- Подробности
- Создано 10.09.2012 08:58
17 верасня гэтага года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Ленінскай прэміі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядомага грамадскага дзеяча Яўгена Іванавіча Скурко, знаёмага нам пад псеўданімам Максіма Танка.
Максім Танк (сапр. Яўген Іванавіч Скурко) (1912–1995) – народны паэт Беларусі, лаўрэат Ленінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядомы грамадскі дзеяч, Ганаровы грамадзянін горада Мінска – пакінуў багатую літаратурную спадчыну.
Нарадзіўся будучы паэт 4 (17) верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерніі (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці) ў сям'і сялян-сераднякоў. Скончыў пачатковую польскую школу, вучыўся ў Вілейскай рускай і Радашковіцкай беларускай гімназіях. Уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю і пачаў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. За ўдзел у забастоўцы быў выключаны з гімназіі. Нейкі час вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, з якой быў таксама выключаны за вальнадумства. З 1930 па 1932 год наведваў Віленскую рускую гімназію імя А. С. Пушкіна. Свае першыя вершы Я. Скурко змясціў у рукапісным часопісе "Пралом" пад псеўданімам А. Граніт у 1931 г. Ён быў актыўным супрацоўнікам нелегальнага друку, вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднойчы быў арыштаваны і прыгавораны да розных тэрмінаў турэмнага зняволення.
Літаратурным псеўданімам Максім Танк упершыню быў падпісаны верш "Заштрайкавалі гіганты-коміны" ў газеце "Беларускае жыццё", выдадзенай заходнебеларускімі камуністамі 7 красавіка 1932 г. у Львове. У 1936 г. выходзіць першы зборнік паэта "На этапах", у 1937 г. – паэмы "Журавінавы цвет" і "Нарач". Кнігі "На этапах" і "Нарач" не дайшлі да чытача, бо былі канфіскаваны польскімі ўладамі. Лірычны герой твораў маладога паэта – сапраўдны патрыёт, актыўны змагар, рамантык. Максім Танк вітаў уз'яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. У 1939 г. ён працуе у абласной газеце "Віленская праўда". У 1940 г. паэт становіцца членам Саюза пісьменнікаў БССР, а ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выходзяць "Выбраныя творы" М. Танка, у Маскве – "Стихотворения".
З 1941 па 1945 год Максім Танк працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь", агітплакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну", многа пісаў. Патрыятычныя творы ваенных гадоў склалі кнігі "Вастрыце зброю" і "Праз вогненны небасхіл" (1945). Лепшыя пасляваенныя кнігі паэта "Каб ведалі" (1948), "На камні, жалезе і золаце" (1951), "У дарозе" (1954), "След бліскавіцы" (1957) перадаюць гордасць народа-пераможцы, радасць мірнай працы, сум па цяжкіх стратах.
У 1945–1948 гадах М. Танк з'яўляўся літаратурным рэдактарам часопіса "Вожык"; з 1948 па 1966 год займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса "Полымя". З 1966 года ён быў першым сакратаром, а з 1971 па 1990 – старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Паэт увесь час займаўся грамадскай, грамадска-палітычнай дзейнасцю. З 1969 па 1989 год Максім Танк – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, з 1947 па 1971 год – Вярхоўнага Савета БССР, старшыня Вярхоўнага Савета БССР VI – VII скліканняў.
Максім Танк – сапраўдны народны паэт, годны вучань і прадаўжальнік дум і дзей Янкі Купалы і Якуба Коласа, у тым ліку і па нацыянальным самасцвярджэнні беларусаў у сучасным свеце. Ён валодаў надзвычай яркім, самабытным, непаўторным дарам. Творчасць М. Танка шчыра і пранікнёна паэтызавала родную зямлю, цяжкую, але пачэсную працу хлебароба, раскрывала духоўны свет беларуса, сцвярджала высокія маральныя нормы жыцця. Пра гэта добра сведчаць такія яго зборнікі, як "Перапіска з зямлёй" (1967), "Хай будзе святло" (1972), "Дарога, закалыханая жытам" (1976), "Прайсці праз вернасць" (1979), "Калыска долі" (1982), "Збор калосся" (1987). Апошняя прыжыццёвая кніга паэзіі "Мой каўчэг" (1994) – плённы вынік чатырох гадоў работы паэта.
