«Як на свет радзіўся Янка…»
- Подробности
- Создано 27.07.2022 10:00
Да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы
У кожнага народа ёсць паэты-прарокі, якія сілай свайго таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і акрэсліваюць нацыянальную ідэнтычнасць, даючы духоўныя арыенціры не аднаму пакаленню. Яны прыносяць славу і пашану свайму народу і з цягам часу становяцца яго сімваламі. Найважнейшым для беларусаў стала імя Янкі Купалы.
Янка Купала (сапраўднае імя Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў сям'і арандатара ў невялікім фальварку Вязынка, што недалёка ад Мінска. На жаль, вельмі мала захавалася ўспамінаў пра маці і бацьку будучага народнага паэта. Вядома, што яны паходзілі са збяднелай шляхты. Род Луцэвічаў згадваецца яшчэ ў дакументах ХVІІ стагоддзя. Бацькі былі арандатарамі, свяёй зямлі не мелі, і таму дзіцячыя і юнацкія гады паэта прайшлі ў вандроўках. У Вязынцы яны пражылі мала.
Частыя змены месца жыхарства наклалі пэўны ўплыў на адукацыю пісьменніка. Ён займаўся ў вандроўных настаўнікаў, а ў 1898 годзе паспяхова скончыў Беларускае народнае вучылішча. Аднак у 1902 годзе ў Янкі Луцэвіча памірае бацька і на яго плечы кладзецца ўтрыманне сям'і. Малады паэт змяніў шмат месцаў працы, каб зарабіць грошы на жыццё. Працаваў пісарам у судовага следчага, хатнім настаўнікам, чорнарабочым і памочнікам вінакура на броварах, а ў вольную часіну пісаў вершы. Першыя лірычныя творы Купала напісаў у 1903–1904 гадах на польскай мове. Яны былі апублікаваныя ў часопісе «Ziarno». Увесь гэты час Янка актыўна займаецца самаадукацыяй. У 1905 годзе у газеце «Северо-Западный край» пад псеўданімам «Я. Купала» быў надрукаваны яго першы верш «Мужык» на роднай мове.
У 1908 годзе Янка Луцэвіч пераехаў у горад Вільню і ўладкаваўся на працу ў прыватную бібліятэку. Ён пачынае супрацоўнічаць з газетай «Наша Ніва», і праз некалькі гадоў становіцца яе рэдактарам-выдаўцом. Тут ён знаёміцца з вялікай колькасцю цікавых людзей, у тым ліку і са сваёй будучай жонкай Уладзіславай Станкевіч. У гэты час паэт піша мноства сваіх вядомых твораў: «Маладая Беларусь», «Заклятая кветка» і іншыя.
У 1909 годзе з марай аб вучобе Янка накіроўваецца ў горад Санкт-Пецярбург. І чатыры гады ён вучыцца на агульнаадукацыйных курсах Чарняева. Тут выходзяць першыя зборнікі яго вершаў – «Жалейка», «Гусляр» і «Шляхам жыцця». З 1908 да 1913 гг. былі напісаны самыя значныя творы Купалы, у тым ліку паэмы «Курган», «Сон на кургане», «Бандароўна», «Магіла льва», драма «Раскіданае гяздо» і неўміручая «Паўлінка».
Знаходзячыся далёка ад Радзімы, Янка Купала сумаваў па Беларусі і заўсёды з нецярпеннем чакаў летніх канікулаў. Кожнае лета паэт прыязжаў у Беларусь, да сваёй маці і сясцёр, якія жылі на хутары Акопы на Лагойшчыне. Тут было напісана больш за 80 вершаў, а таксама паэмы і п'есы.
У 1915 годзе Янка Купала паступіў у Маскоўскі гарадскі народны ўніверсітэт імя Шаняўскага. Тут жа вучылася і Уладзіслава Станкевіч. У хуткім часе маладыя павянчаліся. Праз тыдзень пасля вянчання Янку прызвалі на вайсковую службу. Служба праходзіла ў Мінску, Полацку, Смаленску.
