eye

База данных «Человек года Витебщины»

type your text for first image here

База данных «Человек года Витебщины»

База данных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

type your text for second image here

База данных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»

База данных «Витебщина: документальное наследие»

type your text for third image here

База данных «Витебщина: документальное наследие»

База данных «Художники Витебщины»

type your text for 4th image here

База данных «Художники Витебщины»

База данных «Афганистан. Без права на забвение»

type your text for 5th image here

База данных «Афганистан. Без права на забвение»

База данных «Каталог подписных изданий»

type your text for 7th image here

База данных «Каталог подписных изданий»

База данных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»

type your text for 8th image here

База данных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»

Виртуальный проект «Витебщина в войне 1812 года»

type your text for 9th image here

Виртуальный проект «Витебщина в войне 1812 года»

Виртуальный проект «Святые покровители Витебщины»

type your text for 10th image here

Виртуальный проект «Святые покровители Витебщины»

Виртуальный проект «Военные дороги библиотекарей Витебщины»

type your text for 11th image here

Виртуальный проект «Военные дороги библиотекарей Витебщины»

База данных «Рэгіянальны архіў перыядычных выданняў»

type your text for 12th image here

База данных «Рэгіянальны архіў перыядычных выданняў»
Выборы Президента Республики Беларусь

  • anons-CHEKHOV-PALETTE 23 01 2025 anons
  • anons-INTELLECTUAL-RING 30 01 2025
  • anons-notarius-30-01-2025
  • anons-ExLibris
  • anons-presidential library
  • anons-litres
  • anons-elib-nlb
  • shkola-mastak
  • anons-echz
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС
  • АНОНС

К Году благоустройства
К 80-летию Великой Победы

Яуб Колас

 
2007-kupala-kolas

 

ЯУБ КОЛАС

 

Колас Якуб [сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; інш. псеўд.: Агарак, К. Адзінокі, К.Альбуцкі, Андрэй «сацыяліст», К.Белорус, Т.Булава,Тамаш Булава, Ганна Груд, Т. Гушча, Тар. Гушча,Тарас Гушча, Дземяноў Гуз, Пятрусь Дзягель, Дзядзька Карусь Дзяцька Карусь, Дубовы Ліст, Я.Колас, Як. Колас, Я. Колос, Ганна Крум, Кудесник, Карусь Лапаць, Левы, Лесавік, Марцін, Марцін з-за рэчкі, Мікалаевец, М.Міцкевіч, Наднеманец, К.Наднёманец,Народный учитель, Свой чалавек, Стары шут , Иван Торба; крыпт.: Т.Г., К., Я.К-с, К.М., К. П- ій і інш.; 22.10 (3.11).1882, засценак Акінчыцы Мінскага пав. (з 1971 у межах г. Стоўбцы Мінскай вобл.) — 13.8.1956, Мінск, пахаваны на Вайсковых могілках], паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і беларускай мовы, грамадскі дзеяч. Член СП Беларусі з 1934. Двойчы лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР — за зборнік вершаў (1946) і паэму «Рыбакова хата» (1949). Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1944).

 

 Kolas

 

Нарадзіўся Я.Колас у сям'і лесніка. Праваслаўны, ахрышчаны ў Стаўбцоўскай царкве. Бацька, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, служыў лесніком у князя Радзівіла. Маці, Ганна Юр'еўна (дзяв. прозвішча Лёсік), была хатняй гаспадыняй. Браты Уладзімір (1879—1954), Алесь (1880—1940), Іосіф (1895—1980), Міхал (1897—1991), сёстры Міхаліна (1887—1977), Юзэфа (1891 — 1964), Марыя (1900). Дзіцячыя гады будучага пісьменніка прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток (Сухошчына), Альбуць, што недалёка ад в. Мікалаеўшчына, адкуль бацькі былі родам. У 1892—94 Я.Колас вучыўся ў Мікалаеўшчынскім народным вучылішчы. У дзяцінстве захапляўся байкамі І.Крылова, вершамі А.Пушкіна, М.Лермантава, В.Жукоўскага, апавяданнямі М.Гогаля, казкамі і апавяданнямі Л.Талстога, вершамі на беларускай мове Янкі Лучыны (у рукапісе). Любоў да кніг прывіў яму дзядзька Антось. У 1898 паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў у 1902. У час вучобы шмат чытаў, прагна засвойваў здабыткі класікаў рускай, украінскай, замежнай літаратур. У ліку любімых пісьменнікаў былі М.Кальцоў, М.Някрасаў, У.Хемніцер, У.Дзмітрыеў, Т.Шаўчэнка, І.Франко, А.Міцкевіч і інш. У юнацкія гады напісаў паэмы «У кастра» і «Страх», тэксты якіх не захаваліся. Рабіў запісы вуснай народнай творчасці. Вялікі ўплыў на будучага паэта аказаў выкладчык семінарыі А.Кудрынскі, які ўхваліў яго першыя вершы.

