«Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль»: вобраз маці ў паэзіі Рыгора Барадуліна з цыкла
- Подробности
- Создано 09.06.2014 08:56
«МЫ ЎСЕ ЖЫВЁМ ПАД ЗОРКАМІ МАТУЛЬ»
Вобраз маці ў паэзіі Рыгора Барадуліна
Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль.
І гэты свет
Сагрэлі нам матулі...
Рыгор Іванавіч Барадулін – паэт шматгранны і нават у нейкай ступені непрадказальны ў сваёй творчасці. Але разам з тым ёсць тэмы, якія заўсёды прысутнічаюць у шматмерным полі яго паэтычнай фантазіі. Найперш гэта тэма Бацькаўшчыны, роднага краю, бацькоўскага дому, любоў да маці.
Вобраз маці ўпершыню ўзнікае ў цыкле вершаў «Трыпціх», у якім аўтар расказаў пра родную зямлю і яе працавітых гераічных людзей.
«Трыпціх» – гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі:
Ад бацькі свайго
ў радню
Я атрымаў
з дзяцінства
Шырокую далоню –
Тапарышча
любое
сцісну!
Рыгор Барадулін рос без бацькі, і вобраз маці займае ў яго творчасці асаблівае месца. Маці ўвасабляе для яго ўвесь сусвет. Верш «Веды» – своеасаблівы гімн мацярынскай мужнасці, стойкасці, цярплівасці і мудрасці:
Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет,
Мама смела ведала свет.
Дзіўлюся рознабаковасці ведаў
Маці –
Ведала, што для чаго
На небе,
У лузе,
У хаце...
У творах адлюстраваліся многія аўтабіяграфічныя моманты з жыцця самога аўтара і яго маці, якая, рана застаўшыся ўдавой, павінна была ведаць «усе навукі» на свеце, каб выжыць і выгадаваць сына. Але разам з тым Барадулін стварае абагульнены, тыповы партрэт беларускай жанчыны — маці, без спрадвечнай мудрасці якой усе мы былі б «непісьменныя самыя», без якой немагчымае было б існаванне самой нацыі.
Для паэта маці – увасабленне дабра і справядлівасці, спагады і жалю, чалавечай шчодрасці і самаахвярнасці. І невыпадкова адна з кніг Рыгора Барадуліна носіць назву «Евангелле ад мамы». Яна асвечана дабравесцем, благаславеннем, бо маці – пачатак жыцця, ідэал працавітасці, сумлення і дабрыні, зберагальніца маральных каштоўнасцей, выпрацаваных чалавецтвам на працягу вякоў. З радкоў вершаў «Куліна», «Матчына хата», «Матчыны рукі», «Веды», «Вогнепаклонніца» паўстае вобраз маці паэта Куліны Андрэеўны. Гэта звычайная вясковая жанчына, якую не песціў лёс, яна не дачакалася з вайны мужа, адна гадавала сына, перажыла пасляваенныя цяжкасці.
У творах паэта рэальны, чалавечы вобраз маці паступова перарастае ў адзіны суладны вобраз Радзімы:
Мамы не стала – не стала Радзімы,
Дзе нарадзіўся старэць.
І падалася душа ў пілігрымы
З мараю маму сустрэць.
Барадулін, Р. І. Евангелле ад Мамы : кніга паэзіі / Р. І. Барадулін. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1995. — 462 с. Маці. Мова. Малітва. Пад гэтым трохзор'ем адыходзіць з прытулку часовага. Святло Вечнай кнігі, Матчына дабравесце, Матчына багаславенне, жыццёвы тлум і сум развітання – у новай кнізе Рыгора Барадуліна «Евангелле ад Мамы». |
|
|
Барадулін, Р. І. Белая яблыня грому : выбр. старонкі лірыкі, 1954—1978 / Р. І. Барадулін. — Мн. : Маст. лiт., 1979. — 174 с. У 1959 годзе ў выпускніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна Рыгора Барадуліна выйшаў зборнік вершаў «Маладзік над стэпам». «Белая яблыня грому» як–бы падсумоўвае творчы набытак паэта за 25 гадоў яго працы ў паэзіі.
