Жыві, беларуская кніга!
- Подробности
- Создано 20.10.2017 08:30
Жыві, беларуская кніга!
Выдавецкая дзейнасць у Беларусі на сучасным этапе
З 1990 г. у Беларусі пачала складвацца новая выдавецкая сістэма, галоўнай асаблівасцю якой была наяўнасць у яе структуры недзяржаўнага кнігавыдавецтва. Кніжную прадукцыю сталі выпускаць выдавецкія арганізацыі разнастайных формаў уласнасці, індывідуальныя прадпрымальнікі, навучальныя ўстановы, рэдакцыі газет, тыпаграфіі, рэлігійныя арганізацыі і інш. Гэта паспрыяла абнаўленню і ажыццяўленню кніжнай справы Беларусі.
Аднымі з першых прыватных выдавецтваў сталі мінскія кампаніі «Эрыдан», «Акварыус», «Поліфакт», «Беларуская асацыяцыя дэтэктыктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана».
На вядучых пазіцыях у сектары дзяржаўнага кнігавыдання былі такія выдавецтвы, як «Народная асвета», «Мастацкая літаратура», «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа», кожнае з якіх мела сваю спецыялізацыю і забяспечвала выпуск асноўнай беларускай вучэбнай, навуковай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Але 90-я гады для дзяржаўных выдаведстваў можна назваць складаным перыядам. Штогод адзначаўся спад практычна ўсіх асноўных паказчыкаў. Агульная колькасць супрацоўнікаў скарачалася.
У другой палове 90-х гг. не пазбегла крызіснай сітуацыі і рэзкага спаду па ўсіх паказчыках і недзяржаўнае кнігадрукаванне.
З 2001 г. кіраўніцтва выдавецкай справай стала ажыццяўляць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Своеасаблівай рысай развіцця кнігавыдання ў Беларусі з'явіўся актыўны ўплыў на гэты працэс дзяржавы, што выражалася ў дзяржаўным рэгуляванні рынку кніжнай прадукцыі, а таксама ў выпуску сацыяльна значнай літаратуры. Але гэты фактар станоўча не паўплываў на дзейнасць дзяржаўных выдавецтваў: працягваўся працэс паніжэння іх долі ў выпуску кніжнай прадукцыі краіны. Недзяржаўныя ж прадпрыемствы, нягледзячы на памяншэнне ў сваіх шэрагах колькасці ліцэнзаваных прадпрыемстваў, працягвалі заваёўваць кніжны рынак Беларусі.
У 2002 г. шляхам аб'яднання рэарганізаваны выдавецтвы «Беларусь», «Ураджай» і «Полымя» (цяпер «Беларусь»); «Вышэйшая школа» і «Універсітэцкае» (цяпер «Вышэйшая школа»); «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (цяпер «Мастацкая літаратура»). Гэта паўплывала на падзенне паказчыкаў у сектары дзяржаўнага кнігавыдання.
У 2000-я гг. прыярытэтнымі пры выпуску сацыяльна значнай літаратуры сталі выданні, прысвечаныя 60-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прадстаўленчая прадукцыя пра Беларусь на беларускай і замежнай мовах, кнігі краязнаўчай тэматыкі, справачныя і энцыклапедычныя выданні, творы класікаў нацыянальнай літаратуры. Быў завершаны шматтомны ўнікальны выдавецкі праект па выпуску гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць». Пабачылі свет шасцітомная энцыклапедыя «Рэспубліка Беларусь», былі выдадзены энцыклапедыі «Вялікае княства Літоўскае», «Беларускі фальклор» і інш.
Адбыліся рэальныя змены ў структуры тэматыкі і мэтавым прызначэнні выданняў. Знакавай падзеяй у кнігавыданні стала завяршэнне ў 2004 г. праекта па выпуску ўніверсальнай 18-томнай «Беларускай энцыклапедыі». Выйшлі выданні, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс: 6-томная «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (1993–2003), 2-томная энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь» (2002–2003), «Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь», «Архітэктура Беларусі» ў 4-х тамах, «Жывапіс барока Беларусі» (2003), «Пан Тадэуш» (1998) і «Дзяды» (2001) Адама Міцкевіча, «Новая зямля» Якуба Коласа (2002) і інш.
У апошнія дзесяцігоддзі функцыянаванне і развіццё выдавецкай дзейнасці ў Беларусі атрымлівае сучаснае навуковае забеспячэнне. Навуковыя даследванні ў гэтай вобласці вядуцца па разнастайных напрамках Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і іншымі арганізацыямі. Выдаюцца бібліяграфічны ўказальнік «Кнігі Беларусі» (з 1984 г.), бюлетэнь «Новыя кнігі». Ствараецца Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў. Агульнае кіраўніцтва выдавецкай дзейнасцю ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Цэнтрам дзяржаўнага статыстычнага ўліку друкаванай прадукцыі з'яўляецца Нацыянальная кніжная палата. Асноўнымі вытворцамі кніжнай прадукцыі ў Беларусі можна лічыць УП «Выдавецтва "Беларускі Дом друку"», УП «Мінская фабрыка каляровага друку», ААТ «Паліграфічны камбінат імя Я. Коласа», УП «Тыпаграфія "Перамога"», ААТ «Палесдрук», РУПП «Баранавіцкая ўзбуйненая тыпаграфія» і інш.
