Год Янкі Купалы і Якуба Коласа
- Подробности
- Создано 27.01.2007 06:07
29 студзеня 2007 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Указ № 57 "Аб мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 125-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа".
Святочныя мерапрыемствы і ўрачыстыя зборы, прысвечаныя гэтай даце, будуць праведзены на працягу 2007 года як у нашай рэспубліцы, так і за яе межамі.
У падрыхтоўцы і правядзенні святкаванняў, якія праходзяць на працягу года, прымае актыўны ўдзел і наша бібліятэка.
У розных аддзелах бібліятэкі запланаваны мерапрыемствы, наладжваюцца выставы, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры, што будзе спрыяць прапагандзе культуралагічнай спадчыны, папулярызацыі лепшай высокаякаснай, узорна-класічнай і сучаснай літаратуры, маральна-эстэтычнаму выхаванню чытачоў, фарміраванню чытацкіх густаў, асэнсаванню ролі класікаў беларускай літаратуры ў гісторыі нашай краіны. Асноўная праца па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў ускладзена на аддзел беларускай літаратуры. Супрацоўнікамі аддзела распрацаваны цыкл выстаў пад агульнай назвай "У вянок песнярам".
Творчая спадчына народных пісьменнікаў прываблівае і цікавіць розныя пакаленні чытачоў. Кожная эпоха сваіх вялікіх мастакоў слова перачытвае нанова і па-новаму. І кожны знаходзіць у творчасці класікаў нешта блізкае для сябе. Ідучы насустрач патрабаванням часу, выкарыстоўваючы новыя інфармацыйныя тэхналогіі, аддзел беларускай літаратуры мае магчымасць прадставіць карыстальнікам бібліятэкі не толькі цудоўна выданыя творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, але і зацікавіць іх электроннымі выданнямі твораў класікаў беларускай літаратуры.
Аддзел беларускай літаратуры распрацаваў цыкл выстаў пад агульнай назвай "У ВЯНОК ПЕСНЯРАМ":
СВАЙМУ НАРОДУ – ПЕСЕНЬ ДАР
У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала – вельмі цікавыя хлопцы... Проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы крыху гэтых якасцей. Вось бы добра было.
М. Горкі
Я назаўсёды захаваў у сэрцы глыбокую ўдзячнасць Максіму Горкаму за чуласць да першых крокаў у літаратуры, якія рабілі мы з Янкам Купалам.
Я. Колас. Вялікі барацьбіт за шчасце народаў
Янка Купала і Якуб Колас — два шчырыя сябры, два волаты беларускай літаратуры, яе гордасць і слава. Іх вялікая дружба пачалася ў бурныя гады рэвалюцыі 1905 года, калі яны, маладыя і мужныя, упершыню выйшлі на літаратурную арэну, каб змагацца за свабоду і шчасце беларускага народа, якому яны прысвяцілі ўсё сваё жыццё...
К. Крапіва
Улетку 1912 года Якуб Колас упершыню сустракаецца з Янкам Купалам.
Пазваў мяне ў госці Якуб Колас. Грошай, як заўсёды, у мяне не было, каб наняць балагола, і я рашыў са станцыі Стоўбцы да вёскі ісці пехатой. Іду, іду, ужо і цямнець пачынае, кругом лес. Няма ў каго спытацца дарогі. Баяўся, што прыйдзецца ў незнаёмым вялікім лесе заначаваць, а тут і есці хочацца. Раптам павеяла вільгаццю, і я ўспомніў, што, па словах Якуба Коласа, Мікалаеўшчына стаіць на беразе Нёмана. Вось і пайшоў я ў гэтым напрамку...
Я. Купала
ПІСАЦЬ ДЛЯ ШЧАСЛІВАЙ ДЗЕТВАРЫ
Працягваючы цыкл выстаў пад агульнай назвай "У вянок песнярам", прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння знакамітых песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, аддзел беларускай літаратуры прадстаўляе чарговую выставу "Пісаць для шчаслівай дзетвары". Прадстаўлены кнігі нашых класікаў, напісаныя для дзяцей, выданні, прысвечаныя педагагічнай дзейнасці геніяльных творцаў.