|
Барадулін, Р.І. Ксты : [вершы] / Р.І. Барадулін. — Мн. : Рымска-катал. парафія св. Сымона і св. Алены, 2009. — 528 с. Падзяка Усявышняму і Маме, спроба наблізіцца да сэнсу Вечнае Кнігі, жаданне пачуць душу людскую і сваю – у кнізе «Ксты».
|
|
Барадулін, Р. І. Сны сасны : [вершы] / Рыгор Барадулін ; фата В. Грудзько. — Мінск : Галіяфы, 2014. — [158] с. + 1 электрон. опт. диск (CD-ROM) Кніжка выбраных вершаў, агучаная аўтарам і аздобленая фотаабразкамі, якія зрабіў Вадзім Грудзько. |
|
Барадулін, Р. І. Трэба дома бываць часцей... : выбр. старонкі лірыкі / Р. І. Барадулін. — Мн. : Маст. лiт., 1993. — 352 с. У аднатомнік народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей...» увайшлі лепшыя радкі лірыкі. Радзіма, паганскія карані беларусаў, каханне і смерць, любоў да Маці, жыццё ва ўсіх ягоных нечаканасцях, роспач і зварот да Бога – усё гэта ў паэзіі Рыгора Барадуліна.
|
|
Барадулін, Р. І. Вечалле : кніга паэзіі / Р. І. Барадулін. — Мн. : Маст. лiт., 1980. — 335 с. Радзіма, любоў, каханне – гэтыя словы праходзяць асноўным матывам новай кнігі лірыкі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы Рыгора Барадуліна. Вобраз маці з гадамі ўсё бліжэй і балючэй для паэта. Назву кнізе дало ўшацкае возера Вечалле.
|
|
Барадулін, Р. І. Босая зорка : паэзія / Р. І. Барадулін. - Мн. : ГА Беларускае таварыства «Кніга», 2001. — 177 с. «Босая зорка» – новая кніга лірыкі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Вечаровы роздум і ранішняе парыванне, прамаўленне да Звышняга і зямны клопат, біблейскія балады і ахвярынкі–жарынкі затуліліся пад дахам вокладкі ад золкай залевы будзёнасці.
|
|
Барадулін, Р. І. Рум : новая кн. лірыкі / Р. І. Барадулін. — Мн. : Маст. лiт., 1974. — 192 с. Новую кнігу лірыкі вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна склалі вершы, напісаныя за апошнія гады. Яны розныя па тэматыцы. Але іх аб'ядноўвае адно – любоў да Радзімы, Маці і матчыных песень, да блізкіх і далёкіх сяброў. Як і ў папярэдніх кнігах, мова паэта ярка метафарычная, вобразная, асветленая дасціпным гумарам і павагай да чытача. |
|
Барадулін, Р. І. Рунець, красаваць, налівацца! : лірыка / Р. І. Барадулін. — Мн. : Дзяржвыд БССР, 1961. — 123 с. «Рунець, красаваць, налівацца!». Такім народным выразам у нас, у Беларусі, люструецца пара, калі расце і выспявае жыта. Рунець, красаваць, налівацца! – гэтыя словы стасуюцца і да маладосці нашай зямлі, нашай паэзіі, і да несмяротнасці і трываласці нашай вялікай справы. І гэтак жа, як гаворыць сейбіт, кідаючы ў цёплую раллю зярняты, хочацца пажадаць маладому сучасніку: «Рунець, красаваць, налівацца!».
