eye

База данных «Человек года Витебщины»

type your text for first image here

База данных «Человек года Витебщины»

База данных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

type your text for second image here

База данных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

База данных «Витебщина: документальное наследие»

type your text for third image here

База данных «Витебщина: документальное наследие»

База данных «Художники Витебщины»

type your text for 4th image here

База данных «Художники Витебщины»

База данных «Афганистан. Без права на забвение»

type your text for 5th image here

База данных «Афганистан. Без права на забвение»

База данных «Каталог подписных изданий»

type your text for 7th image here

База данных «Каталог подписных изданий»

База данных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»

type your text for 8th image here

База данных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»

Виртуальный проект «Витебщина в войне 1812 года»

type your text for 9th image here

Виртуальный проект «Витебщина в войне 1812 года»

Виртуальный проект «Святые покровители Витебщины»

type your text for 10th image here

Виртуальный проект «Святые покровители Витебщины»

Виртуальный проект «Военные дороги библиотекарей Витебщины»

type your text for 11th image here

Виртуальный проект «Военные дороги библиотекарей Витебщины»

База данных «Рэгіянальны архіў перыядычных выданняў»

type your text for 12th image here

База данных «Рэгіянальны архіў перыядычных выданняў»
Выборы Президента Республики Беларусь

  • anons-NEW-BOOKS 13-17 01 2025
  • anons-ONE-CHRISTMAS-TREE-26-12-2024
  • THE-WAY-Pshenko
  • anons-INTELLECTUAL-RING 30 01 2025
  • anons-ExLibris
  • anons-presidential library
  • anons-litres
  • anons-elib-nlb
  • shkola-mastak
  • anons-echz
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС

К Году благоустройства
К 80-летию Великой Победы

«Я сын зямлі»: постаць Рыгора Барадуліна ў беларускай літаратуры: постаць Рыгора Барадуліна ў беларускай літаратуры

 charawnik-rodnaga-slova

 

«Я сын зямлі»

Постаць Рыгора Барадуліна ў беларускай літаратуры


Долі інакшай не трэба зямной,

Сэрца лагоднее ад суцяшэння:

Родная мова ступала за мной

Ад калыханкі

Да галашэння...

Рыгор Барадулін, 1975 г.


Рыгор Барадулін – народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі. У творчасці гэтага выбітнога паэта найбольш яскрава выявіла сябе «філалагічнае пакаленне» ў беларускай літаратуры.

Радзіма Рыгора Барадуліна – Ушаччына, адзін з маляўнічых і дзівосных куткоў віцебскай зямлі. Тут ён нарадзіўся на хутары Верасоўка 24 лютага 1935 года ў сялянскай сям'і. Дзіцячай радасці будучы паэт спазнаў небагата, бо ў родны край прыйшла вайна, якая падчас блакады навечна забрала бацьку Івана Рыгоравіча (1944), прынесла нялёгкую напаўсіроцкую долю. І ў суровую блакаду, і ў цяжкія пасляваенныя гады хлапчука сагравала любоў маці Акуліны Андрэеўны. Ёй паэт пакланяўся ўсё жыццё, абагаўляў яе вобраз, выказваў сыноўнюю ўдзячнасць матчынай хаце, матчынаму слову, матчыным песням, матчыным рукам, матчынаму цяплу і самаахвярнасці.

У 1954 годзе Рыгор Барадулін скончыў Ушацкую сярэднюю школу і падаўся на вучобу ў Мінск. На філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ён вучыўся ў адзін час з Генадзем Бураўкіным, Міхасём Стральцовым, Васілём Зуёнкам і некаторымі іншымі будучымі беларускімі пісьменнікамі. На студэнцкія гады прыпадае і пачатак творчага самасцвярджэння паэта ў літаратуры. Першы яго зборнік «Маладзік над стэпам» (1959) стаў прыкметнай з'явай у тагачаснай паэзіі, пра маладога тады аўтара загаварылі як пра цікавага і арыгінальнага творцу. А далей былі кнігі «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961), «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968) і некаторыя іншыя. Уваходзіны Рыгора Барадуліна ў літаратуру прыпалі на другую палову 50-х – 60-х гг. Гэтыя гады былі спрыяльныя для развіцця мастацтва слова.