Пасля сканчэння вучобы Я.Колас працаваў настаўнікам Люсінскага народнага вучылішча Пінскага пав. Мінскай губ. (цяпер Ганцавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). «Першыя гады настаўніцтва прайшлі на Палессі ў Люсіне і Пінкавічах. Тут я першы раз пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай», — успамінаў Я.Колас. 3 1903 ён настаўнічаў у в. Пінкавічы Пінскага пав. (цяпер Пінскі р-н), вёў рэвалюцыйную работу сярод сялян. За ўдзел у рэвалюцыйнай прапагандзе (1906) «у парадку пакарання» пераведзены з Пінкавіцкага ў Верхменскае народнае вучылішча Ігуменскага пав. Мінскай губ. (цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). У ліпені 1906 у в. Мікалаеўшчына адбыўся нелегальны настаўніцкі з'езд. За актыўны ўдзел у ім і наогул за рэвалюцыйную работу Я.Колас быў пазбаўлены права працаваць настаўнікам. Пачалося следства. Зіму (1906—07) жыў у леснічоўцы Смалярня, дзе нелегальна адкрыў прыватную школу. Пачаў складаць вучэбны дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў».

1 верасня 1906 у газеце «Наша Ніва» быў надрукаваны першы верш Я.Коласа «Наш родны край». На працягу шасці тыдняў 1907 ён быў загадчыкам літаратурнага аддзела газеты «Наша Ніва», але паводле загада паліцыі пакінуў Вільню. Восенню 1907 зноў прыязджаў у Вільню, а ў снежні таго ж года зрабіў падарожжа ў Пецярбург, каб наладзіць асабістыя сувязі з пісьменнікамі і культурнымі дзеячамі Расіі. 3 пачатку 1908 Я.Колас настаўнік беларускай прыватнай школы ў в. Сані Абчугскай вол. Сенненскага пав. (цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл.). Хутка быў асуджаны мясцовымі ўладамі да трох гадоў турэмнага зняволення. Пакаранне адбываў у Мінскім астрозе.

У 1909 у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца» (Пецярбург) выйшла першая яго кніга «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», а ў 1910 — першы зборнік вершаў «Песні жальбы». Высокую ацэнку творчасці Я.Коласа даў М.Горкі. У 1911 Я.Колас пачаў пісаць паэму «Новая зямля». Тады ж нарадзілася і задума паэмы «Сымон-музыка». Пасля выхаду з турмы ў верасні 1911 пісьменнік жыў у мяст. Лунінец Пінскага пав. Мінскай губ. (цяпер г. Лунінец Брэсцкай вобл.) у свайго таварыша В.Філіповіча, займаўся з яго вучнямі, дзяцьмі чыгуначнікаў.У 1912 атрымаў пасведчанне аб дабранадзейнасці і быў прызначаны настаўнікам — спачатку ў в. Купяцічы (12 вёрст ад Пінска), пасля — у трэцяе прыходскае вучылішча г. Пінска. У жніўні 1912 на хутары Смольня, каля в. Мікалаеўшчына, адбылася першая сустрэча Я.Коласа і Я. Купалы. Шчырае іх сяброўства захавалася на ўсё жыццё.

У чэрвені 1913 Я.Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, якая нарадзілася ў сям'і свяшчэнніка. Павянчаліся ў царкве г. Пінска. У пачатку Першай сусветнай вайны (1914) ён разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губ. Настаўнічаў у с. Старыкава Дзмітраўскага пав. Восенню 1915 мабілізаваны ў армію, знаходзіўся ў Маскве. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча ў званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Пярмі, дзе ў пачатку 1917 атрымаў чын падпаручніка. Летам 1917 накіраваны на Румынскі фронт. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў у г. Абаяні Курскай губ., дзе знаходзілася яго жонка Марыя Дзмітрыеўна.

Паводле дэкрэта Савецкай улады ў 1918 Я.Колас як настаўнік вызвалены ад вайсковай службы. Педагагічную дзейнасць працягваў у в. Малыя Крукі, недалёка ад Абаяні Курскай губ., у в. Ліпавец Вышне-Рэутчанскай вол. У 1920 пераехаў у Абаянь, дзе быў школьным інспектарам. У 1921 паводле выкліку ўрада БССР Я.Колас вярнуўся ў Мінск, працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы (НКА), а з 1922 — у літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інстытута беларускай культуры. Выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме. Па даручэнні Наркамата асветы БССР чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх педагагічных курсах у Слуцку (1923). У тым жа годзе зацверджаны выкладчыкам беларускай мовы БДУ. Нягледзячы на такое прызнанне, у 1925 у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з т.зв. «лістападаўскай справай» на Случчыне.У 1927 Я.Колас абраны правадзейным членам Таварыства аматараў расійскай славеснасці пры Маскоўскім універсітэце. У студзені 1929 ён стаў членам Прэзідыума і віцэ-прэзідэнтам АН БССР, створанай на базе Інстытута беларускай культуры. Прымаў удзел у рабоце Першага Усебеларускага з'езда савецкіх пісьменнікаў і Першага з'езда савецкіх пісьменнікаў, дзе яго абралі ў кіруючыя органы СП БССР і СССР не без супраціўлення ўлад (для таго, каб Я.Колас быў выбраны дэлегатам,а затым і членам прэзідыума 1-га з'езда СП СССР спатрэбілася заступніцтва М.Горкага і рэдактара «Известий» І.Гронскага). Як грамадскі дзеяч у складзе дэлегацыі СССР выязджаў у 1935 у Парыж на Сусветны кангрэс абароны культуры, дзе выступіў з прамовай.