|
|
Барадулін, Р. І. У неба пехатою : апошнія вершы / Рыгор Барадулін ; [укладанне, пасляслоўе С. Шапрана ; прадмова У. Някляева]. — Мн. : Медыял, 2014. — 223 с. 24 лютага 2014 года Рыгор Барадулін сустрэў 79-ты дзень нараджэння, а 2 сакавіка яго не стала. У кнігу «У неба пехатою» ўвайшлі выбраныя вершы апошніх гадоў, пэўная частка якіх друкуецца ўпершыню па рукапісах Рыгора Барадуліна. Выданне падрыхтавана да саракавін па нашым паэце. |
|
Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна / [уклад. Н. Давыдзенка ; прадм. У. Някляева]. — Мн. : Кнігазбор, 2013. — 386 с. Пад адной вокладкай нарэшце сабраныя неацэнныя скарбы беларускай мовы, якія, пачынаючы са школьных гадоў , бесперапынна занатоўваў за роднымі й землякамі народны паэт Беларусі, – асобныя словы, прымаўкі й пад'ялдычкі, зычэнні й грозьбы, а таксама народны каляндар, замовы, стравы, гаспадарчыя й жыццёвыя парады й шмат іншага. Трэці раздзел склалі запісы жывой ушацкай гаворкі, у якіх і гісторыя, і побыт, і душа народа – усё жыццё, як яно ёсць.
|
|
Барадулін, Р. І. Руны Перуновы : выбр. творы / Р. І. Барадулін. — Мн. : Радыёла-плюс, 2006. — 496 с. У кнігу ўвайшлі выбраныя творы народнага паэта Беларусі, намінанта Нобелеўскай прэміі па літаратуры Рыгора Барадуліна. У кнізе змешчаныя як хрэстаматыйныя вершы, так і тыя, што друкуюцца ўпершыню. |
|
Шапран, С. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран. — Мінск : І. П. Логвінаў, 2012. — 362 с. «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо сам-насам з Барадуліным» – кніга гутарак журналіста, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Сяргея Шапрана з Рыгорам Барадуліным, размова ў якой ідзе не толькі пра чалавечы лёс народнага паэта Беларусі, але і пра родную Ушаччыну, пра маму Акуліну Андрэеўну і самых блізкіх сяброў: Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева. І ў непарыўнай сувязі з гэтым – пра літаратуру, родную мову і пра краіну. |
|
Барадулін, Р. І. Лепей / Рыгор Барадулін ; [уклад., прадм. Глеба Лабадзенка]. — Мн. : Ігар Віркоўскі, 2013. — 103 с. + 1 электрон. опт. диск (DVD-ROM) Кніга «Лепей» – гэта ўнікальны зборнік рукапісаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Кніга не мае ніводнай друкаванай літары, усё напісана Рыгорам Барадуліным ад рукі, матэрыял узяты з нататнікаў паэта. У дадатак да кнігі ідзе падарункавы камплект: унікальныя фотакарткі і дыск з аўдыякнігай, тэкст для якой агучвала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
|
|
ЛІТАРАТУРА
1. Барадулін, Р. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін: «Я да гэтага часу сябе вінавачу, што мала маме пісаў...» / Р. Барадулін // Звязда. — 2009. — 9 ліп. — С. 1—2.
2. Барадулін, Р. Песні матчыны з Вушаччыны / Р. Барадулін // Полымя. — 2001. — №4. — С. 266—268.
3. Барадулін, Р. «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль» : [вершы з раздзела «З застрэшша мамінае хаты» кнігі «Ксты»] / Р. Барадулін // Роднае слова. — 2006. — № 10. — С. 14—15.
4. Барадулін, Р. «Бога і маму ў душы нашу» / Р. Барадулін // Дзеяслоў. — 2003. — № 2. — С. 3—10.
5. Барадулін, Р. Песні матчыны з Вушаччыны / Р. Барадулін // Полымя. — 2001. — №4. — С.266—268
6. Лапато, І. «...Для тых, хто не страціў здольнасці адчуваць» / Р. Барадулін // Звязда. — 2009. — 22 верас. — С. 4.
7. Сабуць, А. Э. «Біблія слова матулінага» : барадулінскае ліставанне з маці / Аліна Сабуць, Нона Шандроха // Роднае слова. — 2011. — № 6. — С. 28—31.
8. Шапран, С. У. Мова = Мама : успамінаючы Рыгора Барадуліна / Сяргей Шапран // Роднае слова. — 2015. — № 2. — С. 9—12.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйны сайт Рыгора Барадуліна
Белорусская цифровая библиотека Library.by. Рыгор Барадулін