Пасля заканчэння БДУ паэт працаваў у рэдакцыях беларускіх часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя», выдавецтве «Беларусь», а, пачынаючы з 1972 года, больш дваццаці год аддаў плённай працы ў рэспубліканскім выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Самым галоўным у жыцці для Р. Барадуліна заўсёды заставалася творчасць. У 70-90-я гг. ім створаны не адзін дзесятак паэтычных кніг – «Рум» (1974), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад Мамы» (1995), «Босая зорка» (2001) і інш. У савецкі час пісаліся вершы і на патрэбу дня, з нагоды нейкіх палітычных падзей. Адмысловай з'явай стаў выхад кніжкі «Лісты ў Хельсінкі» (2000), якую склалі паэтычныя пасланні Рыгора Барадуліна ў замежжа да сябра і земляка Васіля Быкава. Унікальным выданнем з'яўляецца супольная кніга «Калі рукаюцца душы...» (2003), на старонках якой сустрэліся паэзія Р. Барадуліна і проза В. Быкава.

Асабліва шмат паэт зрабіў на ніве мастацкага перакладу, ён выйшаў у шырокі свет еўрапейскай і сусветнай літаратуры. Дзякуючы намаганням Р. Барадуліна ў перакладзе на беларускую мову з'явіліся кнігі Амара Хаяма, Яна Райніса, Федэрыка Гарсія Лоркі, Габрыэлы Містраль, Барыса Пастарнака і інш. Паасобныя творы многіх паэтаў свету склалі кнігі перакладаў «Кахаць – гэта значыць...» (1986) і «Беларусь мяне збеларушвае» (1993). Багата напісаў ён твораў і кніжак і для маленькіх чытачоў. Нямала ў Барадуліна кніг гумару і сатыры, шаржаў і эпіграм: «Дойны конь», «Станцыя кальцавання», «Прынамсі», «Мудрэц са ступаю», «Няўрокам кажучы», «Асобы рознай пробы», «Дуліна ад Барадуліна»...

Радзіма – адна з галоўных, скразных тэм барадулінскай паэзіі. Між тым у творчасці паэта вельмі багата твораў пра экзотыку іншых краін, паколькі ён часта вандраваў па блізкім і далёкім замежжы. Але заўсёды паэт звяртаўся ў сваіх думках да родных вобразаў. Зямля бацькоў для паэта – гэта вечная і непераходная каштоўнасць быцця. Ня менш значным з'яўляецца для паэта і вобраз маці. Тэме маці ў паэзіі Р. Барадуліна прысвечаны дзясяткі твораў – паэма «Куліна», вершы «Вогнепаклонніца», «Не ведаючы тэорыі вольных вершаў...», «Мама», «Маме на васьмідзесяцігоддзе», «Веды», «Багіня» і інш. І ў той жа час нямала твораў і радкоў напісана пра бацьку – «Бацьку», «Бацькава імя на пліце мемарыялу "Прарыў"», «Гулкая вулка роднай Ушачы...» і інш.

Асаблівае месца ў творчасці паэта займае тэма мінулай вайны. Паэма «Блакада», вершы «Бацьку», «Палата мінёраў», «Пахі акупацыі», «Забораўна», «Яліна цвіце» і інш. раскрываюць суровую блакадную рэчаіснасць, лёс беларускай вёскі ў час акупацыі і ў пасляваенную пару.

Цалкам плён працы Рыгора Барадуліна складаецца больш за 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984 г., 1996–2002 гг.). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры. Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рымскага Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 г.

У 2013 г. выйшаў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна», які ўклала Наталля Давыдзенка. Гэта не проста дыялектычны слоўнік з радзімы Рыгора Барадуліна – Ушаччыны – гэта, па сутнасці, поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай «вушацкай» культурай. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных «вушацкіх» імёнаў, скончваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных свят. Адметнаю рысаю кнігі з'яўляецца таксама і поўная адсутнасць цэнзуры, што робіць мову яшчэ больш жывой. У гэтым жа годзе выйшла яшчэ адна ўнікальная незвычайная кніга «Лепей». Гэта кніга рукапісаў паэта, складзеная з яго нататнікаў. У кнізе няма ніводнай друкаванай літары, усё напісана класікам ад рукі. Нават нумары старонак, змест і выходныя звесткі. Да кнігі прыкладаецца набор прыватных здымкаў паэта, кожнае фота падпісанае ім на адвароце. Некалькі здымкаў мамы паэта ніколі раней не друкаваліся.

Рыгор Барадулін узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 г.), медалём Францыска Скарыны. Ён з'яўляецца ганаровым доктарам БДУ і ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёна. Рыгор Барадулін – апошні беларус, якому надалі званне «Народны паэт Беларусі» (1992 г.). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976 г.) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976 г.) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады Гарсіі Лоркі. У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты». Песні на словы Рыгора Барадуліна напісалі Алесь Камоцкі, І. Барсукоў, Генрых Вагнер, З. Галубіцкая, Яўген Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Дзмітрый Смольскі, М. Хаўхлянцаў і інш.