Творчасць выдатнага беларускага паэта была адзначана многімі прэміямі. У 1948 г. за паэтычны зборнік "Каб ведалі" М. Танк атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР, у 1959 г. – Літаратурную прэмію імя Янкі Купалы за кнігу "След бліскавіцы", у 1966 г. – Дзяржаўную прэмію БССР за зборнік "Мой хлеб надзённы", у 1978 г. – Ленінскую прэмію за зборнік "Нарочанские сосны", у 1980 г. – прэмію імя А. Фадзеева за кнігу "Прайсці праз вернасць".
Паэт меў шэраг дзяржаўных узнагарод, сярод якіх чатыры ордэны Леніна, ордэны Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, медаль Францыска Скарыны, іншыя ордэны і медамі.
Максім Танк пайшоў з жыцця 7 жніўня 1995 года.
1. Арочка, М. М. Максім Танк : жыццё ў паэзіі / М. М. Арочка. — Мн. : Навука і тэхніка, 1984. — 272 с. 2. Бугаёў, Д. Паэзія Максіма Танка / Д. Бугаёў. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мн. : Бел. навука, 2003. — 311 с. 3. Верабей, А. Л. Максім Танк і польская літаратура / А. Л. Верабей. — Мн. : Навука і тэхніка, 1984. — 120 с. 4. Жук, А. "Можа, мы апошнія паэты..." : [літаратурная крытыка] / А. Жук // Полымя. — 2009. — № 11. — С. 187—189. 5. Калеснік, У. Максім Танк : нарыс жыцця і творчасці / У. Калеснік. — Мн. : Маст. літ., 1981. — 189 с. : іл. 6. Кузюковіч, П. Добры чалавек / П. Кузюковіч // Літаратура і мастацтва. — 2010. — 24 верас. — С. 14. 7. Максім Танк = Максим Танк / аўт. тэксту В. П. Рагойша. — Мн. : Беларусь, 1985. — 87 с. 8. Максім Танк (1912—1995) / падрыхт. В. Скалабан, М. Шамякіна // Полымя. — 2007. — № 9. — С. 99—103. 9. Мікуліч, М. У. Максім Танк і сучасная беларуская лірыка / М. У. Мікуліч. — Мн. : Навука і тэхніка, 1994. — 191 с. 10. Мікуліч, М. У. Максім Танк : на скразняках стагоддзя / М. У. Мікуліч. — Мн. : Маст. літ., 1999. — 254 с. : іл. 11. Міцкевіч, У. А. Максім Танк у школе : дапаможнік для настаўніка / У. А. Міцкевіч. — 2-е выд., перапрац. і дап. — Мн. : Нар. асвета, 1976. — 160 с. : іл. 12. Рагойша, В. П. Паэтыка Максіма Танка / В. П. Рагойша ; пад рэд. М. Р. Ларчанкі. — Мн. : БДУ імя У. І. Леніна, 1968. — 228 с. 13. Танк, М. Мне пару крыл дало юнацтва... : выбраная лірыка / М. Танк. — Мн. : Маст. літ., 2003. — 479 с. 14. Танк, М. Прайсці праз вернасць : вершы і паэма / М. Танк. – Мн. : Маст. літ., 1978. – 160 с. 15. Танк, М. След бліскавіцы / М. Танк. – Мн. : Дзярж. выд-ва БССР, 1957. – 160 с. Бугаёў, Д. Паэзія Максіма Танка / Д. Бугаёў. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мн. : Беларуская навука, 2003. — 311 с. Кніга прысвечана творчасці Максіма Танка. Яго багатая і разнастайная паэзія – адметная з'ява ў нашай літаратуры. Гэта кніга ахоплівае і глыбока аналізуе практычна ўсю літаратурную спадчыну паэта. Прызначана для ўсіх, каго цікавіць творчасць Максіма Танка. Мікуліч, М. Максім Танк : на скразняках стагоддзя / М. Мікуліч. