Беларусь – гэта цэлы сусвет у Сусвеце
- Подробности
- Создано 25.09.2020 08:30
Беларусь – гэта цэлы сусвет у Сусвеце
Экранізацыя твораў Уладзіміра Караткевіча
Твораў беларускай літаратуры, пакладзеных на мову кіно, даволі многа. І асаблівае месца ў гэтым спісе займае экранізацыя спадчыны Уладзіміра Караткевіча. Сам Уладзімір Сямёнавіч казаў, што «раман прачытаюць дзясяткі тысяч – стужку паглядзяць мільёны».
Уладзіміра Караткевіча даследчыкі і пісьменнікі называюць феноменам у літаратуры. Пачаўшы свой шлях з паэзіі, узнёсла-метафарычных апавяданняў, заняўшы своеасаблівае месца ў прозе, рамантык з няўтольнай прагай пазнаваць і даследаваць не мог не дакрануцца і да кіно. Ён паступіў на Вышэйшыя сцэнарныя курсы і атрымаў дыплом прафесійнага кінадраматурга. Для кіно пісаў спачатку дыктарскія тэксты і сцэнарыі дакументальных і навукова-папулярных фільмаў.
Супрацоўніцтва Уладзіміра Караткевіча з кінематографам пачалося з экранізацыі яго тэлефільмаў-спектакляў: «Млын на Сініх Вірах» (1959 г., рэж. В. Карпілаў), «Званы Віцебска» (1974 г., рэж. В. Мазынскі), «Сіняя-Сіняя» (1980 г., рэж. Н. Арцімовіч), «Калыска чатырох чараўніц» (1992 г., сцэн.-рэж. Л. Тарасава), «Лісце каштанаў» (1981 г., рэж. У. Забэла), «Кніганошы» (1987 г., сцэн.-рэж. У. Траццякоў), «Ладдзя роспачы» (1981 г., рэж. Л. Тарасава; мультфільм – 1987 г., рэж. А. Белавусаў), кінафільмаў: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967–1989 гг.), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979 г., рэж. В. Рубінчык), «Чорны замак Альшанскі» (1983 г., рэж. М. Пташук), «Маці ўрагану» (1991 г., рэж. Ю. Марухін), «Сівая легенда» (1991 г., рэж. Б. Парэмба).
Непаўторная, насычаная сонечнай энергіяй жыцця, рыцарска-рамантычная творчасць У. Караткевіча не аднойчы прываблівала майстроў кіно і тэлебачання, радыё, оперы, балета і інш.
Асноўную частку мастацкай спадчыны пісьменніка складаюць творы на гістарычную тэму, у якіх адлюстравана хроніка падзей на тэрыторыі Беларусі ў розныя эпохі: «Кастусь Каліноўскі» (1963), «Званы Віцебска» (1973), «Маці ўрагану» (1982). У іх аснове – народныя паўстанні супраць сацыяльнага, нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. У цэнтры драматургічных твораў – вобразы кіраўнікоў паўстання, народных змагароў, моцных і валявых людзей, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне свайго народа.
Экранізацыя рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» адбывалася пры складаных акалічнасцях: сам пісьменнік вызначыў яго жанр як «Евангелле ад Іуды», але інстанцыі, што мелі дачыненне да кінавытворчасці, патрабавалі ўдакладненняў. Таму толькі ў 1967 годзе фільм быў выпушчаны пад назвай «Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка» ў скарочаным выглядзе. Па ініцыятыве Саюза кінематаграфістаў БССР у 1989 годзе ён быў адноўлены і рэкамендаваны для паказу ў кінатэатрах і кінаклубах пад назвай «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Акрамя народных трагедый, у пісьменніка ёсць творы, дзе ў цэнтры сюжэта – таямнічая гісторыя даўніны, якую даследуе галоўны герой. Менавіта экранізацыі гэтых твораў сталі самымі папулярнымі ў гледачоў. Гэта аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» і раман «Чорны замак Альшанскі».
Рэжысёр В. Рубінчык паставіў фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» ў жанры фантастычнага рэалізму. Калі адбылася прэм'ера фільма, Уладзімір Сямёнавіч мовіў так: «Гэта не зусім па мне, але ж ад мяне...». У яго дапытваліся «Дык што, вы як аўтар сцэнарыя не прымаеце фільм?» – «Не, я так не кажу... Рэжысёр мае права на сваё бачанне...».
Карціна была ўспрынята без асаблівага энтузіязму. У той жа час фільм атрымліваў ганаровыя дыпломы на розных ўсесаюзных і міжнародных кінафестывалях. Рэжысёр казаў на прэм'еры: «Мы рабілі фільм на падзеях аповесці, але для тых, хто яе не чытаў, у кантэксце з іншымі кінематаграфічнымі творамі».
Узаемаадносіны кінематографа з творчасцю Уладзіміра Караткевіча складаныя, бо немагчыма патрапіць у ягоную «каляіну», цяжка ўзнавіць вельмі своеасаблівы мастацкі свет. Гэта пацвердзіла і практыка стварэння фільмаў. Напэўна, гэта добра ўсведамляў і кінарэжысёр Міхаіл Пташук, калі выбіраў цяжкі для экранізацыі раман У. Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Фільм пад такой назвай з'явіўся на тэлеэкранах у 1983 годзе. I хаця аўтарам сцэнарыя быў сам Уладзімір Сямёнавіч, экранны «Замак» быў аддалены ад літаратурнага.