У 30-я гады вульгарызатарская крытыка беспадстаўна абвінаваціла Я.Коласа ў нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзіла ў яго творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, апяванне месіянскай ролі інтэлігенцыі. Сваякі паэта — Язэп Лёсік, дзядзька па матчынай лініі, Аляксандр Дзмітравіч, родны брат Марыі Дзмітраўны, — былі арыштаваны і рэпрэсіраваны. На Я.Коласа і Я.Купалу, першых у спісе дзеячаў літаратуры і мастацтва, таксама былі заведзены справы на арышт у 1937. Іх выклікалі на допыты. 6 лютага 1938 у доме Я.Коласа шукалі зброю, пісьменніка прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Пагражаў арышт. Але пасля сустрэчы першага сакратара ЦК КП(б)Б П.Панамарэнкі і І.Сталіна пытанне аб арышце было знята. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Я.Колас пераехаў з Мінска ў Клязьму, а ў жніўні 1941 — у Ташкент. У ліпені 1941 быў надрукаваны зварот Я.Купалы і Я.Коласа «Беларускаму народу», у якім прагучаў заклік да змагання супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У час вайны Я.Колас займаўся творчай, навуковай і грамадскай працай: удзельнічаў у рабоце АН БССР, Усеславянскага антыфашысцкага камітэта (Масква), сустракаўся з воінамі Савецкай Арміі, партызанамі, выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў перыядычным друку, па радыё. Пасля вайны ён вярнуўся ў Мінск, вёў вялікую грамадскую і навукова-арганізацыйную работу.

Творчасць Я.Коласа ўзрастала на лепшых традыцыях нацыянальнай літаратуры, на багатай спадчыне вуснай народнай творчасці і адначасова пад уплывам прагрэсіўных прадстаўнікоў рускай, украінскай і сусветнай літаратур. У яго творах знайшлі глыбокае мастацкае адлюстраванне жыццё беларускага народа на пераломных этапах гісторыі, барацьба народных мас за сацыяльнае разняволенне і нацыянальную роўнасць. Я.Колас — класік нацыянальнай літаратуры, стваральнік неўміручых паэтычных шэдэўраў «Новая зямля» і «Сымон-музыка», адзін з заснавальнікаў беларускай мастацкай прозы, беларускага рамана, аўтарытэтны настаўнік некалькіх пакаленняў творчай моладзі, выдатны педагог, вучоны, арганізатар навукі, дзяржаўны і культурны дзеяч. Яго заслуга ў тым, што ён расказаў свету пра беларускі край, пра мужны, свабодалюбівы, гераічны народ, выявіў у мастацкім слове яго сацыяльныя і нацыянальныя памкменні, невычэрпныя духоўныя магчымасці.

Пісьменнік прыйшоў у літаратуру на хвалі рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбы народных мас супраць прыгнёту і эксплуатацыі. Жыццё і побыт працоўнага селяніна, яго мара аб лепшай будучыні, сацыяльны і нацыянальны ўціск, барацьба сялянства за свае правы — вось галоўны змест твораў Я.Коласа як пісьменніка-рэаліста, прадстаўніка рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры, паслядоўнага абаронцы інтарэсаў працоўнага сялянства. Ад імя прыціснутага галечай, абрабаванага селяніна паэт «на грозных межах часаў пераходных» смела звяртаўся да прыгнятальнікаў: «Чыімі рукамі вы дабро збіралі? На чые вы слёзы дабрабыт куплялі?». Выяўленая ў дакастрычніцкай творчасці Я.Коласа канцэпцыя народа сцвярджала погляд на чалавека працы не толькі як на ахвяру несправядлівага ладу, але і як на магутную сілу гістарычнага працэсу, стваральніка матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей на зямлі, творцу будучыні. Гэта было сапраўдным наватарствам у беларускай літаратуры. Падобны погляд узбройваў мастакоў слова гістарычным аптымізмам, адкрываў перад імі шырокія магчымасці ў адлюстраванні народнага жыцця.

