Дарога да Васіля: экранізацыя твораў В. Быкава
- Подробности
- Создано 09.06.2014 08:56
Кінематограф здаўна сілкуецца літаратурай, беручы з яе тэмы і сюжэты, сітуацыі і герояў. На працягу многіх гадоў кінематаграфісты з нязменнай цікавасцю ставяцца да творчасці пісьменніка непаўторнай індывідуальнасці Васіля Уладзіміравіча Быкава. За трывалай драматургічнай апорай да яго звярталіся рэжысёры розных пакаленняў. Яны знаходзілі ў быкаўскай прозе глыбінную праўду жыцця і мастацтва, герояў у акалічнасцях, калі трэба рабіць рашучы крок, маральны выбар, выявіць усё, на што здольны чалавек.
З 60-х гадоў, калі В. Быкаў пачаў супрацоўнічаць з кінематаграфістамі, экранізавана паўтара дзесятка яго аповесцей і апавяданняў. У адных выпадках яны старанна праілюстраваны кінасродкамі і, дзякуючы гэтаму, значна пашырылася аўдыторыя іх чытачоў-гледачоў, у другіх – атрымалі другое нараджэнне. У масе кінапрадукцыі, часта знешне прыцягальнай, быкаўскія экранізацыі, як правіла, строгія па форме, выдзяляюцца незапазычаннасцю і вастрынёй канфлікта, драматызмам лёсаў герояў.
Пачатак гэтаму паклаў рэжысёр Рычард Віктараў. У 1963 годзе ён схіліў пісьменніка супрацоўнічаць з ім, дапамагчы стварыць фільм на аснове «Трэццяй ракеты». Пасля на «Беларусьфільме» былі створаны яшчэ тры кінастужкі: «Пастка» (1966), «Альпійская балада» (1966) і «Жадаю ўдачы» (1968, па апавяданню «Чацвёртая няўдача»). З іх найбольш значным і ўдалым аказаўся фільм «Альпійская балада». Ён стаў адметнай з’явай не толькі ў беларускім кіно, але і звярнуў на сябе ўвагу далёка за межамі краіны. Да творчасці беларускага пісьменніка пачалі звяртацца рэжысёры розных кінастудый.
У 70-я гады былі экранізаваны яшчэ тры аповесці В. Быкава на цэнтральных кінастудыях Масквы і Ленінграда. Гэта былі: «Абеліск», «Дажыць да світання» і «Узыходжанне» (па аповесці «Сотнікаў»). На жаль, фільмы «Дажыць да світання» і «Абеліск» на той час не мелі глядацкага поспеху, што нельга сказаць пра фільм «Узыходжанне». Гэту стужку даследчыкі кінематографа далучылі да шэдэўраў рэжысёрскага і аператарскага мастацтва.
Сярэдзіна 70-х гадоў была часам, калі да ваеннай прозы зноў звярнуліся беларускія кінарэжысёры. Амаль адначасова з «Узыходжаннем» выходзіць фільм «Воўчая зграя» і трылогія «Доўгія вёрсты вайны» (па аповесцях В. Быкава «Жураўліны крык», «Атака з ходу» і спецыяльна напісанаму ім да фільма сцэнарыю «На ўзыходзе сонца»).
Розныя ракурсы быкаўскай прозы адлюстраваў экран 80-х гадоў – ад выпадку з асабістага жыцця дзяўчыны і патрасенняў партызана-падлетка да паглыбленага даследавання характараў і ўзнаўлення маштабных падзей. І ва ўсіх аспектах – на першым плане чалавек перад выбарам, ад якога залежыць яго далейшы лёс. Такія мастацкія творы, да якіх бы часоў яны не звярталіся, з’яўляюцца сучаснымі.