Фільм выклікаў шырокую дыскусію ў беларускай прэсе. Адзначаліся яго пластычная выразнасць, добрая аператарская работа, акцёрскае выкананне. Але разам з тым карціну называлі «фантазіяй на тэму Уладзіміра Караткевіча», гаварылі пра гістарычныя недакладнасці ў фільме.
У фільмах-экранізацыях па творах У. Караткевіча ўнутраны голас аўтара (голас яго лірычнага героя), як правіла, знікае. Дзеянне вядзецца аб'ектыўна, ад трэцяй асобы. Галоўны герой тут паказаны звонку, як адзін з персанажаў.
Наступны фільм па творах У. С. Караткевіча быў створаны ўжо пасля смерці пісьменніка – гэта п'еса «Маці ўрагану». Яна пісалася для сцэны, з улікам спецыфікі тэатральнага дзеяння, а п'есу экранізаваць нават цяжэй, чым прозу. Але ўсё гэта не спалохала рэжысёра-аператара кінастудыі «Беларусьфільм» Юрыя Марухіна і кінадраматурга Уладзіміра Галаванава, які напісаў сцэнарый паводле п'есы. Фільм быў экранізаваны ў 1990 годзе. Ніякіх істотных перайначанняў зместу п'есы экранізатары не рабілі, хаця ў тытрах пазначылі – «па матывах».
Сярод твораў Уладзіміра Караткевіча ёсць і такія, дзе асабліва адчуваецца жанр легенды. Гэта аповесць «Сівая легенда» і апавяданне-легенда «Ладдзя роспачы».
Паколькі гістарычная памяць Караткевіча вядзе яго ў нетры стагоддзяў, то ён з дакладнасцю аднаўляе жорсткія норавы розных эпох, катаванні, здзекі над героямі. Аўтар нібы атаясамляе сябе з галоўным героем, спачувае яму.
Для экранізацыі аповесці У. Караткевіча «Сівая легенда» (вытворчасць 1991 г.) кінастудыяй быў запрошаны польскі рэжысёр Богдан Парэмба, яму прапанавалі сцэнарый С. Булыгі і У. Мацвеева.
У тэлефільме «Ладдзя роспачы» (1980 г., рэж. Л. Тарасава) аўтары апелі рамантычнае каханне, якое перамагае смерць. Ён сугучны з аповесцю пісьменніка, у яго асаблівая інтанацыя – спалучэнне гарэзлівай жартаўлівасці, іроніі, сарказму і сапраўднага трагізму.
Уладзімір Караткевіч – несумненны класік гісторыка-рамантычнага напрамку ў айчыннай літаратуры. У аснове амаль усіх твораў аўтара – гістарычныя падзеі розных часоў у аздобе рамантычна ўзнёслых легенд.
3 багатай спадчыны таленавітага, з непаўторнай адметнасцю паэта, пісьменніка і драматурга кінематаграфісты пакуль скарысталі няшмат. У кожным з фільмаў падзеі і героі з народнай гісторыі, з мараў і надзей нашых продкаў. Дзякуючы ім змест і жанравая палітра кінематографа ўзбагаціліся.
Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв'ю, эсэ / уклад. Г. В. Шаблінскай. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. – 518 с. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі). У кнізе сабраны матэрыялы, якія ствараюць жывы вобраз выдатнага пісьменніка XX стагоддзя Уладзіміра Караткевіча. Праз успаміны сяброў, сваякоў, літаратараў, гісторыкаў, артыстаў, жывапісцаў, рэжысёраў, кампазітараў паўстае постаць Мастака ва ўсёй яе філасофскай велічыні і чалавечай прыгажосці. |
|
Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы : зборнік эсэ, вершаў, прысвячэнняў / уклад.: А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 364 с. Адметнасць і непаўторнасць гэтай кнігі пра Уладзіміра Караткевіча заключаецца найперш у тым, што яна нечым нагадвае сяброўскую сагу пра вялікага і легендарнага пісьменніка, пра чалавека, чые ўплывы на грамадскую думку, на фарміраванне гістарычнага светапогляду сучасніка працягваюцца і цяпер. |
|
Караткевіч, У. С. Хрыстос прызямліўся ў Гародні : Евангелле ад Іуды / У. С. Караткевіч ; мастак М. Басалыга. – Мінск : Беларусь, 2017. – 438 с. Гістарычна-філасофскі раман У. С. Караткевіча пра жыццё ў сярэдневяковай Беларусі напоўнены драматызмам і адначасова гумарам і аптымізмам. Шкаляр Юрась Братчык і яго сябра паўстаюць перад народам у абліччы Хрыста і апосталаў. Пад правадырствам народнага Хрыста людзі, паверыўшы ў цуд, пачынаюць барацьбу за свабоду любімай Радзімы. |
|
Караткевіч, У. С. Дзікае паляванне караля Стаха : апошняя аповесть «Сямейных паданняў роду Яноўскіх», расказаная Андрэем Беларэцкім / У. С. Караткевіч ; мастак М. Басалыга. – Мінск : Беларусь, 2017. – 174 с. У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці расказваецца пра трагедыю, якая разыгралася ў адным з глухіх куткоў старой Беларусі, пра змовы цемрашалаў, прагных да золата і ўлады, пра смелых людзей, якія сталі на іх шляху, пра вераломства і высакароднасць, пра страшны лёс асуджанага на гібель высакароднага роду Яноўскіх. |