Асноўнымі задачамі ў кнігавыдавецкай дзейнасці на сучасным этапе з'яўляюцца якасны выпуск запатрабаванай сацыяльна значнай літаратуры, якая адпавядае сучасным патрабаванням мастацкай і паліграфічнай культуры, прапаганда і папулярызацыя беларускіх выданняў, міжнароднае супрацоўніцтва. Значнае развіццё ў сучасным кнігавыданні Беларусі атрымліваюць інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць забяспечваць узаемадзеянне ўсіх суб'ектаў кніжнага рынку – выдавецтваў, кнігарняў, бібліятэк – ад выкарыстання навейшай камп'ютарнай тэхнікі да стварэння электронных кніг і іх распаўсюджання праз сайты і інтэрнэт-магазіны, якімі валодаюць выдавецтвы «Аверсэв», «Амалфея», «Попурри», «Тэтрасістэмс», «Тэхналогія», «Харвест», «Юніпрэс», «Беларуская энцыклапедыя», «Вышэйшая школа», «Народная асвета» і інш. Разам з фарміраваннем новай выдавецкай сістэмы вызначыўся і характэрны кірунак, які адпавядае сусветным кнігавыдавецкім тэндэнцыям, – на змену колькаснай мадэлі прыходзіць якасная, пры якой развіццё кнігавыдання ажыццяўляецца пераважна за кошт пашырэння рэпертуару, а не тыражу.
Выдавецкая дзейнасць у рэспубліцы рэгламентуецца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», «Аб рэкламе», Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб ліцэнзаванні асобных відаў выдавецкай дзейнасці» і іншымі нарматыўнымі актамі.
Баразна, М. Р. Беларуская кніжная графіка 1960–1990-х гадоў / М. Р. Баразна ; маст. М. Р. Баразна. – Мінск : БелЭН, 2001. – 208 с. : іл. Кніга М. Р. Баразны ўяўляе сабой комплекснае даследаванне, прысвечанае школе сучаснай беларускай графікі ў галіне мастацкай літаратуры. Аб'ектам мастацтвазнаўчага аналізу стала кніга як мастацкі твор. На багатым ілюстрацыйным матэрыяле асвятляюцца ўмовы станаўлення і развіцця своеасаблівых тэндэнцый беларускага кніжнага мастацтва, даследуецца разнастайнасць мастацкіх дасягненняў кніжнай графікі 1960–1990-х гадоў. |
|
Доўнар, Л. І. Гісторыя беларускай кнігі : вучэбны дапаможнік / Л. І. Доўнар. – Мінск : БДУКМ, 2012. – 252 с. Матэрыял дапаможніка выкладзены ў храналагічным парадку: ад узнікнення пісьменства і з'яўлення першых рукапісных кніг, якія дайшлі да нашага часу, і да сучаснага стану развіцця беларускай кнігі. |
|
Издательская деятельность : практическое пособие / сост. Национальная книжная палата Беларуси ; ред. Е. В. Иванова. – 2-е изд., пересмотр. и доп. – Минск : Национальная книжная палата Беларуси, 2003. – 134 с. В пособии освещены специальные вопросы издательского дела: стандартизация, внутриредакционные процессы, а также собраны нормативно-правовые материалы, в соответствии с которыми осуществляется издательская деятельность в Беларуси. |
|
Імя Петруся Броўкі Беларуская Энцыклапедыя / уклад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2005. – 264 с: іл. У кнізе расказваецца пра гісторыю стварэння выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» і ролю П. У. Броўкі ў станаўленні нацыянальнай энцыклапедычнай справы. |
|
Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – 544 с. : іл. У энцыклапедыю ўвайшло больш за 18000 артыкулаў па самых розных галінах ведаў. Адлюстраваны пытанні культуры, культуралогіі, этналогіі, археалогіі, антрапалогіі, архітэктуры, мастацтвазнаўства. Таксама паказаны праблемы развіцця літаратуры, мовазнаўства, кнігадрукавання і інш. |
|
Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 3–4 кастр. 1996 г.) / Беларус. ун-т культуры. – Мінск : Тэхналогія, 1997. – С. 7–9. У зборнік увайшлі матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай пытанням недзяржаўнай выдавецкай дзейнасці ў Беларусі, яе гісторыі і сучаснаму стану. |
|
ЛІТАРАТУРА
1. Ананіч, Л. Сучасны стан беларускага кнігавыдання / Л. Ананіч // 480 год беларускага кнігавыдання : матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў / гал. рэд. А. Мальдзіс [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 257. – (Беларусіка=Albaruthenika; кн. 9).
2. Анцух, С. Негосударственные издательства как полноправный участник книгоиздательского процесса в Белоруссии / С. Анцух // Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 3–4 кастр. 1996 г.) / Беларус. ун-т культуры. – Мінск : Тэхналогія, 1997. – С. 7–9.
3. Галенчанка, Г. Кнігадрукаванне / Г. Галенчанка // Гісторыя Беларусі : энцыклапедыя у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 209–212.
4. Доўнар, Л. І. Гісторыя беларускай кнігі / Л. І. Доўнар. – Мінск: БДУКМ, 2012.
5. Довнар, Л. И. Издательское дело / Л. И. Довнар // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель – С. 719–723.
6. Издательская деятельность : практическое пособие / сост.: Национальная книжная палата Беларуси ; ред. Е. В. Иванова. – 2-е изд., пересмотр. и доп. – Минск : Национальная книжная палата Беларуси, 2003. – 134 с.
7. Карлюкевіч, А. М. Выдавецкая справа / А. М. Карлюкевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 410–411.
8. Потупа, А. С. Книгоиздание в Беларуси: мрачные тенденции и светлые перспективы / А. С. Потупа // Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 3–4 кастр. 1996 г.) / Беларус. ун-т культуры. – Мінск : Тэхналогія, 1997. – С. 5–7.