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1999. — 254 с. : іл. У кнізе робіцца спроба асэнсаваць феномен Максіма Танка – паэта і чалавека, асобы першай велічыні ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Прыводзячы свае гутаркі з М. Танкам у апошнія гады яго жыцця, выкарыстоўваючы старонкі эпісталярнай спадчыны народнага паэта, шматлікія архіўныя матэрыялы і іншае, аўтар раскрывае філасофска-патрыятычныя асновы яго жыцця і творчасці, веру ў духоўна-маральныя каштоўнасці чалавека. Танк, М. Мне пару крыл дало юнацтва... : выбраная лірыка / М. Танк. — Мн. : Мастацкая літаратура, 2003. — 479 с. У кнігу народнага паэта Беларусі Максіма Танка ўвайшлі ўзоры яго інтымнай, грамадзянскай, пейзажнай і філасофскай лірыкі, а таксама асобныя сатырычныя вершы. Творы згрупаваны ў асобныя раздзелы паводле іх жанравай прыналежнасці, што, апрача ўсяго, дазваляе не толькі лепш задаволіць разнастайны густ чытача, але і зручней карыстацца кнігай пры вывучэнні "праграмных" твораў паэта ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. Танк, М. Прайсці праз вернасць : вершы і паэма / М. Танк. – Мн. : Маст. літ., 1978. – 160 с. У назве кнігі – асноўны яе пафас. Для паэта гэта азначае – застацца верным грамадзянскай і гуманістычнай службе свайго слова. У кнізе змешчаны выдатныя вершы, прывезеныя як бы з розных дарог усечалавечай культуры, вершы, якія красамоўна сведчаць пра высокі інтэлектуальны ўзровень паэта. У кнігу ўключана паэма "Мікалай Дворнікаў", прысвечаная аднаму з найбольш выдатных дзеячаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, блізкаму таварышу М. Танка па падполлі. Паэма ўяўляе сабой біяграфічны твор эпічна-апавядальнага складу з элементамі драматызацыі. Танк, М. След бліскавіцы / М. Танк. – Мн. : Дзярж. выд-ва БССР, 1957. – 160 с. Духоўны свет чалавека, багацце і прыгажосць пачуццяў, грамадзянскія матывы складаюць змест зборніка. Аўтара хвалюе тэма вайны і міру, у полі зроку пісьменніка – паэт і паэзія. Эмацыянальнасцю і вобразнасцю адзначаюцца вершы пра каханне, праўдзівасцю адлюстравання інтымных перажыванняў. Раздзел "З далёкіх дарог" прысвечаны надзённым пытанням міжнароднага жыцця, лёсу чалавецтва і яго прагрэсіўнай культуры. Танк, М. Збор твораў : у 13 т. / М. Танк ; НАН Беларусі, Ін–т літаратуры імя Я. Купалы. – Мн. : Бел. навука, 2006–2012. Збор твораў народнага паэта Беларусі падрыхтаваны ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі ў адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якое вызначае паважлівае стаўленне да творчай спадчыны выдатнага сына беларускага народа, паэта еўрапейскага ўзроўню і маштабу. У аснову гэтага выдання быў пакладзены шасцітомны Збор твораў М. Танка – апошняе прыжыццёвае выданне творчага набытку паэта, а таксама ўсе прыжыццёвыя зборнікі, якія выйшлі пасля 1980 г. У 13 тамах ахоплены ўсе вядомыя (апублікаваныя і выяўленыя ў архівах і прыватных зборах) вершы, паэмы, літаратурна-крытычныя артыкулы, нарысы, пераклады, лісты. Максім Танк ў Вікіпедыі Максім Танк на Паэтычнай старонцы Максіма Танка Творы Максіма Танка на Беларускай палічке Максім Танк на Нацыянальным паэтычным партале Вешы.ru Вершы Максіма Танка ў Бібліятэцы беларускай літаратуры Вершы Максіма Танка на сайце беларускай лірычнай паэзіі Вершы Максіма Танка на сайце Родныя вобразы
ЛІТАРАТУРА
КНІГІ
М. ТАНК. ЗБОР ТВОРАЎ
СПАСЫЛКІ