Творы Я.Коласа адыгралі вялікую грамадска-выхаваўчую ролю ў перыяд першай рускай рэвалюцыі і ў гады панавання рэакцыі. Напоўненыя пачуццём гневу і нянавісці, яны клікалі працоўных да згуртаванасці, сцвярджалі непазбежнасць перамогі над прыгнятальнікамі ("Ворагам", «Наша возьме», «Будзь цвёрды»). Створаны пісьменнікам вобраз героя, перакананага змагара за народную справу, — значнае дасягненне беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры. У вершах 1914—16 («Думкі салдата», «Ворагам») паэт асуджаў імперыялістычную вайну, выкрываў яе захопніцкі характар, антынародную скіраванасць, праўдзіва маляваў селяніна, удзельніка вайны, яго псіхалогію. Вядучае месца ў творчасці Я.Коласа займае тэма мастака і мастацтва («Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру...»). Яна вырашана ў традыцыях перадавой, рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры — як тэма самаадданага служэння мастака народу. Як пісьменнік-наватар Я.Колас прыкметна пашырыў ідэйна-тэматычныя, жанрава-стылявыя межы беларускай нацыянальнай літаратуры, узбагаціў яе новымі ідэямі, матывамі, вобразамі, моўна-выяўленчымі сродкамі, даў яскравыя ўзоры грамадзянскай, інтымнай лірыкі, гумарыстычнага, сатырычнага верша, вершаванага фельетона, байкі,вершаванага апавядання.

Бытавое сацыяльна-псіхалагічнае апавяданне пісьменніка («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар», «Малады дубок») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Тут выразна акрэсленыя вобразы, намаляваны тыповыя характары беларускага селяніна-працаўніка. Яго апавяданні характарызуюцца шырынёй ахопу жыццёвых з'яў, тэматычнай разнастайнасцю, мастацкай дасканаласцю. Напісаныя сакавітай народнай мовай, яны вызначаюцца непаўторным нацыянальным каларытам, першароднай свежасцю. Напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам алегарычныя апавяданні Я.Коласа (цыкл «Казкі жыцця») з'явіліся значным мастацкім адкрыццём у беларускай літаратуры, пашырылі яе ідэйна-тэматычныя і жанрава-стылёвыя гарызонты. Яны прасякнуты роздумам мастака-грамадзяніна, патрыёта, гуманіста аб чалавеку і яго жыццёвым прызначэнні, сэнсе чалавечага існавання. Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця, тайн прыроды («Жывая вада», «Супраць вады», «Даль» і інш.).

Выдатным дасягненнем беларускай паэзіі з'яўляецца пейзажная лірыка Я.Коласа. Яна прасякнута пачуццямі шчырай замілаванасці прыгажосцю роднага краю. Многія вершы аб прыродзе — «На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч», «Адлёт жураўлёў», «Белыя валокны», «Лес» — сталі хрэстаматыйнымі, увайшлі ў залаты фонд нацыянальнай літаратуры. Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб'ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі беларускай прыроды. Я.Колас творча прадоўжыў рэалістычныя традыцыі нацыянальнай літаратуры, узбагаціў метад крытычнага рэалізму вопытам рэвалюцыйнай барацьбы шырокіх мас за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Глыбокае і змястоўнае напаўненне атрымала катэгорыя народнасці ў паэзіі і прозе Я.Коласа. Пісьменнік узняў беларускае слова на ўзровень сталага мастацтва, паставіўшы яго побач з развітымі літаратурамі свету, і ў гэтым яго вялікая заслуга.

Гады рэвалюцыі — адзін з найбольш складаных, трагічных перыядаў у жыцці і творчасці Я.Коласа. Жахлівыя разбурэнні, незлічоныя людскія ахвяры, якімі суправаджалася Кастрычніцкая рэвалюцыя і якія паэт бачыў на ўласныя вочы, выклікалі яго рашучае асуджэнне і пратэст. Мастак-гуманіст не мог прыняць рэвалюцыю, якая дзеля гіпатэтычнай светлай будучыні знішчала найвялікшую каштоўнасць — чалавека. У «крывавым віры» гінулі маральныя набыткі, выпрацаваныя чалавецтвам за многія стагоддзі існавання. Паэма «Сымон-музыка» (1911—18) з асаблівай яскравасцю выявіла псіхалагічны стан паэта, які ўсведамляў і асабістую адказнасць за трагічныя падзеі, выкліканыя рэвалюцыяй, бо і яго паэтычнае слова рыхтавала рэвалюцыйны выбух, але аказалася, што галоўным героем часу стаў не разняволены рэвалюцыяй свабодны чалавек, міласэрны і спагадлівы да чужога болю і пакутаў, а «чалавек з ружжом», якому зброя замяніла закон і маральныя нормы, а класавая нянавісць, прага помсты сталі вызначальнымі матывамі дзейнасці. Ачышчальная бура-навальніца, якую клікаў пясняр народнай долі («Грымні ж ты, бура, ды грымні дужэй» — верш «Будзе навальніца», 1912), вылівалася ў акт рабаўніцтва і гвалту. Не жадаючы даць маральнае бласлаўленне жорсткай, крывавай, нясправядлівай рэвалюцыі, Я.Колас пакідае свайго героя-музыку на могілках, дзе пахавана яго дзяўчына Ганна — сімвал дабрыні і прыгажосці, жывое ўвасабленне маці-Беларусі, увасабленне няспраўджаных ідэалаў мастака. Сымон-музыка, які марыў пра ўсясветнае брацтва, пра ўсталяванне чалавечай дабрыні, міру і згоды, у знак пратэсту супраць жорсткасці, прымусу, беззаконня і пагарды да чалавечай асобы выключаецца з жыцця, засынае сімвалічным сном («Ты ачнешся ў жыцці новым песні-думкі дапяваць») побач з Ганнай.

