Высокае неба ідэала
- Подробности
- Создано 15.01.2021 08:30
Высокае неба ідэала
Паэзія Анатоля Вярцінскага
Анатоль Ільіч Вярцінскі – адзін з таленавітых прадстаўнікоў беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Драматург, перакладчык, крытык, журналіст, ён заўсёды сцвярджаў сваёй творчасцю сілу верша, у якім думка і эмоцыя існуюць у цеснай садружнасці, узаемапранікненні.
Паэт адносіцца да так званай «інтэлектуальна-філасофскай паэзіі», з'яўляецца прыхільнікам высокага, засяроджанага на маральна-этычных праблемах, а гэта значыць – агульначалавечага па змесце мастацтва, якое грунтуецца на філасофскай творчасці, культывуе найперш думку, а затым – пачуццё.
Мастацкая мадэль свету ў паэзіі А. Вярцінскага грунтуецца на ідэі пераважнасці дабра і чалавечнасці, усёперамагаючай любові, увагі і павагі да чалавека, якая разам з тым павінна самаўдасканальвацца і арганізоўваць жыццё па прынцыпах справядлівасці, разумнай мэтазгоднасці і высокай духоўнасці.
Анатоль Вярцінскі адметны сваёй творчай манерай, спосабам паэтычнага выказвання думак і пачуццяў. Паэзію ён разглядае як адну з цудоўных магчымасцей раскрыць глыбінны сэнс жыцця. Для яго твораў характэрны яскрава выказаныя думкі, выразна сфармуляваныя высновы, пытанні, у значнай ступені характэрна выражэнне інтэлектуальнага пачатку. Між тым у вершах паэта пачуццёвасць, лірычная шчырасць і пранікнёнасць гарманічна спалучаюцца з рацыянальным бокам. Публіцыстычная вастрыня праблематыкі ў А. Вярцінскага часта паглыбляецца і адцяняецца шматзначнай тонкай іроніяй, гульнёй слова.
Свет людзей, іх лёсы і ўзаемаадносіны – вось што ў першую чаргу хвалюе і захапляе А. Вярцінскага. Выяўляючы якую-небудзь рэч матэрыяльнага свету, ён бачыць за ёй перш за ўсё чалавека. Паэт разважае пра самыя, здавалася б, простыя і будзённыя рэчы і з'явы, з якімі чалавек сустракаецца кожны дзень. Пры гэтым яго вершы звычайна пазбаўлены асаблівых «упрыгажэнняў» у выглядзе яскравых метафар, параўнанняў і г. д. У якасці паэтычных вобразаў у іх могуць выкарыстоўвацца нават навуковыя тэрміны. Аднак увагу чытача прыцягвае сам характар разважанняў паэта, непасрэднасць яго размовы, шчырасць выказвання сваіх адчуванняў.
Актыўнае стаўленне да жыцця самога аўтара і яго лірычнага героя выразна раскрываецца ў паэзіі А. Вярцінскага. Паэт сцвярджае, што чалавек павінен тварыць жыццё «любоўю, справай дзейнай / ды словам, што ад справы неаддзелена», «надзеяй, праўдай, мужным парываннем, / высакародным, дружным намаганнем...». У кожнага чалавека павінна быць сваё «высокае неба ідэала», якое ў цяжкі час вяртае ўсмешку, мудрасць і сілы.
Паэзія Анатоля Вярцінскага – гэта «паэзія думкі». Яна прываблівае сваёй надзённасцю, сацыяльнай значнасцю тэм і матываў, завостранасцю маральна-этычных крытэрыяў, увагай да жыцця з яго канфліктамі і пераадоленнямі, праўдай перажыванняў, іх драматызмам, чалавекалюбствам. Паэт не стамляецца вучыць чалавечнасці, патрабаваць высокамаральнага і сумленнага стаўлення да жыцця, выкарыстоўваючы напрацаваны тысячагоддзямі духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, старажытных міфаў і філасофскіх канцэпцый, архетыпы і мастацкія сімвалы фальклору і літаратуры.
Мастацкая манера Анатоля Вярцінскага – вынік творчай эвалюцыі паэта, сведчанне высокай культуры яго паэтычнага мыслення, якое звернута на даследаванне філасофскага вобраза сучаснасці. У сваёй творчасці А. Вярцінскі імкнецца выкарыстоўваць розныя жанры паэзіі: ён піша оды, байкі, прытчы, вершы-прысвячэнні і нават стварае новы жанр – прозу паэзіі, для якога характэрны свабодны пераход ад вершаванай да празаічнай мовы. Аднак на дасягнутым паэт не спыняецца.
Анатоль Ільіч Вярцінскі – дастойны пераемнік і прадаўжальнік традыцый грамадзянскай паэзіі нацыянальнай літаратуры, якія так выразна прасочваюцца ў творчасці Францішка Багушэвіча, пазней – у спадчыне Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка і інш. Яго паэзія – сапраўднае свята інтэлекту і спеў чалавечнасці.