|
Караткевіч, У. С. Чорны замак Альшанскі : раман / У. С. Караткевіч. – Мінск : Попурри, 2018. – 496 с. Раман «Чорны замак Альшанскі» – адзін з найпапулярнейшых твораў Уладзіміра Караткевіча, які напісаны ў жанры гістарычнага дэтэктыва. У рамане пісьменнік раскрывае падзеі, якія адбываюцца ў далёкім мінулым. Гэтыя падзеі гістарычна і сюжэтна звязаны з сучаснасцю. |
|
Караткевіч, У. С. Старыя беларускія хронікі : п'есы / У. С. Караткевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 302 с. У зборнік драматургічных твораў пісьменніка ўвайшлі п'есы: «Маці ўрагану», «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска», «Калыска чатырох чараўніц», «Млын на Сініх Вірах». |
|
Караткевіч, У. С. Сівая легенда. Ладдзя роспачы. Цыганскі кароль / У. С. Караткевіч. – Минск : Попурри, 2016. – 256 с. – (Мая беларуская кніга). Кнігу склалі аповесці «Сівая легенда», «Ладдзя Роспачы», «Цыганскі кароль». Твор «Сівая легенда» – гэта старонкі гісторыі беларускага народа, дзеянні нашых продкаў, іх мужнасць у барацьбе супраць прыгнятальнікаў, іх вера ў святую свабоду, іх высакароднасць і духоўная прыгажосць. |
|
|
Бондарава, Е. Л. Кінематограф і літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў на экране / Е. Л. Бондарава. – Мінск : Універсітэцкае, 1993. – 175 с. У кнізе даследуюцца прынцыпы і формы трансфармацыі літаратурных вобразаў у кінематаграфічныя. Аўтар засяроджвае ўвагу на экранізацыях твораў Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, І. Мележа, В. Быкава, У. Караткевіча і іншых вядомых беларускіх пісьменнікаў. |
Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. / навук. рэд. В. Ф. Нячай ; рэц. Р. Б. Смольскі, В. П. Пракапцова. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 3 : Тэлевізійнае кіно : 1956–2002 гг. – 374 с. Кніга з'яўляецца трэцяй часткай чатырохтомнай працы і прысвечана беларускаму мастацкаму і дакументальнаму тэлевізійнаму кіно, творчасці яго вядучых майстроў. Значная ўвага надана разгляду тэлекіно ў кантэксце мастацкай культуры і літаратуры Беларусі. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Арлоў, У. «Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая...» / У. Арлоў // Культура. – 2009. – 12–18 снеж. – С. 15.
2. Арлоў, У. «Фанфан-цюльпан» Уладзіміра Караткевіча : відэаўвасабленне праз дзесяцігоддзі / У. Арлоў // Культура. – 2009. – 5–9 снеж. – С. 13.
3. Верабей, А. Л. Абуджаная памяць : нарыс жыцця i творчасцi Уладзiмiра Караткевiча / А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1997. – 256 с.
4. Верабей, А. Л. Жывая повязь часоў : нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча / А. Л. Верабей. – Мінск : Навука і тэхніка, 1985. – 119 с.
5. Верабей, А. Л. Уладзімір Караткевіч : жыццё i творчасць / А. Л. Верабей. – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 271 с.
6. Дзяхцяр, М. Быў. Ёсць. Будзе : Караткевіч у кіно / М. Дзяхцяр // Звязда. – 2015. – 26 лістап. – С. 5.
7. Как снимали «Дикую охоту короля Стаха» // На экранах. – 2018. – № 3. – С. 4–8.
8. Мальдзіс А. І. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча : партрэт пісьменніка і чалавека / А. І. Мальдзіс. – Минск : Мастацкая літаратура, 1990. – 230 с. + 9 л. іл.
9. Русецкі, А. У. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць / А. У. Русецкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. – 300 с.
10. Тайнапіс стваральнікаў : Алфёрава ды Абдулаў маглі сыграць у «Дзікім паляванні караля Стаха»? // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 11 мая. – С. 14.
11. Ускова, Т. «Спее» чарговая экранізацыя Караткевіча : «Каласы пад сярпом тваім» здымуць па-беларуску / Т. Ускова // Белорусская нива. – 2010. – 27 нояб. – С. 11.
12. Цвяткоў, Ю. Чырвоны агат вандровак : кіно Уладзіміра Караткевіча. Частка ІІ / Ю. Цвяткоў // Культура. – 2008. – 26 крас.–2 мая. – С. 23.