Нешматлікасць твораў пісьменніка перыяду 1917—18 яскрава адлюстроўвала сутнасць яго грамадзянскай мастакоўскай пазіцыі, ягонага стаўлення да сацыялістычнай рэвалюцыі. У вершах 1919— 21 ("На чужыне", «Крыж», «Цені-страх», «Звон шыбаў»), у аповесці "Пад Новы год" (1922) паэт праўдзіва раскрываў разбуральныя вынікі ўздзеяння рэвалюцыі на чалавека, перадаваў яго разгубленасць і пачуццё страху. Трывожны звон шыбаў успрымаецца героем аднайменнага верша то як выява жалобы, гневу, то як знак, «што згубілі мы дарогу» — да святла, праўды і ісціны. Пасля звароту на Беларусь (май 1921) пачынаецца новы, вельмі плённы перыяд літаратурна-мастацкай і грамадска-культурнай дзейнасці Я.Коласа. Але пералом у светаадчуванні песняра адбыўся не адразу. Тэматыка напісаных і апублікаваных ім у 1921—23 гт. твораў у аснове сваёй скіравана да мінулага: было створана дванаццаць новых раздзелаў паэмы «Новая зямля», аповесць «У палескай глушы», падрыхтаваны і выданы зборнікі «Казкі жыцця» і «Водгулле». Я.Колас устрымліваўся ад аператыўнага водгуку на падзеі новага часу, не падзяляў пазіцыю тых пісьменнікаў, хто бяздумна ўслаўляў новую ўладу.

Паэма «Новая зямля» (1911—23), ідэйная і жанравая задума якой была істотна пераасэнсавана і паглыблена, стала этапнай з'явай у творчасці Я.Коласа і ўсёй беларускай літаратуры. Тут з вялікай сілай мастацкага абагульнення адлюстраваны карэнныя сацыяльныя супярэчнасці канца 19 ст., намалявана шырокая эпічная панарама народнага жыцця, створаны тыповыя, непаўторныя характары, раскрыта духоўная веліч, маральная прыгажосць чалавека працы, яго спрадвечная мара аб вольным шчаслівым жыцці, выяўлена імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Паэтызацыя працы, эстэтызацыя сялянскага побыту, услаўленне чалавека-працаўніка, носьбіта лепшых рыс народнага, нацыянальнага характару — наватарская рыса паэмы. У 30-я і пазнейшыя гады, калі пераважная большасць савецкіх пісьменнікаў выкрывала т.зв. дробнаўласніцкія інстынкты селяніна, індывідуалістычную мараль, развенчвала яго кулацкія памкненні, Я.Колас паэмай «Новая зямля» з гонарам бараніў аўтарытэт прыгожага пісьменства, годнасць мастака як выразніка інтарэсаў працоўнага сялянства. «Новая зямля» ўвайшла ў свядомасць чытача як найвыдатнейшы твор нацыянальнай літаратуры, з'ява нацыянальнай культуры, як паэтычная энцыклапедыя жыцця беларускага народа на новым этапе яго гістарычнага развіцця. Яна адыграла велізарную ролю ў сцвярджэнні прынцыпаў рэалізму, народнасці, у станаўленні ліра-эпічнай паэмы і празаічнага рамана.