Вярцінскі, А. І. Песня пра хлеб : вершы і паэма / А. І. Вярцінскі. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1962. – 67 с. «Песня пра хлеб» – першы паэтычны зборнік А. Вярцінскага. Яе складаюць лірычныя вершы аб працоўных буднях хлебароба, простага працоўнага чалавека, а таксама невялічкая паэма. |
|
Вярцінскі, А. І. Тры цішыні : вершы / А. І. Вярцінскі. – Мінск : Беларусь, 1966. – 127 с. «Тры цішыні» – другая па ліку кніга А. Вярцінскага. У яе ўвайшлі вершы, якія былі напісаны паэтам за перыяд 1963–1966 гг. |
|
Вярцінскі, А. І. Чалавечы знак : вершы і паэмы / А. І. Вярцінскі. – Мінск : Беларусь, 1968. – 127 с. У кнізе вершаў і паэм «Чалавечы знак» А. Вярцінскі застаецца верным сваёй творчай манеры і асноўнай тэме – сцвярджэнню чалавека ў чалавеку. |
|
Вертинский, А. Возвращение : стихи / А. Вертинский ; перевод с белорусского Г. Куренёва. – Москва : Советский писатель, 1969. – 80 с. «Возвращение» – першы зборнік паэзіі А. Вярцінскага, які быў выдадзены ў перакладзе на рускую мову. У яго ўвайшлі вершы, якія былі напісаны аўтарам за перыяд 1966–1969 гг. |
|
Вярцінскі, А. І. З'яўленне : вершы і паэмы / А. І. Вярцінскі. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1975. – 110 с. Творы, якія ўвайшлі ў кнігу «З'яўленне», расказваюць пра ўзаемаадносіны чалавека з прыродай, чалавека з чалавекам. Чытачы знойдуць у кнізе і лірычныя вершы, і гумарыстычныя творы. |
|
Вярцінскі, А. І. Час першых зорак : вершы / А. І. Вярцінскі. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1976. – 111 с. Гэтую кнігу аўтар адрасуе юнаму чытачу, якога на парозе заканчэння школы хвалююць многія пытанні жыцця нашага часу. |
|
Вярцінскі, А. І. Ветрана : кніга паэзіі / А. І. Вярцінскі ; мастак Ю. Зайцаў. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1979. – 142 с. У кнігу паэзіі «Ветрана» ўвайшлі вершы пра тое, што непасрэдна перажыта, заўважана, асэнсавана паэтам: гэта лірычны роздум пра сённяшні дзень, пра маральныя каштоўнасці жыцця, пра шчасце і каханне, пра складаныя ўзаемаадносіны ўнутранага і вонкавага свету чалавека. |
|
Вярцінскі, А. Святло зямное : выбраныя вершы і паэмы / А. Вярцінскі. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1981. – 430 с. У зборнік «Святло зямное» ўвайшлі лепшыя вершы паэта з кніг «Песня пра хлеб», «Чалавечы знак», «З'яўленне», «Ветрана». |
|
Вертинский, А. Вечный восход : стихи и поэмы : авторизованный перевод с белорусского / А. Вертинский. – Москва : Советский писатель, 1982. – 159 с. У гэтай кнізе сабраны лепшыя пераклады твораў А. Вярцінскага розных гадоў. |
|
Вярцінскі, А. Хлопчык глядзіць... : выбраныя вершы і паэмы / А. Вярцінскі ; маст. У. І. Сытчанка. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1992. – 318 с. Творам, якія ўвайшлі ў аднатомнік вядомага беларускага паэта Анатоля Вярцінскага, уласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, услаўленне духоўнай велічы чалавека, маральных каштоўнасцей жыцця. |
|
Вярцінскі, А. Жыцьмем. Вершы і паэмы / А. Вярцінскі. – Мінск : Кнігазбор, 2012. – 122 с. – (Кнігарня пісьменніка). У кнігу паэзіі Анатоля Вярцінскага «Жыцьмем» увайшлі вершы 1997–2011 гг., якія, за некаторым выключэннем, не ўваходзілі ў асобныя выданні. Другі раздзел склалі малавядомыя паэмы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. |
|
Вярцінскі, А. Тым часам... : вершы, эсэ, публіцыстыка / А. Вярцінскі. – Мінск : Кнігазбор, 2020. – 208 с. Кніга, якая складаецца з трох раздзелаў (вершаванага, эсэістычнага і публіцыстычнага), раскрывае тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных філасофскіх і сацыяльных вымярэннях. |
|