КУПАЛАВЫ СЦЕЖКІ
7 ліпеня спаўняецца 125 год з дня нараджэння беларускага песняра, класіка нацыянальнай літаратуры, першага народнага паэта Беларусі, драматурга, публіцыста, грамадскага дзеяча Янкі Купалы (Луцэвіча Івана Дамінікавіча).
Працягваючы цыкл выстаў "У ВЯНОК ПЕСНЯРАМ", аддзел беларускай літаратуры прадстаўляе ўвазе карыстальнікаў бібліятэкі чарговую выставу цыкла – "КУПАЛАВЫ СЦЕЖКІ". На выставе – выданні твораў Янкі Купалы розных гадоў, новыя артыкулы з газет і часопісаў, кнігі пра жыццё і творчасць народнага паэта.
У кожнага – свой Купала...
У мяне ён – само Купалле,
само неўміручае свята
песень,
кветак,
кахання,
кастроў...
У кожнага – свой Купала...
У мяне ён – само змаганне,
сама неўміручая прага
свабоды,
годнасці,
праўды,
сяброў...
Еўдакія Лось
КРЫНІЦЫ НАТХНЕННЯ: КУПАЛА, КОЛАС, МАСТАЦТВА
Выстава "Крыніцы натхнення: Купала, Колас, мастацтва..." з цыкла "У вянок песнярам" да 125-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, размешчана ў аддзеле беларускай літаратуры.
Сёння нават цяжка пералічыць усе работы, створаныя прадстаўнікамі розных відаў мастацтва, прысвечаныя класікам ці створаныя па іх творах. Спадчына вялікіх паэтаў заўсёды натхняла творцаў, кожнае пакаленне па-свойму нанова адкрывае для сябе Купалу і Коласа.
На выставе – матэрыялы пра вобразы паэтаў у творчасці мастакоў, пра тэатральныя пастаноўкі, фільмы, песні, створаныя па творах класікаў ці прысвечаныя ім.
ВЕЛІЧ ПАМЯТНЫХ РАДКОЎ
3 лістапада спаўняецца 125 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, празаіка, драматурга і перакладчыка, крытыка і публіцыста, лінгвіста, вучонага, фалькларыста Якуба Коласа (Міцкевіча Кастуся Міхайлавіча).
Працягваючы цыкл выстаў "У вянок песнярам", аддзел беларускай літаратуры прапануе ўвазе карыстальнікаў бібліятэкі чарговую выставу цыкла – "ВЕЛІЧ ПАМЯТНЫХ РАДКОЎ". На выставе прадстаўлены выданні твораў Якуба Коласа розных гадоў, пачынаючы з 1939 года, кнігі на замежных мовах, электронныя выданні, цікавыя і змястоўныя артыкулы з газет і часопісаў пра жыццё і творчасць народнага песняра.
Каласавіны.
Юбілей
Святкуе Колас.
Гучыць у цішы
Між алей
Адвечны голас.
Спявае
"Новая зямля"
Бацькоўскім краем.
"Сымон-музыка",
Наш зямляк,
На скрыпцы грае.
Свой лёс
"На ростанях" дарог
Шукаюць людзі...
І знае, мабыць,
Толькі Бог,
Што заўтра будзе.
У. Мазго
ІМЁНАМІ СЛАВУТЫХ ПЕСНЯРОЎ...
Падыходзіць да завяршэння юбілейны год Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У гэтым годзе ў аддзеле беларускай літаратуры ладзіліся выставы і вечарыны, прысвечаныя славутым песнярам, супрацоўнікі аддзела наведалі родныя мясціны Якуба Коласа. Разам з нашымі чытачамі мы знаёміліся са шматлікімі матэрыяламі з газет і часопісаў пра жыццёвы і творчы шлях народных паэтаў. Гэту працу па прапагандзе творчасці класікаў беларускай літаратуры мы будзем працягваць і далей.
Прадстаўляем увазе карыстальнікаў бібліятэкі апошнюю выставу цыкла "У вянок песнярам" пра мясціны, звязаныя з "Імёнамі славутых песняроў". Акінчыцы, Альбуць, Мікалаеўшчына, Ласток, Вязынка, Ляўкі, Яхімоўшчына, Акопы...гэтых адрасоў шмат на Беларусі.