У 1923—24 Я.Колас істотна перапрацаваў паэму «Сымон-музыка» (тэкст не захаваўся; рукапіс украдзены ў час вяртання паэта з Кіславодска ўлетку 1924). У 1924— 25 была створана трэцяя, канчатковая рэдакцыя, па сутнасці новы твор. 3 разгортваннем працэсу беларусізацыі аўтар «Сымона-музыкі» абуджае героя ад сну, дае яму магчымасць чароўным граннем вярнуць да жыцця Ганну і накіроўвае іх у шырокі свет да людзей. На пэўны час Я.Колас паверыў у магчымасць адраджэння роднага краю, нацыянальнай культуры, у магчымасць пабудовы суверэннай, незалежнай Беларусі. Паэма прысвечана беларускай моладзі, якой гісторыяй прызначана было будаваць новае жыццё, свабодную краіну. Вера пісьменніка-грамадзяніна, мастака-гуманіста ў шчаслівую будучыню Беларусі і дапамагла нараджэнню канчатковай рэдакцыі паэмы — твора паліфанічнага гучання, дзе драматычныя, трагічныя матывы перапляліся з жыццесцвярджальнымі, аптымістычнымі. Зацятая барацьба бальшавіцкай партыі з рэлігіяй перашкодзіла Я.Коласу выкарыстаць шэраг тэм і матываў першай рэдакцыі, у прыватнасці, тэму мастака як прарока, як носьбіта боскай сілы. Але гэты і іншыя матывы, напрыклад, думка аб неабходнасці ўсеагульнай згоды, ідэя дабрыні, міласэрнасці, чалавекалюбства як арганічнай якасці сапраўднага мастацтва, знайшлі сваё ўскоснае, апасродкавае выяўленне ў апошняй рэдакцыі. Тое, што Сымон здолеў сілай свайго кахання ўдыхнуць жыццё ў безнадзейна хворую Ганну, сведчыла пра бязмежныя магчымасці мастацтва, калі яно сваімі каранямі звязана з народным жыццём, прасякнута ідэяй абароны чалавека. У лірыка-філасофскіх, алегарычных уступах да адпаведных раздзелаў новай рэдакцыі паэт іншасказальна выказаў шэраг глыбокіх думак, якія былі ў рэдакцыі 1911—18. Так, у алегорыі пра змаганне марозу і вады праводзіцца ідэя неабходнасці «згоды, змірэння», стваральнай працы як асновы будаўніцтва суверэннай дзяржавы. Паэма «Сымон-музыка» сведчыць аб шырыні творчага дыяпазону Я.Коласа, аб арыгінальнасці, адметнасці яго таленту і вялікіх творчых магчымасцях як паэта-лірыка. Яна ўражвае разнастайнасцю воб-разна-выяўленчых сродкаў, гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканалай інструментоўкай паэтычнага радка, мілагучнасцю, напеўнасцю верша, удалым выкарыстаннем фальклорнай паэтыкі. Паэма аказала вялікі ўплыў на развіццё беларускай лірыкі і ліра-эпічнай паэмы, раскрыла вялікія магчымасці рамантычных форм і сродкаў адлюстравання рэчаіснасці.

Жыццё беларускага народа напярэдадні і ў гады першай буржуазнай рэвалюцыі, пошукі перадавой інтэлігенцыяй шляхоў да народа, яе роля ў фарміраванні сацыяльна-палітычных поглядаў сялянства знайшлі сваё глыбокае мастацкае ўвасабленне ў першых двух кнігах «Палескіх аповесцей», якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» (1921 — 54). Аповесці — найбольш значныя творы беларускай мастацкай прозы. У іх яскрава выявіліся сталасць мастацкай думкі пісьменніка, глыбокае разуменне ім ролі народных мас і інтэлігенцыі ў рэвалюцыйным працэсе. «Палескія аповесці» вызначаюцца высокім узроўнем псіхалагічнага майстэрства, здольнасцю аўтара раскрываць дыялектыку пачуццяў герояў, паказваць чалавека ў адзінстве яго грамадскай дзейнасці і асабістага жыцця. Для твораў характэрна шчырасць, даверлівасць аўтарскай інтанацыі. Аповесці маюць выразны біяграфічны характар. Лёс многіх герояў, іх памкненні былі блізкімі і зразумелымі аўтару. Я.Колас сцвердзіў плённасць арыентацыі на актуальную сацыяльную праблематыку, на гістарычна праўдзівае, рэалістычна канкрэтнае, аналітычна заглыбленае адлюстраванне жыцця народа, канкрэтнай чалавечай асобы.

Да значных мастацкіх здабыткаў беларускай літаратуры пачатку і сярэдзіны 20-х г. адносяцца і апавяданні «Крывавы вір», «Пракурор», «Адукацыя», «Туды, на Нёман», «У «калектыве» пана Тарбецкага», «Хатка над балоткам», «На святой зямлі», алегарычна-філасофскія творы з цыкла «Казкі жыцця». Гэтыя творы працягвалі лепшыя традыцыі дакастрычніцкай «малай прозы», яны ўзбагацілі нацыянальнае мастацтва новымі эстэтычнымі адкрыццямі.