У 1919 годзе паэт стала пасяліўся ў Мінску. Працаваў у Наркамаце асветы, сакратаром часопіса «Вольны сцяг», у Інстытуце беларускай культуры, удзельнічаў у літаратурным жыцці краіны, клапаціўся пра маладое пакаленне. У 1925 годзе яму надалі ганаровы тытул «Народны паэт Беларусі», абралі акадэмікам. Аж да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Купала ўзмоцнена стварае новыя творы, нягледзячы на ўсе перашкоды, што ўзводзяцца на яго шляху. Выходзяць паэтычныя зборнікі «Спадчына» (1922), «Безназоўнае» (1925), «Адцвітанне» (1930), «Песня будаўніцтву» (1936) і іншыя.
На стромкім беразе Дняпра, ва ўрочышчы Ляўкі на Аршаншчыне, знаходзілася Купалава дача. Яе падараваў урад ад імя беларускага народа да 30-годдзя творчай дзейнасці паэта. Кожнае лета ён прыязжаў з сям'ёю сюды адпачываць. Тут быў напісаны Ляўкоўскі цыкл вершаў. У час ваеннага ліхалецця гэта месца стала апошнім прытулкам Янку Купалу на Беларусі. 30 чэрвеня 1941 года ён развітаўся з Дняпром і выехаў у Маскву, адтуль у Татарыю.
Пасля пачатку вайны творчы талент пісьменніка быў накіраваны на стварэнне публіцыстычных антыфашысцкіх твораў. Пісаў ён і вершы на ваенную тэматыку, але вялікім поспехам яны не карысталіся. Галоўны верш ваеннага перыяду – «Беларускім партызанам». А вось публіцыстычныя творы Купалы друкаваліся ў газетах «Чырвоная зорка», «Известия», «Правда» ды іншых.
У чэрвені 1942 года паэт трагічна загінуў.
Беларускі народ захоўвае ў сэрцы і памяці імя свайго Песняра. Купалаўцамі сёння з гонарам называюць сябе артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ў Мінску. Купалаўцы-навукоўцы аб'яднаны ў Інстытуце літаратуры пры Нацыянальнай акадэміі навук. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт носіць імя Янкі Купалы. Імем народнага песняра названы калгасы і саўгасы, бібліятэкі і школы нашай краіны. Ёсць паркі, скверы, музеі паэта. Вялікая колькасць вуліц і завулкаў у розных гарадах і вёсках Беларусі названы ў гонар Янкі Купалы, на дамах, дзе ён жыў усталяваны мемарыяльныя дошкі. Наогул, імя нашага паэта даўно сягнула за межы Беларусі. Школы, бібліятэкі, вуліцы з Купалаўскім імем ёсць у розных гарадах свету.
Гніламёдаў, У. В. Янка Купала: жыццё і творчасць / У. В. Гніламёдаў. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 252 с. У кнізе асвятляюцца жыццё і творчая спадчына Янкі Купалы – ад першых вершаў і паэм да апошніх выступленняў. |
|
Клейнбарт, Л. М. Сустрэчы. Янка Купала = Встречи. Янка Купала : [да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, 145-годдзя з дня нараджэння Л. М. Клейнбарта] / Л. М. Клейнбарт ; уклад.: Н. В. Саевіч [і інш.] ; пад навук. рэд. А. Р. Ляшковіч ; пер. з рускай мовы А. М. Карлюкевіча. – Мінск : Звязда, 2021. – 352 с. – (Адрасы Беларусі ў свеце). У кнізе змешчаны ўспаміны пісьменніка, крытыка, публіцыста, журналіста Л. М. Клейнбарта, прысвечаныя Янку Купалу. Гэта вынік крапатлівай працы па вывучэнні, сістэматызацыі, і ўвядзенні ў навуковы абарот матэрыялаў, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. |
|
Ліпскі, У. С. Янкаў вянок: дзецям пра Янку Купалу / У. С. Ліпскі. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2009. – 222 с. Ёмісты і аб'ектыўны аповед для дзяцей пра Янку Купалу, яго радавод, нялёгкае жыццё і ўзнёслую, прарочую творчасць. |
|