У 1981 годзе Вячаслаў Нікіфараў паставіў фільм «Фруза» па зусім непрыкметнаму апавяданню В. Быкава «На сцяжынцы жыцця». Пазней выходзяць «Знак бяды», «Кар’ер » і «Аблава». Гэта творы розных часоў з непадобнымі героямі, але блізкія сваім грамадскім пафасам. Невыпадкова яны адначасова з’явіліся на экране і менавіта ў канцы 80-х гадоў. Учынкі, якія даводзілася рабіць героям у акалічнасцях вайны, праецыруюцца на складанасць выбару ў сучасных умовах. У такім святле экранізацыі аповесцей «Яго батальён» і «Круглянскі мост» прадстаюць актуальнымі і нават злабадзённымі.
У 90-я гады для беларускага кіно не страчвае значнасць тэма Вялікай Айчыннай вайны. І дзе яшчэ ўзяць яскравы матэрыял, як не ў творах Васіля Быкава. У 1992 г. рэжысёр М. Князеў перанёс на тэлеэкран аповесць В. Быкава «Пайсці і не вярнуцца». Крыху пазней выходзіць стужка «На Чорных лядах». Гэта экранізацыя напісаных у 90-я гады твораў «На Чорных лядах» і «Перад канцом». Пісьменнік змяніў тэматыку Вялікай Айчыннай вайны, але астаўся верны сваёй галоўнай праблематыцы: чалавек у экстрэмальных абставінах перад неабходнасцю апошняга выбару.
Зараз кінематографы зноў звярнуліся да твораў Быкава. У 2008 годзе выйшаў фільм «Асуджаныя на вайну» паводле аповесці «Пайсці і не вярнуцца». У 2011 годзе выйшаў чатырохсерыйны фільм «Бліндаж». А ужо у 2012 годзе гледачы пабачылі фільм «У тумане».
Да біяграфіі, асобы і творчасці В. Быкава не аднойчы звяртаўся і дакументальны экран. Кінарэжысёр В. Дашук зняў фільм дакументальна-мастацкага жанру «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (1985). Спазнанне пісьменнікам меры гістарычнай праўды пра вайну імкнуўся раскрыць рэжысёр В. Каралёў у дакументальным відэафільме «В. Быкаў. Праўдай адзінай» (1992). Паэтычны вобраз пісьменніка занатаваў у фільме «Край перакуленых нябёсаў» (1995) рэжысёр С. Пятроўскі.
Творы народнага пісьменніка Васіля Быкава прыкметна ўзбагацілі кінамастацтва вострымі канфліктамі і праблемамі, актуальнасць якіх не зніжаецца ад часу. І сёння творы пісьменніка ўсё часцей «перачытваюць» новыя пакаленні кінематаграфістаў.
|
|
Бельскі, А. І. Класікі і сучаснікі ў школе : вучэбны дапаможнік / А. І. Бельскі. — Мн. : Аверсэв, 2005. — 352 с. — (Вывучэнне творчасці пісьменнікаў).
Дапаможнік прысвечаны творчасці беларускіх пісьменнікаў.
|
|
|
|
|
Бугаёў, Д. Арганічнасць таленту : літаратурна-крытычныя артыкулы / Д. Бугаёў. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1989. — 351 с.
У кнізе разглядаецца творчасць народных пісьменнікаў Беларусі В. Быкава, І. Мележа, П. Панчанкі, Я. Янішчыц і інш.
|
|
|
Быкаў, В. Бліндаж : [аповесці] / В. Быкаў. — Мн. : Выдавец В. Хурсік, 2007. — 192 с. — (Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў»).
У новую кнігу класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава ўвайшлі творы, невядомыя беларускаму чытачу. Аповесць «Бліндаж» была апублікавана ў часопісе «Дзеяслоў» толькі ў 2006 годзе, а аповесць «Апошні баец» друкавалася ў газеце «Чырвоная змена» ў 1958 годзе і пасля не ўключалася аўтарам у ніводзін свій зборнік. Абодва творы яднае тое, што дзеянне ў іх адбываецца напачатку Вялікай Айчыннай вайны.
|
|
|
|
Быкаў, В. У. Круглянскі мост. Сотнікаў : аповесці / В. У. Быкаў. — Мн. : Мастацкая літаратура, 2008. — 334 с. — (Бiблiятэка школьнiка).
