Веліч памятных радкоў
- Подробности
- Создано 21.06.2022 14:00
Вялікая Айчынная вайна ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа
Вялікая Айчынная вайна – цяжкае гістарычнае выпрабаванне, якое выпала на долю беларускага народа. Ужо ў першыя дні вайны прагучаў палымяны заклік Янкі Купалы і Якуба Коласа да барацьбы з гітлераўскім фашызмам. У гэты перыяд пісьменнікі плячо да пляча ішлі дарогамі вайны разам са сваім народам, былі песнярамі барацьбы і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Іх творчасць увасобіла розум, сэрца і веру народа. Лірыка народных паэтаў злілася з публіцыстыкай у самым яе высокім, грамадзянскім разуменні. Пісьменнікі звярталіся да жанру паслання, заклікання, верша-закліку («Зноў будзем шчасце мець і волю», «Паўстаў народ» Я. Купалы; «Маскве», «Бацьку Мінаю», «Байцам і камандзірам Чырвонай Арміі» Я. Коласа). Паэзія Я. Купалы і Я. Коласа заставалася аптымістычнай, прасякнутай верай у перамогу ў самыя цяжкія для народа дні. Іх артыкулы-заклікі і вершы, такія як «Беларускім партызанам» Я. Купалы або «Голас зямлі» Я. Коласа атрымалі шырокае распаўсюджанне ў партызанскіх атрадах, былі на ўзбраенні беларускага народа.
Сатырычна-выкрывальныя і ўслаўленча-заклікальныя творы пастаянна друкаваліся на першых старонках франтавых выданняў, былі скіраваны на падтрыманне ў чалавека пачуццяў патрыятызму і нянавісці да акупантаў. Публіцыстычныя артыкулы пісьменнікаў прасякнуты такімі сардэчнымі хваляваннямі, такой любоўю да Радзімы, што гучалі як лірычныя маналогі, насычаныя паэтычнымі вобразамі.
Янка Купала ў першыя гады вайны напружана працаваў і як паэт, і як публіцыст. Выступаў з вершамі і ўсхваляванымі артыкуламі. Паэтычная спадчына Я. Купалы ваенных гадоў нешматлікая – ім напісана некалькі вершаў: «Хлопчык і лётчык на вайне», «Грабежнік», «Дзесяць асінавых колляў» і інш., дзе ён з гневам і нянавісцю выкрываў фашысцкіх захопнікаў. Лірычнае гучанне, патрыятычная ўзнёсласць, аўтарская эмацыянальнасць дасягаюцца за кошт пералічэння ратных подзвігаў нашага народа ва ўсе перыяды яго гісторыі. У ваенны час надзвычай яскрава раскрыўся і талент Купалы-публіцыста. Ён адчуваў патрэбу выступаць з публіцыстычнымі артыкуламі, пафасам якіх быў заклік да барацьбы за свабоду Айчыны. Ужо назвы артыкулаў сведчаць пра іх змест: «Партызанскі ўдар», «Узнялася Беларусь», «Народная вайна», «Кліч да беларускага народа» і інш. Публіцыстыка Купалы надзвычай паэтычная, вобразная, шырока выкарыстоўваюцца тыя прыёмы і спосабы мастацкага адлюстравання, якія вельмі часта сустракаюцца ў вершах і паэмах. У артыкулах пра партызанскі рух на Беларусі вызначаны ўсенародны характар вайны, паказаны масавы гераізм, трываласць тылу і маральная стойкасць партызан.
