскай зямлі», «Заінелая Ушаччына»), але асабліва канкрэтна выказаны ў вершы «Мая Бацькаўшчына»:
З суседзямі падзелішся скарынкаю.
Адно не ўмееш з торбаю прасіць.
Як ластаўка,
З падстрэшша рук Скарынавых
Тваё крыляла слова па Русі.
У гэтым вершы гістарызм мастацкага мыслення Рыгора Барадуліна вызначаецца яркай метафарычнасцю, нетрадыцыйнай асацыятыўнасцю. Радзіма-Бацькаўшчына паўстае перад намі жывой істотай – гордай і разам з тым міласэрнай, мужнай і адначасова чулай:
Ты бласлаўляла даланёй кляноваю
Сваіх сыноў.
Слязамі дабяла
Бяліла лён на світку Каліноўскаму
I ў сны Ўрублеўскага ты Нёманам плыла...
Стыль і паэтыка Рыгора Барадуліна ніколі не застаюцца аднастайнымі, ён адкрывае ўсё новыя і новыя магчымасці слова, надаючы яму то крылатасць, то імпульсіўнасць, то шчымлівую сардэчнасць. І таму, здавалася б, традыцыйныя тэмы і вобразы паўстаюць перад чытачом у іншым святле, як, напрыклад, вобраз Радзімы ў вершы «Чышчу бульбу», заснаваным на асацыяцыях і згадках маленства:
Памалу чышчу бульбу з той зямлі,
Якую помню босымі нагамі,
Навобмацак рукамі пад снягамі
Зямлю пазнаю,
Бо на ёй былі
Усе мае, што сталі каранямі,
Пясчынкамі,
Лясных дарог краямі,
Што з тлумнымі паводкамі сплылі.
У гэтым творы паэт нідзе не згадвае слоў Радзіма, Бацькаўшчына. Ён адлюстроўвае знітаванасць лірычнага героя з роднай зямлёй, на якой нараджаліся і паміралі яго продкі, перадаючы генетычную памяць не толькі нашчадкам, але і навакольнай прыродзе. Звычайны дом, сям'я, дзе захоўваюцца векавыя традыцыі народнага побыту, маралі, якраз і ўвасабляе для аўтара вобраз Айчыны.
Барадулін, Р. І. Амплітуда смеласці : і лірыка, і гумар... / Р. І. Барадулін. — Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1983. — 222 с.
У кнізе Рыгора Барадуліна вершы пра родную зямлю, пра тыя праблемы, што хвалююць сучасніка, а таксама нізкі вершаў пра Балгарыю і Чэхію. «Загоншчыкі славы» – у гэтым раздзеле вясёлыя вершы і гумарыстычная паэма. |
|
|
Барадулін, Р. І. Вечалле : кніга паэзіі / Р. І. Барадулін. — Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1980. — 335 с.
Радзіма, любоў, каханне – гэтыя словы праходзяць асноўным матывам кнігі лірыкі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы Рыгора Барадуліна. Вобраз маці з гадамі ўсё бліжэй і балючэй для паэта. Назву кнізе дало ўшацкае возера Вечалле. |
Барадулін Р. І. Вяртанне : [фотаальбом] / Р. І. Барадулін, В. І. Ждановіч. — Мн. : Беларусь, 1988. — 216 с. |
|
Барадулін, Р. І. Ксты : [вершы] / Р. І. Барадулін. — Мн. : Рымска-катал. парафія св. Сымона і св. Алены, 2009. — 528 с.
Падзяка Усявышняму і Маме, спроба наблізіцца да сэнсу Вечнае Кнігі, жаданне пачуць душу людскую і сваю – у кнізе «Ксты». |
|
Барадулін Р. І. Лінія перамены дат : новая кніга лірыкі / Р. І. Барадулін. — Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1969. — 126 с.
Гэта кніга вершаў і паэм Рыгора Барадуліна – вынік плённай творчай працы паэта апошніх двух-трох год, яго паездках па роднай Беларусі, на берагі Ціхага акіяна, у Запаляр'е, Прыбалтыку і іншыя краі Радзімы. Гэта – шчыры і прачулы расказ аб усім убачаным і перажытым, аб марах і пачуццях нашага сучасніка. |
|
Барадулін, Р. І. Рум : новая кн. лірыкі / Р. І. Барадулін. — Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1974. — 192 с.