24 лютага 2014 года Рыгор Барадулін адсвяткаваў свой 79-ы дзень народзінаў, а 2 сакавіка яго не стала. Кнігу «У неба пехатою» склалі вершы апошніх трох год, заключныя вершы кнігі напісаныя ў канцы лютага 2014 года – літаральна за пару дзён да сыходу... Другім пасмяротным выданнем аўтара стала кніга вершаў «Сны сасны» ілюстраваная фотаздымкамі Вадзіма Грудзька. Яна выйшла летам 2014 года і мае ў дадатак дыск, на якім ўсе ўключаныя ў збор вершы сам паэт прачытаў перад мікрафонам.

Творчасць Рыгора Барадуліна – з'ява шырокаахопная і па-мастацку багатая. Барадулінская паэзія разнастайная на колеры і інтанацыі, у ёй шмат узнёслага і трагічнага, светлага і балючага. Тонкі музычны слых і вобразная яркасць уяўлення дапамаглі паэту стварыць свой адметны мастацкі свет. Шматгранная нястомная праца Р. Барадуліна – сапраўдны гонар нацыянальнай літаратуры.

  


01

Барадулін, Р. Выбраныя творы / Р. Барадулін. — Мн. : Кнігазбор, 2008. — 597 с.

 

У кнігу ўвайшлі творы, напісаныя майстрам за паўстагоддзя жыцця ў літаратуры, а таксама пераклады з Джона Кітса, Федэрыка Гарсія Лоркі, Габрыэлы Містраль, Сэсара Вальехі і іншых паэтаў.



02

 

Барадулін, Р. Ксты / Р. Барадулін. — Мн. : Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2005. — 471 с.

 

У кнізе гучыць падзяка Усявышняму і Маме, спроба наблізіцца да сэнсу Вечнае Кнігі, жаданне пачуць душу людскую і сваю.



03

Барадулін, Р. Лепей / Р. Барадулін ; [уклад., прадм. Г. Лабадзенка]. — Мн. : Ігар Віркоўскі, 2013. — 103 с. + 1 электрон. апт. дыск (DVD-ROM).

 

Гэта зборнік рукапісаў паэта, складзены з яго нататнікаў. У кнізе няма ніводнай друкаванай літары, усё напісана класікам ад рукі. Нават нумары старонак, змест і выходныя звесткі. Кніга ідзе ў камплекце з наборам прыватных здымкаў паэта ў канверце, кожнае фота падпісанае ім на адвароце. Некалькі здымкаў мамы паэта ніколі раней не друкаваліся.



04

Барадулін, Р. Сны сасны / Р. Барадулін ; уклад. А. Камоцкі ; фат. В. Грудзько. — Мн. : Галіяфы, 2014. — 158 с. : фат.

 

Кніга вершаў Рыгора Барадуліна, ілюстраваная фатаздымкамі Вадзіма Грудзька.



05

Баршчэўскі, Л. П. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён : папулярныя нарысы / Л. П. Баршчэўскі, П. В. Васючэнка, М. А. Тычына. — Мн. : Радыёла-плюс, 2006. — 596 с.

 

Гэтая кніга – поўны інтэграваны выклад найважнейшых з'яў літаратуры ХІХ – ХХІ ст., у якім літаратура разглядаецца як неадемная частка сусветнага літаратурнага працэса.



06

Бельскі, А. І. Класікі і сучаснікі ў школе / А. І. Бельскі. — Мн. : Аверсэв, 2005. — 352 с.

 

Дапаможнік створаны ў адпаведнасці с дзеючымі праграмамі па беларускай літаратуры. Ён прысвечаны творчасці беларускіх пісьменнікаў. Значная ўвага адведзена аглядальным тэмам па беларускай паэзіі ў курсе літаратуры.



07

Бельскі, А. Краса і смутак : дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мн. : Мастацкая літаратура, 2000. — 237 с.

 

У кнізе шырока асвятляюцца духоўныя і эстэтычныя шуканні сучаснай літаратуры. Аўтар праяўляе цікавасць да вядомых у літаратуры імёнаў К. Чорнага, І. Шамякіна, М. Танка, Р. Барадуліна.



08

Зуёнак, В. В. Паміж небам і зямлёй : літаратурна-лінгвістычныя эсэ, эцюды, падарожныя нататкі / В. В. Зуёнак. — Мн. : Беларуская навука, 2009. — 266 с., [6] арт. іл.