Філіповіч, Д. Л. Янка Купала : для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту / Д. Л. Філіповіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2017. – 67 с. – (Беларуская дзіцячая энцыклапедыя). Кніга прысвечана народнаму паэту Беларусі Янку Купалу. На яе старонках чытач знойдзе шмат цікавых фактаў, якія звязаны з жыццём і творчасцю вялікага песняра. У выданні выкарыстаны матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: рукапісы вершаў, фатаграфіі, мастацкія работы, ілюстрацыі да твораў паэта, а таксама практычныя творчыя заданні. |
|
Янка Купала. Для тых, якіх люблю: успаміны, эсэ, вершы, паэмы, п'еса / уклад. В. Шніпа. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 318 с. У кнігу ўвайшлі ўспаміны і эсэ пра Песняра беларускай зямлі Янку Купалу, напісаныя ягонымі сучаснікамі і даследчыкамі літаратуры, а таксама вядомыя творы класіка беларускай літаратуры. |
|
Янка Купала : энцыклапедыя : [у 3 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2017— . Энцыклапедыя асвятляе жыццёвы і творчы шлях класіка беларускай літаратуры, аналізуе яго паэтычныя, празаічныя, публіцыстычныя, драматургічныя творы, іх змест, літаратурна-мастацкія якасці, умовы падрыхтоўкі, распавядае аб краінах і гарадах, якія наведаў Янка Купала, уключае біяграфіі людзей, з якімі ён быў звязаны па жыцці ці якія аказалі ўплыў на яго творчасць. Раскрываецца вобраз народнага песняра ў беларускім кіна- і тэатральным мастацтве, жывапісе, літаратуры. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Бармоціна, А. Луцэвічы і Луцкевічы: драма жыцця і творчасці / А. Бармоціна // Беларуская думка. – 2020. – № 6. – С. 96–99.
2. Бельскі, А. «Душа мне і шэпча, і плача...»: экзістэнцыйнае светаадчуванне Янкі Купалы / А. Бельскі // Роднае слова. – 2022. – № 7. – С. 28–31.
3. Ваданосава, Ф. «Мне сняцца сны аб Беларусі...»: таямніца смерці Янкі Купалы / Ф. Ваданосава // Роднае слова. – 2012. – № 6. – С. 84–87.
4. Галоўка, С. А. Віленскія нягоды і трыумфы Песняра / С. Галоўка // Беларуская думка. – 2020. – № 5. – С. 50–59.
5. Гніламёдаў, У. В. Янка Купала: жыцце і творчасць / У. В. Гніламёдаў. – Минск : Беларуская навука, 2002. – 238 с.
6. Колас, Г. Карані міфаў: жыццё і творчасць Янкі Купалы / Г. Колас. – Минск : БГАКЦ, 1998. – 348 с.
7. Лойко, О. А. Янка Купала / О. А. Лойко ; авториз. пер. с белорус.: Г. Бубнова, И. Бурсова ; предисл. И. Шамякина. – Москва : Молодая гвардия, 1982. – 351 с. – (Жизнь замечательных людей. Серия биографий).
8. Любімы паэт беларускага народа / рэд. І. Грамовіч ; склад.: І. Жыдовіч, У. Луцэвіч. – Мінск : Выд-ва Акадэміі навук БССР, 1960. – 259 с.
9. Песні беларускай валадар: да 100-годдзя Янкі Купалы : зборнік артыкулаў / рэдкал.: А. А. Лойка [і інш.]. – Мінск : Выд-ва БДУ імя У. І. Леніна, 1981. – 168 с.
10. Рысы біяграфіі // Янка Купала: жыцце і творчасць / У. В. Гніламёдаў. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – С. 7–11.
11. Сабуць, А. «Жыў беларус – і будзе жыць!»: Купалавым шляхам жыцця / А. Сабуць // Роднае слова. – 2019. – № 3. – С. 12–13.
12. Юрэвіч, У. М. Янка Купала: нарыс жыцця і творчасці / У. М. Юрэвіч. – Мінск : Народная асвета, 1983. – 207 с. – (Народныя пісьменнікі БССР).
13. Янка Купала : апавяданне ў малюнках / аўт. тэксту А. Міраславіч. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2007. – 24 с. – (Славутыя імёны).
14. Ярош, М. Р. Пясняр роднай зямлі: жыццё і творчасць Янкі Купалы / М. Р. Ярош. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 341 с.