Творчасць Якуба Коласа ваеннага перыяду – гэта ўсё, што пражыта народам за гады вайны. Гэта сапраўдны голас народа, які вёў смяротную барацьбу з ворагам. Палымяныя вершы перыяду Вялікай Айчыннай вайны носяць не толькі адбітак журбы, смутку і спачування роднай зямлі, але падтрымліваюць і ўзмацняюць веру ў непазбежную перамогу. Якуб Колас з вялікай шчырасцю, проста і задушэўна расказваў у сваіх творах пра пакуты свайго народа, пра яго мужнасць і гераізм, ствараючы вобраз непакаронай Беларусі, якая мужна змагаецца з захопнікамі. Побач з лірычнымі вершамі паэт пісаў і сатырычныя творы, якія на той час былі актуальнымі: «Смерць разбойнікам», «Крумкачы», «Фашысцкім бандытам». Свае адметныя рысы мае і Коласава публіцыстыка ваеннай пары. Пісьменнік балюча перажываў трагедыю, невымерныя пакуты народа, незлічоныя людскія страты, разбурэнні, прынесеныя вайной і акупацыяй. Тагачасныя артыкулы Я. Коласа прасякнуты сілай патрыятычнага натхнення, баявым пафасам. Крыніцай глыбокага патрыятычнага пафасу артыкулаў сталі незлічоныя прыклады гераізму простых савецкіх людзей. Мужнасць воінаў-франтавікоў, героіка партызанскай вайны, гнеўны праклён акупантам, вера ў непазбежнасць перамогі над фашысцкімі захопнікамі – вось змест выступленняў Я. Коласа ў друку, на мітынгах, у зваротах на радыё: «На бітву, браты-беларусы!», «Злачынцы суда не мінуць», «Набліжаецца час расплаты» і інш. Непахісным аптымізмам савецкіх людзей і іх упэўненасцю ў перамозе над ворагам прасякнуты паэмы Якуба Коласа «Адплата» і «Суд у лесе». У іх паэт звяртаецца да тэмы партызанскай барацьбы беларускага народа.
Творы Янкі Купалы і Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны нясуць чытачу веліч і боль беларускага народа за свабоду і незалежнасць, веру ў перамогу над фашызмам, у духоўныя сілы народа, які ўступіў у барацьбу з ворагам.
Гніламёдаў, У. В. Янка Купала: жыццё і творчасць / У. В. Гніламёдаў. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 252 с. У кнізе асвятляюцца жыццё і творчая спадчына Янкі Купалы – ад першых вершаў і паэм да апошніх выступленняў. |
|
Жыгоцкі, М. Р. Прыйшоў у жыццё дзеля нас: нататкі пра лёс і творчасць Якуба Коласа / М. Жыгоцкі. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2015. – 152 с. Чарговая кніга Міколы Жыгоцкага ўяўляе сабой папулярны біяграфічны нарыс, які складаецца з невялікіх літаратурных аповедаў, пачынаючы ад вытокаў і да апошніх дзён жыцця Якуба Коласа. Яна насычана цікавымі звесткамі і фактамі, істотна пашырае ўяўленне пра асобу Коласа як чалавека, яго сямейны асяродак, захапленні, клопаты, заняткі, улюбёныя мясціны, творчыя кантакты. Аўтарам выкарыстаны архіўныя і музейныя матэрыялы, успаміны пісьменнікаў, землякоў, родных. |
|
Колас, Я. Збор твораў : у 20 т. / Я. Колас. – Мінск : Беларуская навука, 2010. – Т. 10 : Паэмы «Рыбакова хата», «Суд у лесе», «Адплата». – 597 с. У дзясяты том збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа ўвайшлі паэмы «Суд у лесе» і «Адплата», напісаныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і прысвечаныя партызанскай барацьбе беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. |
|
Купала, Я. Вершы. Паэмы. П'есы / Я. Купала. – Мінск : Харвест, 2007. – 704 с. – (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі). Дадзены збор твораў уключае ўсе вядомыя вершы, паэмы, і п'есы народнага паэта Беларусі, у тым ліку перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У аснову выдання пакладзены храналагічны прынцып, што дазваляе прасачыць станаўленне творчай індывідуальнасці Янкі Купалы. |
|