 

Старонкі кнігі – плён роздуму аб праблемах жыцця, літаратуры, мовы. Аўтар дзеліцца сваімі ўражаннямі аб паэзіі класікаў Я. Купалы, Я. Коласа, П. Панчанкі, Р. Барадуліна і інш., даследуе сакрэты паэтычнага майстэрства, этымалагічныя глыбіні слова.



09

Максімовіч, В. А. Шляхам спазнання існасці: літаратурны працэс другой паловы ХІХ — пачатку ХХІ ст. у постацях / В. А. Максімовіч. — Мн. : Беларуская навука, 2011. — 239 с.

 

У манаграфіі на прыкладзе творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа і інш. даследуюцца гістарычныя ўмовы і асаблівасці станаўлення нацыянальнай эстэтычнай традыцыі. Мастацкія пошукі літаратуры другой паловы ХХ ст. раскрываюцца праз даследаванні філасофска-канцэптуальных аспектаў творчасці П. Глебкі, П. Броўкі, Р. Барадуліна, У. Караткевіча.



 

ЛІТАРАТУРА

1. Астраух, А. Э. Рыгор Барадулін і сучасная беларуская лірыка : вучэбна-метадычны дапаможнік / А. Э. Астраух. — Гродна, 2001. — 121 с.

2. Барадулін, Р. Выбраныя творы / Р. Барадулін. — Мн. : Кнігазбор, 2008. — 597 с.

3. Барадулін, Р. Ксты / Р. Барадулін. — Мн. : Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2005. — 471 с.

4. Барадулін, Р. Лепей / Р. Барадулін ; [уклад., прадм. Г. Лабадзенка]. — Мн. : Ігар Віркоўскі, 2013. — 103 с. + 1 электрон. апт. дыск (DVD-ROM).

5. Барадулін, Р. Сны сасны / Р. Барадулін ; уклад. А. Камоцкі ; фат. В. Грудзько. — Мн. : Галіяфы, 2014. — 158 с. : фат.

6. Баршчэўскі, Л. П. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён : папулярныя нарысы / Л. П. Баршчэўскі, П. В. Васючэнка, М. А. Тычына. — Мн. : Радыёла-плюс, 2006. — 596 с.

7. Бельскі, А. Магія радка (Рыгор Барадулін) / А. Бельскі // Краса і смутак : дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мн. : Мастацкая літаратура, 2000. — С. 128—131.

8. Бельскі, А. І. Рыгор Барадулін / А. І. Бельскі // Класікі і сучаснікі ў школе / А. І. Бельскі. — Мн. : Аверсэв, 2005. — С. 115—128.

9. Гарэлік, Л. М. Зямля бацькоў дала мне права: станаўленне творчай індывідуальнасці Рыгора Барадуліна / Л. М. Гарэлік. — Мн. : Навука і тэхніка, 1983. — 128 с.

10. Гарэлік, Л. Паўстагоддзя на ніве беларускай паэзіі: светлы геній Рыгора Барадуліна / Л. Гарэлік // Роднае слова. — 2010. — № 2. — С. 5—8.

11. Дуброўскі, А. Метрычная арганізацыя вершаванага тэксту: на матэрыяле паэзіі Рыгора Барадуліна / А. Дуброўскі // Роднае слова. — 2007. — № 10. — С. 19—21.

12. Зуёнак, В. В. Паэзіі птушка чароўная / В. В. Зуёнак // Паміж небам і зямлёй / В. В. Зуёнак. — Мн. : Беларуская навука, 2009. — С 109—133.

13. Лойка, А. Пра Барадуліна — без цытатаў... / А. Лойка // Роднае слова. — 2000. — № 2. — С. 14—16.

14. Максімовіч, В. А. Нацыянальны космас у творчасці Рыгора Барадуліна / В. А. Максімовіч // Шляхам спазнання існасці: літаратурны працэс другой паловы XIX — пачатку XXІ ст. у постацях / В. А. Максімовіч. — Мн. : Беларуская навука, 2011. — С. 164—182.

15. Навумовіч, У. Неруш слова ў паэзіі Рыгора Барадуліна / У. Навумовіч // Роднае слова. — 2013. — № 10. — С. 16—17.

16. «Твая паэзія вартая, каб гучаць з нябесных сфераў» / падрыхт. С. Шапран // Дзеяслоў. — 2010. — № 1. — С. 284—287.

17. Шпакоўскі, Я. Неруш паэтычнага бачання / Я. Шпакоўскі // Узрушанасць / Я. Шпакоўскі. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1978. — С. 74—90.