У кнігу народнага пісьменніка Беларусі В. Быкава (1924–2003) увайшлі аповесці «Круглянскі мост» і «Сотнікаў», у якіх адлюстраваны трагічныя старонкі ў лёсе нашага грамадства і людзей, маральна-этычныя праблемы. |
|
|
|
Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. / Л. М. Зайцава [і інш.]. — Т. 4 : 1986—2003. — Мн. : Беларуская навука, 2004. — 335 с., [15] л. іл.
Кніга з’яўляецца апошняй часткай чатырохтомнай працы і прысвечана гісторыі беларускага кіно пасля 1985 г.: перыяду перабудовы і галоснасці, калі сацыяльныя праблемы моцна ўплывалі не толькі на неігравое, але і на ігравое кіно, а таксама Кінематографу Рэспублікі Беларусь з яго імкненнем стварыць нацыянальнае кіно.
|
|
|
|
Кудравец, А. За дальнім прычалам : літ. партрэты / А. Кудравец. — Мн. : Медисонт, 2007. — 224 с. — (Бiблiятэка часопісу «Дзеяслоў»).
У кнігу Анатоля Кудраўца ўвайшлі літаратурныя партрэты сяброў па пяры: Васіля Быкава, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча і інш.
|
|
|
|
Макмілін, А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя = Belarusian Literature in the 1950 and 1960 : манаграфія / А. Макмілін. — Мн. : Беларускі кнігазбор, 2001. — 332 с. — (Беларускі кнігазбор).
Манаграфія Арнольда Макміліна прысвечана беларускай літаратуры 50–60-х гг. ХХ ст., але аўтар шчодра пашырыў даследаванне і ашчадным аглядам старажытнай беларускай літаратуры, і даволі пашыранымі экскурсамі ў творчасць асабліва выбітных пісьменнікаў, а менавіта В. Быкава, І. Мележа, І. Пташнікава, У. Караткевіча і інш., да 90-х гг. уключна.
|
|
|
|
Мішчанчук, М. І. Беларуская літаратура XX ст. : вучэбны дапаможнік / М. І. Мішчанчук, І. С. Шпакоўскі. — Мн. : Выш. шк., 2001. — 352 с.
У кнізе разглядаюцца даваенны і сучасны перыяды развіцця беларускай літаратуры. Прадстаўлена творчасць малавядомых, але таленавітых паэтаў А. Вечара, А. Моркаўкі, В. Казлоўскага; аналізуюцца творы М. Гарэцкага, К. Чорнага, А. Мрыя.
|
|
|
|
Мяснікоў, А. Ф. Дзеля гэтага варта жыць : публіцыстыка: дыялогі, эсэ / А. Ф. Мяснікоў. — Мн. : Дом прэсы, 2000. — 95 с.
У кнізе публіцыстыкі ўсхвалявана, з роздумам і аналізам, трывогай і болем вядзецца гаворка пра жыццё: складанае, цяжкое, неадназначнае. Аўтар аналізуе жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і Васіля Быкава.
|
|
|
|
Навумовіч, У. А. Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнiк / У. А. Навумовіч. — Мн. : Вышэйшая шк., 2007. — 478 с.
Раскрывае агульны рух і галоўныя тэндэнцыі развіцця мастацкага слова, шляхі станаўлення творчых індывідуальнасцей пісьменнікаў, ролю і месца беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай літаратуры ад антычнасці да сучаснасці.
|
|
|
|
Пісьменнікі Беларусі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ў зборы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры : тэматычны каталог / аўт. ідэі і ўклад. В. А. Ціханавецкая. — Мн. : Радыёла-плюс, 2005. — 104 с.
На старонках гэтага каталога чытач знойдзе новыя звесткі аб падзеях у гады Вялікай Айчыннай вайны, аб жыцці і творчасці пісьменнікаў Беларусі.
Каталог уключае ў сябе шэсць раздзелаў.
|
|
|
|
Пра таварышаў па пяру : зборнік крытычных артыкулаў / склад. К. І. Краўцова. — Мн. : Народная асвета, 1976. — 224 с.