Але творча-актыўны, аптымістычны стан Я.Коласа працягваўся нядоўга. Яго ілюзіі адносна светлай будучыні, росквіту нацыянальнай культуры і адраджэння Бацькаўшчыны пачалі хутка развейвацца. Жорская рэчаіснасць, канкрэтная практыка сацыялістычнага будаўніцтва рашуча ацвярэжвалі песняра. Менавіта з канца 20-х — пач. 30-х г. Я.Колас трапляе ў бязвыхаднае становішча, цалкам залежнае ад ідэалагічных установак камуністычнай партыі і грамадска-дзяржаўных структур таталітарнай сістэмы. Жахі прымусовай калектывізацыі, расслаіванне сялянства, разбурэнне традыцыйнага ўкладу вёскі, татальны кантроль над усімі сродкамі грамадска-палітычнага, духоўнага жыцця, фактычная забарона свабоды слова і волевыяўлення, масавыя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі — усё гэта негатыўна паўплывала на Я.Коласа як творцу. Ёе аказаўся сапраўдным заложнікам антыгуманнай сістэмы, міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, які быў зводам палітычных патрабаванняў, але выдаваўся за эстэтычную катэгорыю. Асабліва вялікія творчыя страты Колас-мастак панёс у вершаваных формах. Вершы «Калгаснае», «Краіне Саветаў», «На ветру», «Будзьце чуйны», «Памяці С.М.Кірава», «Калгасу «Слабада», «Шчаслівая хвіліна», «Раскуты Праметэй», «Пераможны май», «Радасць», «Да выбараў», «Май», «Майскае свята» ідэалізуюць тагачасную рэчаіснасць, малююць яе ў ружовых, светлых фарбах. Гэта — тыповы ўзор гімнічнай паэзіі, далёкай ад праўды жыцця і праўды мастацтва. Шмат у творах паэта дэкларатыўнасці, рыторыкі, схематызму. Рэальныя супярэчнасці падменены тут імітацыяй канфлікту.

Праўда, у некаторых творах, пераважна буйной сюжэтнай формы, пры ўважлівым чытанні можна адчуць праявы ўнутранага супраціўлення мастака таталітарнаму рэжыму. Ідэалагічна вытрыманыя заклікі, вершы ў гонар кастрычніцкіх гадавін давалі паэту магчымасць ускосна, праз падтэкст выказать сваю асабістую пазіцыю. Адзін з такіх эфектыўных сродкаў — даць магчымасць выказацца антыподам станоўчых герояў. Гэты прыём пісьменнік паспяхова выкарыстаў у аповесці «Адшчапенец», у паэме «На шляхах волі».

У гады Айчыннай вайны змест і танальнасць твораў Я.Коласа прыкметна змянілася. На першым плане ў іх гераізм і патрыятызм народа, услаўленне мужнасці воіна-чырвонаармейца («Народу-барацьбіту», «Душою і сэрцам мы з вамі, героі»), партызанская барацьба на часова захопленай ворагам зямлі («Над магілай партызана», «Бацьку Мінаю»), выкрыццё фашызму і іх прыслужнікаў. Аднак тэма мужнасці, гераізму не атрымала глыбокага адлюстравання ў творчасці паэта. Многім яго вершам шкодзіць зададзенасць, афіцыйная трактоўка героікі. Павярхоўнасць, схематызм вобразаў асабліва ўласцівы паэмам «Суд у лесе», «Адплата», апавяданням. Высокімі мастацкімі якасцямі вызначаюцца некаторыя вершы, прысвечаныя непасрэдна Беларусі, у прыватнасці пейзажная лірыка. Глыбіня паэтычнай думкі арганічна спалучаецца тут з высокай эмацыянальнай напружанасцю і гранічнай шчырасцю выяўлення аўтарскіх пачуццяў любві да роднай зямлі, нянавісці да ворага, веры ў непазбежнасць перамогі («Голас зямлі»). Як значнае творчае дасягненне беларускай паэзіі неабходна разглядаць таксама інтымную лірыку паэта гэтых гадоў. У многіх вершах пачуцці асабістага характару, роздум аб жыцці і смерці пераплятаюцца з грамадзянскімі, патрыятычнымі пачуццямі («Мае мары»).

У пасляваенныя гады Я.Колас закончыў паэму «Рыбакова хата» (1939, 1946—47), працаваў над трэцяй кнігай трылогіі, пісаў новыя апавяданні з цыкла «Казкі жыцця», вершамі і публіцыстычнымі артыкуламі адгукаўся на падзеі грамадска-палітычнага, міжнароднага жыцця («Роднаму краю і народу», «Закон Трумэна і Ко»), прымаў актыўны ўдзел у рэдагаванні перакладу «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» на рускую мову. Як крытык Я.Колас уздымаў надзённыя пытанні сувязі мастака з рэчаіснасцю, дзейснасці мастацкага слова, ролі і значэння крытыкі ў літаратурным працэсе, выкладання літаратуры ў школе, эстэтычнага выхавання маладога пакалення. Я.Колас аўтар шматлікіх твораў для дзяцей («У старых дубах», «Міхасёвы прыгоды», «Раніца жыцця», і інш.). Творчасць Я.Коласа была цесна звязана з развіццём беларускай педагагічнай думкі. Пісьменнік лічыў, што родная мова, літаратура, гісторыя — дзейсныя сродкі фарміравання маральных, патрыятычных пачуццяў школьнікаў, выхавання ў іх любві да «роднага слова — першай крыніцы, праз якую мы пазнаем акаляючы нас свет». Я.Колас шырока вядомы і як перакладчык на беларускую мову твораў А.Пушкіна, М.Лермантава, Т.Шаўчэнкі, Р.Тагора, А.Міцкевіча, П.Тычыны. Ён быў рэдактарам шматлікіх выданняў, анталогій. Яго творы таксама перакладзены на многія замежныя мовы.