Мушынскі, М. Мае Каласавіны: з вопыту вывучэння літаратурнай і грамадска-культурнай дзейнасці Якуба Коласа / М. Мушынскі ; навук. рэд. М. А. Тычына. – 2-е выд., выпр. і дап. – Мінск : Беларуская навука, 2016. – 418 с. У кнізе прадстаўлена шматгранная літаратурная спадчына Якуба Коласа, якая разглядаецца як мастацка-духоўны складнік грамадскага жыцця на сучасным этапе, даследуюцца недастаткова вывучаныя аспекты яго творчасці. У зборнік уключаны даклады і выступленні, артыкулы, звязаныя з літаратурнай творчасцю пісьменніка. Зроблена спроба ўдакладніць ранейшыя ацэнкі шэрагу твораў. |
|
Ярош, М. Р. Пясняр роднай зямлі: жыццё і творчасць Я. Купалы / М. Р. Ярош ; прадм. В. П. Жураўлёва. – 2-е выд. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 341 с. У кнізе падрабязна праследжваецца жыццёвы і творчы шлях народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Даследаванне грунтуецца на багатым фактычным матэрыяле, пачэрпнутым з друкаваных крыніц і архіваў, на дэталёвым аналізе купалаўскай творчасці. Паказваецца яе цесная сувязь з жыццём, рост паэтычнага майстэрства, вялікі ўплыў Купалы на развіццё беларускай літаратуры і культуры. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Гісторыя беларускай літаратуры: стан і перспектывы даследавання: да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 15–16 лістапада 2017 года) / уклад. Н. В. Якавенка ; навук. рэд. І. В. Саверчанка ; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]. – Мінск : Права і эканоміка, 2017. – 400 с.
2. Жураўлёў, В. Гуманістычная ідэя як матыў учынку чалавека на вайне: на прыкладах твораў Якуба Коласа і Янкі Купалы / В. Жураўлёў // Роднае слова. – 2006. – № 5. – С. 8–11.
3. Жыгоцкі, М. Сіла праўды: слова пра ваенную публіцыстыку Якуба Коласа / М. Жыгоцкі // Беларуская думка. – 2008. – № 5. – С. 78–81.
4. Жыгоцкі, М. Якуб Колас і легендарны дзед Талаш : нарысы / М. Жыгоцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. – 254 c.
5. Жыгоцкі, М. У суровыя гады ваеннага ліхалецця / М. Жыгоцкі // Полымя. – 2009. – № 12. – С. 148–163.
6. Жыдовіч, І. К. Янка Купала – публіцыст / І. К. Жыдовіч. – Мінск : Выдавецтва БДУ, 1972. – 198 с. – (Беларускія публіцысты).
7. Казлова, В. У агні Вялікай Айчыннай / В. Казлова // Полымя. – 2007. – № 7. – С. 119–122.
8. Казлова, В. Эпісталярная спадчына Якуба Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны / В. Казлова // Полымя. – 2007. – № 11. – С. 97–102.
9. Клімуць, Я. Перапіска Якуба Коласа з Петрусём Броўкам і Пятром Глебкам часу вайны / Я. Клімуць // Краязнаўчая газета. – 2012. – 7 чэрв. – С. 4.
10. Мушынскі, М. І. Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа / М. І. Мушынскі. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 1126 с.
11. Па дарогах вайны // Пясняр роднай зямлі: жыццё і творчасць Янкі Купалы / М. Р. Ярош. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – С. 314–331.
12. Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны / уклад., прадм. і камент. А. І. Бельскага ; навук. рэд. Я. А. Гарадніцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2020. – 829, [1] с. – (Залатая калекцыя беларускай літаратуры : у 50 т., т. 19).
13. Песні беларускай валадар / рэдкал.: А. А. Лойка [і інш]. – Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1981. – 168 с.
14. Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сістэме дзяржаўна-культурных і духоўна-эстэтычных прыярытэтаў XXI стагоддзя : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа (Мінск, 25–26 верасня 2012 года) / рэдкал.: А. А. Манкевіч [і інш.]. – Мінск : Права і эканоміка, 2012. – 239 с.
15. Шамякіна, М. В. Ваенная лексіка ў аповесці Якуба Коласа «Дрыгва» / М. В. Шамякіна // Гісторыя беларускай літаратуры: стан і перспектывы даследавання: да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 15–16 лістапада 2017 года) / уклад. Н. В. Якавенка ; навук. рэд. І. В. Саверчанка ; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]. – Мінск : Права і эканоміка, 2017. – С. 98–102.