Вярцінскі, А. Асобныя радкі розных гадоў / А. Вярцінскі. – Мінск : Галіяфы, 2010. – 101 с. Зборнік, як сама назва гаворыць, сабраў пад адной вокладкай вершы розных гадоў, асобныя радкі, якія складаюцца ў цэласць. Гэтае ўнікальнае паэтычнае выданне рэкамендуецца для шырокага кола чытачоў. Нават той, хто раней не быў знаёмы з творчасцю паэта, праз адзін гэты томік можа пазнаць і, напэўна, закахацца ў чысціню лірычнага слова, глыбіню думак і пачуццяў. Паэзія Анатоля Вярцінскага панадчасовая, панадузроставая. |
|
Вярцінскі, А. Выбраныя творы / А. Вярцінскі ; прадмова В. Русілкі. – Мінск : Кнiгазбор, 2009. – 528 с. – (Беларускi кнiгазбор). Кнігу склалі найбольш значныя выбраныя творы Анатоля Вярцінскага: вершы, паэмы, міфалагічная драма, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, эсэ. Яны даюць належнае ўяўленне пра творчы шлях і грамадскую дзейнасць аўтара, пра асаблівасці яго паэтыкі, мастацкага стылю, яго ідэйна-эстэтычнае і маральнае крэда. |
|
Беларуская літаратурная спадчына : анталогія : у 2 кн. / уклад. П. М. Лапо [і інш.]. – Мінск : «Беларуская навука», 2011. – Кн. 2. – 944 с. У другой кнізе анталогіі прадстаўлены творы беларускай літаратуры XX – пачатку XXI стст., пададзены кароткія звесткі пра жыццё і творчасць аўтараў. Сярод іх: Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Іван Шамякін і інш. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Атакуючыя рытмы // Узрушанасць : артыкулы пра сучасную беларускую паэзію / Я. Шпакоўскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – С. 91–102.
2. Бароўская, І. А. «Асобны мацярык нацыянальнай паэзіі» Анатоля Вярцінскага / І. А. Бароўская // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3, Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. – 2017. – № 2. – С. 28–35.
3. Баўтрэль, І. Г. Непаўторнасць таленту : колькі слоў пра паэзію Анатоля Вярцінскага / І. Г. Баўтрэль // Роднае слова. – 2011. – № 11. – С. 5–8.
4. Бельскі, А. І. Беларуская літаратура на сучасным этапе (з сярэдзіны 1980-х гадоў) / А. І. Бельскі, Я. А. Гарадніцкі, М. А. Тычына // Беларуская мова і літаратура. – 2009. – № 3. – С. 6–19.
5. Бутэвіч, А. Паэтычнае даўгалецце Анатоля Вярцінскага : з нагоды 85-годдзя паэта / А. Бутэвіч // Краязнаўчая газета. – 2016. – № 43 (лістап.). – С. 3.
6. Бярозкін, Р. «Каб перадаць само гарэнне» / Р. Бярозкін // Маладосць. – 1973. – № 10. – С. 145–150.
7. Вершы мае – пісьмы // Ля аднаго вогнішча : літаратурна-крытычныя артыкулы / У. В. Гніламёдаў ; маст. А. М. Малышава. – Мінск : Юнацтва, 1984. – С. 92–102.
8. Гоўзіч, І. М. Стыль Анатоля Вярцінскага як адметная мастацкая сістэма / І. М. Гоўзіч // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : матэрыялы навуковай канферэнцыі, 24 кастрычніка 2001 года, Гродна, Рэспубліка Беларусь / рэдкал. : У. І. Каяла [і інш.].. – Гродна, 2002. – С. 184–189.
9. Да «Высокага неба ідэала» // Крылы рамантыкі : рамантычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай паэзіі / Т. К. Чабан. – Мінск : Навука і тэхніка, 1982. – С. 159–170.
10. Лайкоў, У. Чалавечы знак паэзіі Анатоля Вярцінскага / У. Лайкоў // Літаратура і мастацтва. – 2016. – 18 лістап. – С. 11.
11. На аснове чалавечай роднасці // Прад высокаю красою... : літаратурна-крытычныя артыкулы / В. Л. Бечык. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – С. 89–107.
12. Пацюпа, Ю. Магія паўтору : роздум над паэтыкай Анатоля Вярцінскага / Ю. Пацюпа // Роднае слова. – 2006. – № 11. – С. 89.
13. Пераадоленне // Паэзія і час : літаратурна-крытычныя артыкулы, творчыя партрэты / А. Лойка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. – С. 202–211.
14. Русілка, В. Вучыць чалавечнасці: штрыхі да літаратурнага партрэта Анатоля Вярцінскага / В. Русілка // Полымя. – 1997. – № 5. – С. 259–274.
15. Сіпакоў, Я. Высокае неба яго ідэала / Я. Сіпакоў // Роднае слова. – 2006. – № 11. – С. 87–88.