У зборнік уключаны лепшыя артыкулы пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў. Аб творчай манеры, тэматычным дыяпазоне В. Быкава, І. Мележа, П. Броўкі, Я. Брыля, І. Шамякіна чытач знойдзе ў кнізе цікавы матэрыял.
|
|
|
ЛІТАРАТУРА
1. Бельскі, А. І. Класікі і сучаснікі ў школе : вучэбны дапаможнік / А. І. Бельскі. — Мн. : Аверсэв, 2005. — 352 с. — (Вывучэнне творчасці пісьменнікаў).
2. Бондарава, Е. Л. Кінематограф і літаратура: творы В. Быкава на экране / Е. Л. Бондарава. — Мн., 1991. — 23 с.
3. Бондарева, Е. Повести и фильмы: произведения В. Быкова на экране / Е. Бондарева // Нёман. — 1977. — № 10. — С. 158—167.
4. Бугаёў, Д. Арганічнасць таленту : літаратурна-крытычныя артыкулы / Д. Бугаёў. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1989. — 351 с.
5. Василь Быков. Экранизации // На экранах. — 2012. — № 5. — С. 10—11.
6. «В тумане». Общее дело // На экранах. — 2012. — № 5. — С. 7—8.
7. Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. / Л. М. Зайцава, І. А. Аўдзееў, А. А. Карпілава, Г. У. Шур. — Т. 4 : 1986—2003 гг. — Мн. : Беларуская навука. — 335 с.
8. «Звышлітаратура» В. Быкава ў кіно і на тэлеканале // Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. / В. Ф. Нячай, В. А. Мядзведзева, Н. А. Агафонава. — Т. 3 : Тэлевізійнае кіно: 1956—2002 гг. — Мн. : Беларуская навука, 2004. — С.58—62.
9. Карпилова, А. Звуковое пространство трагедии / А. Карпилова // На экранах. — 2013. — № 2. — С. 12—13.
10. Кудравец, А. За дальнім прычалам : літ. партрэты / А. Кудравец. — Мн. : Медисонт, 2007. — 224 с. — (Бiблiятэка часопісу «Дзеяслоў»).
11. Лозница, С. «Я всюду вью себе гнезда» / С. Лозница ; беседовали: С. Катьер, Л. Павлючик // На экранах. — 2013.— № 2. — С. 10—11.
12. Макмілін, А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя = Belarusian Literature in the 1950 and 1960 : манаграфія / А. Макмілін. — Мн. : Беларускі кнігазбор, 2001. — 332 с. — (Беларускі кнігазбор).
13. Международная пресса о фильме Сергея Лозницы «В тумане» // На экранах. — 2012. — № 6. — С. 4—5.
14. Мішчанчук, М. І. Беларуская літаратура XX ст. : вучэбны дапаможнік / М. І. Мішчанчук, І. С. Шпакоўскі. — Мн. : Выш. шк., 2001. — 352 с.
15. Мяснікоў, А. Ф. Дзеля гэтага варта жыць : публіцыстыка: дыялогі, эсэ / А. Ф. Мяснікоў. — Мн. : Дом прэсы, 2000. — 95 с.
16. Навумовіч, У. А. Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнiк / У. А. Навумовіч. — Мн. : Выш. шк., 2007. — 478 с.
17. Пісьменнікі Беларусі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ў зборы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры : тэматычны каталог / аўт. ідэі і ўклад. В. А. Ціханавецкая. — Мн. : Радыёла-плюс, 2005. — 104 с.
18. Пра таварышаў па пяру : зборнік крытычных артыкулаў / склад. К. І. Краўцова. — Мінск : Народная асвета, 1976. — 224 с.
19. Фіцнер, Н. Сябруюць музы на ўроку: развіццё цікавасці да чытання праз кінафільмы (В. Быкаў. Сотнікаў — Л. Шапіцька. Узыходжанне) / Н. Фіцнер // Роднае слова. — 1992. — № 1. — С. 64—68.