У кожнага народа ёсць імёны, веліч і значэнне якіх узрастае ад пакалення да пакалення. Веліч Янкі Купалы (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч), яго значэнне не толькі для нацыянальнай літаратуры, але і для культуры іншых народаў даўно прызнана ў свеце. Геніяльны паэт – найвялікшая таямніца, якую амаль немажліва разгадаць да канца.
(1882–1942)
Пясняр роднай зямлі, як называлі Я. Купалу, - нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і беззямельнага арандатара. Амаль сорак гадоў жыцця прысвяціў Янка Купала служэнню літаратуры. Творчую спадчыну пісьменніка складаюць вершы, паэмы, крытычныя працы, пераклады, п'есы. Сярод купалаўскіх паэм асаблівае месца займаюць рамантычныя паэмы "Курган", "Бандароўна", "Магіла льва", "Яна і я". А камедыя "Паўлінка" і драма "Раскіданае гняздо" адразу сталі класікай нацыянальнай драматургіі. Купала стаяў таксама ля вытокаў нацыянальнай публіцыстыкі і журналістыкі як самастойнай галіны літаратурнай дзейнасці. Першы ўдастоены звання народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941).
Колас Якуб, народны паэт Беларусі:
— Паэзія Янкі Купалы сваімі вытокамі выходзіць з глыбінь народнай творчасці. Яна насычае яго музу, дае ёй сапраўдную сілу народнага песняра-баяна і выводзіць яго на вяршыню паэтычнага майстэрства. Не з тэорыі паэзіі, не з кніжных крыніц чэрпае Купала чары сваёй паэзіі, а непасрэдна бярэ іх з самога жыцця, з назіранняў за ім, з чыстых крыніц народнай мудрасці, з светапогляду свайго народа, з прывабнага хараства беларускай прыроды. Гэтыя чары ён чуе ў песнях сваёй маці ў дні маленства, у шуме родных лясоў і гаёў.
Да 130-годдзя з дня нараджэння слыннага беларускага пісьменніка аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі падрыхтаваў цыкл выстаў пад назвай «І НЕ ЗМОЎКНУЦЬ НІКОЛІ Ў СВЕЦЕ КУПАЛАВЫ СЛОВЫ».
Справа прарока – праўдзівае слова: паэзія Янкі Купалы
Адлюстраваць усе зрухі душы...: Янка Купала – перакладчык
Гаючыя крыніцы: драматургічная спадчына Янкі Купалы
Карпатлівая праца над словам: мова твораў Купалы
Дайсці да Беларусі: аўтарскі канцэпт п'есы Я. Купалы "Раскіданае гняздо"
Купала, які глядзіць на нас...: вобраз паэта ў творах мастацтва
Як на свет радзіўся Янка...: біяграфія Я. Купалы
Словам Купалы натхнёныя: Я. Купала і тэатр
Тут – дыханне песняра: купалаўскія мясціны Беларусі
Такі ён быў: успаміны сучаснікаў пра Купалу
Купалава спадчына ў сусветным кантэксце: літаратурныя сувязі Купалы