Драматычныя творы Я.Коласа маюць даволі багатае сцэнічнае жыццё. П'есы паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі былі пастаўлены на сцэнах шматлікіх тэатраў. Жыццё і творчасць Я. Коласа пакладзены ў аснову дакументальных і мастацкіх фільмаў: «Народны паэт» (сцэнарый Ю.Тарыча, М.Лужаніна. Беларусьфільм, 1952), «Якуб Колас» (сцэнарый А.Звонака. Беларусьфільм, 1962), «Дзядзька Якуб» (сцэнарый В.Адамчыка, А.Вялюгіна. Беларусьфільм, 1982), «Песня вясны» — экранізацыя аповесці «На прасторах жыцця» (сцэнарый В.Гардзіна і Л.Ляжневіча, пастаноўка В.Гардзіна, 1929) і інш. На словы Я.Коласа напісана шмат музычных твораў, якія выходзілі асобнымі зборнікамі. Опера «Новая зямля» па аднайменнай паэме Я.Коласа напісана Ю.Семянякам, «У пушчах Палесся» (паводле аповесці «Дрыгва») — А.Багатыровым. Коласаўскую паэзію для напісання песень выкарыстоўвалі кампазітары М.Чуркін («Краска», «Вясна», рамансы «Маёй каханцы», «Гусі...»), А.Туранкоў (рамансы «Усход сонца», «Дудка», песні «Радасць»), Я.Цікоцкі (рамансы «Каманіну, Малакову, Сляпнёву», «Пераможны май») і інш. Вобраз пісьменніка ўвасобілі ў творах выяўленчага мастацтва Л.Асядоўскі, І.Ахрэмчык, М.Будавей, Ю.Герасіменка, Т.Ігааценка, Я.Кулік, М.Купава, Я.Раманоўскі, І.Рэй, У.Стальмашонак, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў, А.Яр-Краўчанка і інш.

Я.Колас быў вядомым грамадскім дзеячам: ён выбіраўся членам ЦК на XX—XXII з'ездах КПБ. Кандыдат у члены ЦВК БССР у 1927 — 29, член ЦВК у 1929—31, 1935—38. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1946—56, Вярхоўнага Савета БССР у 1938—56, член усесаюзнага Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва. Абіраўся віцэ-старшынёй Усеславянскага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру. Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Імя народнага песняра з любоўю ўшаноўвае беларускі народ. У 1959—65 прысуджалася літаратурная, а з 1971 раз у два гады прысуджаецца Дзяржаўная прэмія імя Я.Коласа за лепшыя празаічныя творы і літаратуразнаўчыя працы. Яго імя прысвоена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, цеплаходу Дунайскага параходства, Інстытуту мовазнаўства АН Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Беларусі, Віцебскаму драматычнаму тэатру, СШ № 44 Мінска, Мікалаеўшчынскай СШ Стаўбцоўскага р-на, школам-інтэрнатам Брэста, Нясвіжа Мінскай вобл., Сянкевіцкай СШ Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., Цэнтральнай гарадской бібліятэцы Слоніма Гродзенскай вобл., бібліятэцы № 7 Мінска, калгасам, плошчам і вуліцам рэспублікі. Помнікі пісьменніку пастаўлены на плошчы Мінска, якая носіць яго імя, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, а таксама ў г. Навагрудку Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Устаноўлены мемарыяльныя дошкі на будынках, у якіх ён жыў ці працаваў. У Мінску існуе Літаратурны музей Я.Коласа, у Акінчыцах, Смольні і Альбуці — яго філіялы. Грамадскія Літаратурныя музеі створаны ў Люсінскай СШ Ганцавіцкага р-на, Пінкавіцкай СШ Пінскага р-на Брэсцкай вобл., Бараўлянскай СШ Мінскага р-на, Верхменскай СШ Смалявіцкага р-на, Мікалаеўшчынскай СШ Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. У пакоі, дзе Я.Колас працаваў як віцэ-прэзідэнт АН БССР, адноўлены мемарыяльны кабінет. Партрэт пісьменніка змяшчаўся на прысвечаных яму паштовых марках і паштоўках, на манеце, выпушчанай да 110-годдзя з дня яго нараджэння.

 

Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік: у 6 т. - Мн. : БелЭН, 1992-. Т. 3, с. 299 – 371.