Кнігу лірыкі вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна склалі вершы, напісаныя за апошнія гады. Яны розныя па тэматыцы. Але іх аб'ядноўвае адно – любоў да Радзімы, Маці і матчыных песень, да блізкіх і далёкіх сяброў. Як і ў папярэдніх кнігах, мова паэта ярка метафарычная, вобразная, асветленая дасціпным гумарам і павагай да чытача. |
|
Барадулін Р. І. Суровая вымова : [вершы: для сярэдняга і старшага школьнага узросту] / Р. І. Барадулін. — Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1976. — 95 с.
Вершы аб нашай цудоўнай Радзіме, аб справах піянерскіх, сур'ёзных і вясёлых, аб прыгодах з ягонымі аднагодкамі знойдзе юны чытач. Большая частка твораў можа быць выкарыстана для школьнай мастацкай самадзейнасці. |
|
Барадулін, Р. І. Трэба дома бываць часцей... : выбраныя старонкі лірыкі / Р. І. Барадулін. — Мн. : Мастацкая лiтаратура, 1993. — 352 с.
У аднатомнік народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей...» увайшлі лепшыя радкі лірыкі. Радзіма, паганскія карані беларусаў, каханне і смерць, любоў да Маці, жыццё ва ўсіх ягоных нечаканасцях, роспач і зварот да Бога – усё гэта ў паэзіі Рыгора Барадуліна. |
|
Барадулін, Р. І. У неба пехатою : апошнія вершы / Р. Барадулін ; [уклад., паслясл. С. Шапрана ; прадмова У. Някляева]. — Мн. : Медыял, 2014. — 223 с.
24 лютага 2014 года Рыгор Барадулін сустрэў 79-ы дзень нараджэння, а 2 сакавіка яго не стала. У кнігу «У неба пехатою» ўвайшлі выбраныя вершы апошніх гадоў, пэўная частка якіх друкуецца ўпершыню па рукапісах Рыгора Барадуліна. Выданне падрыхтавана да саракавін па нашым паэце. |
|
Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна / [уклад. Н. Давыдзенка ; прадм. У. Някляева]. — Мн. : Кнігазбор, 2013. — 386 с.
Пад адной вокладкай нарэшце сабраныя неацэнныя скарбы беларускай мовы, якія, пачынаючы са школьных гадоў , бесперапынна занатоўваў за роднымі і землякамі народны паэт Беларусі, – асобныя словы, прымаўкі і пад'ялдычкі, зычэнні і грозьбы, а таксама народны каляндар, замовы, стравы, гаспадарчыя і жыццёвыя парады і шмат іншага. Трэці раздзел склалі запісы жывой ушацкай гаворкі, у якіх і гісторыя, і побыт, і душа народа – усё жыццё, як яно ёсць. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Астраух, А. «Долі інакшай не трэба зямной...»: нататкі пра паэзію Рыгора Барадуліна / А. Астраух // Роднае слова. — 2000. — № 12. — С. 15—18.
2. Барадулін, Р. Табе, мой край : [верш] / Р. Барадулін // Віцебскі рабочы. — 1998. — 14 студз. — С. 8.
3. Барадулін, Р. Трэба дома бываць часцей : [верш] / Р. Барадулін // Белорусская нива. — 2010. — 6 февр. — С. 1.
4. Барадулін, Р. Карані цішыні... : [вершы] / Р. Барадулін // Дзеяслоў. — 2012. — № 1. — С. 5—18.
5. Барадулін, Р. Чмяліны мёд : [нізка вершаў] / Р. Барадулін // Дзеяслоў. — 2008. — № 1. — С. 5—18.
6. Барадулін, Р. Песні матчыны з Вушаччыны / Р. Барадулін // Полымя. — 2001. — № 4. — С. 266—268.
7. Барадулін, Р. На мове камянёў... : [нізка вершаў] / Р. Барадулін // Дзеяслоў. — 2009. — № 3. — С. 5—14.
8. Барадулін, Р. Навечна ў памяці народнай : [верш] / Р. Барадулін // Патрыёт (Ушачы). — 1998. — 2 ліп. — С. 1.
9. Дуброўскі, А. Метрычная арганізацыя вершаванага тэксту : [літаратурная крытыка] / А. Дуброўскі // Роднае слова. — 2007. — № 10. — С. 19—21.
10. Максімовіч, В. «Каб не страціць святое штосьці...»: нацыянальны космас у творчасці Рыгора Барадуліна / В. Максімовіч // Роднае слова. — 1994. — № 7—8. — С. 25—32.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйны сайт Рыгора Барадуліна